У ліку лепшых

Личности

Тэрэса Хмылко прыйшла працаваць у Лынтупскі Дом быту 30 гадоў назад — у ліпені 1986 года. Вялікі вопыт, а таксама ўласцівыя ёй адказнасць, стараннасць, прафесіяналізм даюць свой плён.  Па выніках работы за 2015 год комплексны прыёмны пункт “Лынтупы” прызнаны пераможцам раённага спаборніцтва.

— Спачатку на КПП у гарадскім пасёлку былі два работнікі. Аднак у сувязі з аптымізацыяй кадраў засталася адна Тэрэса Мечыславаўна, — расказвала дырэктар раённага камбіната бытавога абслугоўвання Ларыса Віктараўна Федарэнка. — Яна спецыяліст дзейсны, зацікаўлены, любіць сваю работу, таму і дабіваецца высокіх вынікаў. А яны сапраўды вартыя ўвагі. Асноўны паказчык — рост колькасці аказаных насельніцтву бытавых паслуг — у 2015 годзе ў параўнанні з 2014-ым выкананы на 128 працэнтаў. Зароблена 122,6 мільёна рублёў. І гэта пры тым, што ў сельскай мясцовасці, і асабліва ў Лынтупах, эканамічная сітацыя няпростая.

Як прыёмшчыцы ўдаецца спраўляцца з пастаўленымі кіраўніцтвам задачамі? Пра гэта распытала яе на рабочым месцы. Размову пачалі з экскурсу ў мінулае. Тэрэса Мечыславаўна скончыла мінскае прафтэхвучылішча №12, дзе асвоіла прафесію жаночага і мужчынскага цырульніка, а таксама атрымала дадатковую кваліфікацыю прыёмшчыцы заказаў. Два дзесяцігоддзі  працавала па асноўным профілі — стрыгла, рабіла прычоскі. Гадоў дзесяць назад дабавіліся новыя абавязкі прыём­шчыцы. У работу, у тым ліку і з дакументацыяй, унікла хутка. Цяпер у  гэтай справе адчувае сябе як рыба ў вадзе.

У зону абслугоўвання комплекснага прыёмнага пункта “Лынтупы” ўваходзяць гарадскі пасёлак і бліжэйшыя населеныя пункты з агульнай колькасцю жыхароў амаль дзве з паловай тысячы чалавек. Сярод паслуг, якія прапануюцца ім у Доме быту, — цырульныя, рытуальныя, хімчыстка адзення, падушак, дываноў, рамонт абутку і адзення. Можна здаць рэчы і ў пральню. У продажы — камплекты пасцельнай бялізны, мужчынскія і жаночыя сарочкі, рабочае адзенне, падушкі, коўдры і інш. Цэны з-за адсутнасці гандлёвай надбаўкі даступныя. Тым не менш за пакупніка трэба пазмагацца: канкурэнцыю складаюць і дзяржаўны гандаль, і індывідуальныя прадпрымальнікі.

Якія паслугі найбольш запатрабаваны?

— Усе, — адказала Тэрэса Мечыславаўна Хмылко. — Праўда, існуе фактар сезоннасці. Напрыклад, адзенне часцей рамантуюць зімой, а цяпер, вясной, мне больш работы як цырульніку. Для многіх мясцовых жыхароў Дом быту — сапраўдная палачка-выручалачка. Не ў кожнага ёсць магчымасць даехаць да Пастаў ці ў яшчэ большы горад, каб, скажам, аддаць паліто ў хімчыстку. Цэны, лічу, даступныя, асабліва калі іх параўноўваць з тымі, якія бачым на прадукты ў магазінах. Кліентаў задавальняюць і тэрміны: у пятніцу здалі абутак, адзенне — і ўжо праз тыдзень абноўленыя рэчы атрымалі назад. Для мяне таксама важна падтрымка кіраўніцтва райбыткамбіната, сваіх калег. Вельмі ўдзячна начальніку швейнай вытворчасці Кацярыне Анатольеўне Казловай, з якой цесна супрацоўнічаем, вырашаем усе пытанні.

Работа Т. Хмылко ёй да душы. Нягледзячы на існуючыя нюансы.

— Абсалютна ўсім дагадзіць няпроста, — працягвала размову Тэрэса Мечыславаўна. — Трэба быць не толькі добрым спецыялістам, але і псіхолагам, умець кантактаваць з людзьмі. Пастаянныя зносіны з імі часам стамляюць. Аднак заўсёды стараюся працаваць з максімальнай аддачай. Па-іншаму проста не ўмею.

Іна СНЯЖКОВА.

Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.