У падарунак — святочны канцэрт

Культура

Цудоўны падарунак для сваіх матуль, бабуль, сястрычак да 8 Сакавіка падрыхтавалі ўдзельнікі дзіцячай вакальнай студыі пад кіраўніцтвам Аксаны Анатольеўны Нікалаевай, якая працуе пры цэнтры культуры і народнай творчасці. Яны запрасілі іх на святочны канцэрт “Вясенні капеж”.

Усе выступленні былі ары­гінальнымі. Імі рабяты зачаравалі публіку, бо кожны прадэманстраваў сапраўднае майстэрства ў тым відзе мастацтва, якім займаецца. Хлопчыкі і дзяўчынкі прыгожа спявалі і танцавалі. Канцэртныя нумары “разбаўлялі” гумарыстычныя сцэнкі з удзелам спецыяліста цэнтра культуры Святланы Марозавай і школьнікаў.

Дзеці розных узростаў расказвалі і паказвалі, як моцна любяць сваіх мам і бабуль, радавалі іх сваімі талентамі. Адчувалася, колькі сіл прыклала кіраўнік студыі А. А. Нікалаева, каб кожнае выступленне атрымалася яркім і запамінальным. Прыгожыя касцюмы, прадуманыя інсцэніроўкі, адрэпеціраваныя нумары, бліскучае выступленне на сцэне — усё гэта стварала святочны настрой. Гледачы не шкадавалі апладысментаў для салістаў Мікіты Аўгусціновіча, Аляксандра Іжмайловіча, Вадзіма Казароўца. Пранікнёна спявалі Алеся Буйко, Дзіяна Дунец. Моцнымі галасамі парадавалі Дар’я Гагалінская, Дар’я Румянцава, Кацярына Жук. Упэўнена трымаліся на сцэне юныя ўдзельніцы Яна Татарчук, Даша Шэлег, Ева Вежнавец, Ева Іванова, Паліна Пчалінцава. Шмат запалу і энергіі атрымалі прысутныя ад выступлення групы “Фантазія” ў складзе Святланы Грэська, Дар’і Дрозд, Паліны Балаш, Лізаветы Загурскай, Дзяніса Будзько, Мікіты Аўгусціновіча. Прыемна было ўбачыць на сцэне выпускніц студыі Аксаны Нікалаевай — Яўгенію Бяляўцаву і Вольгу Нікалаеву. Шчырыя словы віншаванняў і вясёлыя песні адрасаваў прысутным супрацоўнік цэнтра культуры Дзяніс Круглоў. Вельмі абаяльным быў вядучы Дзяніс Будзько.

Мерапрыемства, прысвечанае першаму вясноваму святу, атрымалася кранальным і ўрачыстым. Пасля таго як артысты пакінулі сцэну, да Аксаны Анатольеўны  падыходзілі бацькі, бабулі і сардэчна дзякавалі ёй за падрыхтаванае свята, за цеплыню і прафесіяналізм, якія яна ўкладвае ў развіццё юных талентаў.

Тэкст і фота Анны АНІШКЕВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.