“У нас працуюць патрыёты”


За некалькі дзён да прафесійнага свята ў камунальнае ўнітарнае прадпрыемства “Пастаўскі раённы камбінат бытавога абслугоўвання насельніцтва” прыйшла прыемная навіна з абласнога ўпраўлення бытавога абслугоўвання: па выніках мінулага года калектыву прысуджана першае месца сярод аналагічных прадпрыемстваў раённага звяна. З гэтага факта і пачалася наша размова з дырэктарам РКБА Л. В. Федарэнка.

— Ларыса Віктараўна, калі ласка, пацвердзіце першынство лічбамі.

— Найперш скажу пра тое, што па вы­ніках 2012 года пастаўчане выйшлі на трэцяе месца ў вобласці, у наступныя гады не “засвяціліся”, і вось — дасягненне. А лічбы такія: за 2015 год намі аказана бытавых паслуг на 2 млрд 714 млн рублёў, у тым ліку ў сельскай мясцовасці — на 1 млрд 60 млн рублёў. Тэмпы росту да 2014 года склалі адпаведна 109,1 і 105,1 працэнта. Па аб’ёме реалізацыі бытавых паслуг на аднаго жыхара сельскай мясцовасці мы таксама на першым месцы ў вобласці.

— А якія паслугі аказваеце ў сельскай мясцовасці?

— Практычна тыя ж, што і ў горадзе. Мы захавалі ўсе 11 комплексных прыёмных пунктаў. Прыёмшчыкі заказаў два разы ў месяц па графіку аб’язджаюць іх на машыне РКБА, прымаюць заказы або дастаўляюць выкананыя. Можна здаць у рамонт адзенне, абутак, бялізну ў пральню, атрымаць рытуальныя паслугі, на месцы зрабіць прычоску або падстрыгчыся.

Спецыялісты, якія працуюць на комплексных прыёмных пунктах, добра ведаюць патрэбы мясцовых людзей і стараюцца іх задаволіць. Клапоцімся мы і пра тое, каб нашы паслугі былі якасныя.

— Тым не менш асноўную выручку дае горад?

— Гэта сапраўды так, бо ў сельскай мясцовасці і насельніцтва намнога менш, і матэрыяльны дастатак людзей ніжэйшы. Але і канкурэнцыя для бытавікоў у гора­дзе высокая. Напрыклад, цырульняў у Паставах ужо столькі, што і злічыць цяжка, напэўна, каля паўтара дзясятка. Тым не менш наша з года ў год паспяхова спраўляецца са сваімі планамі. За 2015-ы яна выканала яго на 116%, а пральня — ажно на 140% і заняла першае месца сярод вытворчых падраздзяленняў камбіната.

— Як такое стала магчымым?

— Актывізуем работу з патэнцыяльнымі кліентамі, знаходзім іх па-за межамі раёна. 90% выручкі па аказанні паслуг пральні даюць бюджэтныя арганізацыі, і толькі 10% — насельніцтва. Зараз пральняй карыстаюцца не толькі пастаўская бальніца, шпіталь, вайсковыя часці, але і санаторый “Беларусь”.

Вельмі дапамагае ў рабоце тое, што мы заўсёды адчуваем падтрымку кіраўніцтва раёна. Ідуць насустрач прадпрыемствы і арганізацыі. Удзячна за разуменне кіраўнікам лясгаса, малочнага завода, ПМЦ, рыбгаса “Навінкі”, АБП “Рассвет Пастаўскі”, ААТ “Навасёлкі-Лучай”.

— Якую лічбу ні вазьмі, за кожнай — людзі…

— Штатная колькасць прадпрыемства на цяперашні час 56 чалавек. У нас працуюць сапраўдныя патрыёты. Кажу гэта не з пафасам, а канстатую факт. Кожны чалавек шукае такую работу, дзе можна было б нядрэнна зарабіць. У нас зарплаты, на жаль, нізкія. Тым не менш адданыя сваёй справе бытавікі не пакідаюць камбінат. Вялікі працэнт ад агульнай колькасці калектыву складаюць людзі, якія тут працуюць па 25-30 гадоў. Асабліва шмат ветэранаў у абутковай майстэрні, пральні, цырульні, швейным цэху. Але гэта не азначае, што мы не абнаўляем рады бытавікоў. Напрыклад, другі год працуе прыёмшчыцай пральні Галіна Чыгір, усяго трэці месяц кіруе абутковай майстэрняй “Боцік” Надзея Каіка. Пасля заканчэння каледжаў прыйшлі маладыя спецыялісты Валянціна Міхалевіч (прыём­шчыца заказаў Курапольскага КПП), Раіса Райчонак (цырульнік Варапаеўскага Дома быту), Алеся Кісялёва (швачка Дунілавіцкага КПП).

— Ларыса Віктараўна, хацелася б, каб напярэдадні свята вы назвалі найлепшых.

— Баюся некага пакрыўдзіць, бо стараюцца ўсе. Людзі — гэта самае каштоўнае, што мы маем. Калі ж пераходзіць на персаналіі, то вельмі ўдзячна галоўнаму інжынеру Сяргею Аляксеевічу Шаўкаплясу. Ён і са сваімі асноўнымі абавязкамі спраўляецца выдатна, і за тэхніку бяспекі адказвае, і, увогуле, мая правая рука ва ўсіх вытворчых пытаннях. Не так даўно пасаду галоўнага бухгалтара заняла Святлана Падрэз, але паспела зарэкамендаваць сябе граматным спецыялістам. А як не назваць начальніка  швейнай вытворчасці  Кацярыну Анатольеўну Казлову?! Як яна хварэе за справу, колькі талковых ідэй уносіць! Не магу не адзначыць прыём­шчыцу Лынтупскага комплекснага прыёмнага пункта Тэрэсу Мечыславаўну Хмылко (па выніках работы за мінулы год гэты пункт прызнаны пераможцам раённага спаборніцтва). Заўсёды ў перадавых у нас Леанарда Паўлаўна Валодзька (Гуцкі КПП), Эма Вітальеўна Касцюк (Навасёлкаўскі КПП). Пералічыць усіх немагчыма. А вось павіншаваць са святам — абавязкова.

Жадаю ўсім бытавікам раёна, а таксама працаўнікам камунальнай службы, якія разам з намі адзначаюць прафесійнае свята, найперш здароўя і, вядома ж, поспехаў у працы. Цярпення, надзеі,  шчасця ў асабістым жыцці! Пра цяжкасці, а іх шмат, на парозе свята гаварыць не хочацца. Вырашаць іх будзем у будні.

Гутарыла Фаіна КАСАТКІНА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.