У ліку прызёраў

Спорт

На працягу трох дзён, з 19 па 21 лютага, у Смаргоні праходзіў рэспубліканскі турнір па міні-футболе сярод дзяцей 2004-2005 гадоў нараджэння. Удзел у спаборніцтвах прынялі выхаванцы дзіцяча-юнацкіх спартыўных школ Полацка, Маладзечна і Смаргоні, футбольны клуб «Белкард» (Гродна) і пастаўская каманда (трэнер — Аляксандр Аляксандравіч Тарасевіч).

Нашы футбалісты з лікам 3:5 саступілі толькі полацкай камандзе, астатнія сустрэчы былі для іх больш удалымі: смаргонцы і маладзечанцы абыграны з лікам 8:1, футбольны клуб «Белкард» — 6:1. У выніку пастаўчане занялі другое месца, а ў якасці трафея атрымалі Кубак, дыплом і медалі.

Кожны турнір — гэта вопыт не толькі для футбалістаў, якія атрымліваюць гульнявую практыку, але і магчымасць для трэнера ўбачыць, як яго выхаванцы выглядаюць на фоне іншых каманд, вызначыць моцныя і слабыя бакі. Вось і гэтыя спаборніцтвы выявілі брэш у тэхнічнай падрыхтоўцы — пастаўскія футбалісты недастаткова добра валодаюць тэхнікай прыёму і перадачы мяча, асабліва ярка гэта выявілася ў гульні з моцным сапернікам. Праца над ліквідацыяй недахопаў пачалася — хлопчыкі развучваюць спецыяльныя практыкаванні, якія дапамогуць палепшыць тэхнічныя навыкі.

— Для таго каб у футбалістаў была гульнявая практыка, стараемся кожны месяц прымаць удзел у розных турнірах як дома, так і на выез­дзе, — расказваў А. А. Тарасевіч. — А паколькі ў нас няма ніякай матэрыяльнай падтрымкі з боку і ўсе такія сустрэчы толькі дадатковая нагрузка для бацькоўскіх кашалькоў, я шчыра ўдзячны ім усім без выключэння за разуменне і клопат пра спартыўнае развіццё сваіх дзяцей. Асаблівую падзяку хачу выказаць Алегу Алегавічу Мацуру, Алегу Антонавічу Кабяку і Яўгену Сяргеевічу Герасімаву, якія ніколі не лічацца з аса­бістым часам, дапамагаюць з транспартам.

Зараз юныя футбалісты рыхтуюцца да наступнага турніру, які плануюць правесці ў красавіку на полі са штучным пакрыццём Пастаўскага мэблевага цэнтра.

Тэкст і фота Веранікі ФІЛАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.