У вялікай сям’і — вялікае шчасце


У чым сапраўднае жаночае шчасце? У пастаўчанкі Іны Міснік адказ адназначны: калі ёсць любячы муж і вялікая сям’я. Яна ўсё гэта мае: у свае 30 выхоўвае чацвярых дзяцей, а за каханым адчувае сябе як за каменнай сцяной.

Іна скончыла СШ №4 і Полацкі гандлёва-тэхналагічны каледж. Першым месцам працы стаў магазін “Кааператар” у мікрараёне пятага гарадка. Там і сустрэла свайго будучага мужа:

— У нас арыгінальная гісторыя знаёмства, — расказвала з усмешкай Іна. — Іван, а яму тады было 20 гадоў, вырашыў, што пара жаніцца. Планы адкрыў свайму начальніку. Той прапанаваў: “Пайшлі ў магазін шукаць жонку, там вунь колькі прыгожых дзяўчат працуе!” Прыйшлі. Нашы погляды выпадкова сустрэліся. Тым жа вечарам Ваня правёў мяне дадому. Мне было 19.

Пра замуства яна і не думала. Аднак адносіны развіваліся імкліва. Праз паўгода згулялі вяселле. Іна прызнаецца, што спачатку планавала дваіх дзетак. Калі зацяжарыла трэцім, крыху перажывала: і кватэра здымная, і сын з дачушкай яшчэ маленькія. У выніку ўсё склалася найлепшым чынам. Атрымаўшы статус мнагадзетнай сям’і, сталі на чаргу, за льготны крэдыт пабудавалі трохпакаёвую кватэру па вуліцы Юбілейнай. Калі ж нарадзілася чацвёртае дзіця, дзяржава цалкам яго пагасіла.

— Пра ўласнае жыллё нават не марыла, — прызнавалася Іна. — Гэта здавалася недасягальным. Затое як вольна цяпер сябе адчуваем! І дзеткам прасторна. Старэйшай дачушцы Каці ўжо 10 гадоў, сынкам — 9, 7 і 4. Так хутка ўсе падраслі! Хочацца зноў з малышом няньчыцца. Мы не супраць пятага дзіцяці. Безумоўна, не ўсе нас падтрымліваюць, некаторыя нават асуджаюць. Хтосьці адно дзіця гадуе і лічыць, што ў яго павін­на быць сто лялек і ўсё толькі самае лепшае. Але можна і больш сціпла. Нашы дзеці нічым не аб­дзеленыя, усё неабходнае ў іх ёсць.

Іна пераканана, што ў мнага­дзетнай сям’і дзеці вырастаюць больш самастойнымі і зусім не эгаістычнымі. І з замілаваннем расказвае пра свайго перша­класніка Ванечку. У школе ў групе падоўжанага дня на падвячорак ён заўсёды атрымлівае булачку. Кожны дзень прыносіць яе дадому, бяжыць на кухню, каб хутчэй раздзяліць на чатыры часткі і раздаць сястрычцы і брацікам.

—            Мы іх гэтаму не вучылі, яны самі вырашаюць так рабіць, — працягвала Іна. — Радуюць дзеці і ў плане вучобы. У іх з малых гадоў выпрацавана адказнасць. Важную ролю адыгрывае і наш прыклад. Тата для іх — аўтарытэт ва ўсім. З ім мне сапраўды пашчасціла. Муж не п’е, не курыць, займаецца з дзецьмі, калі трэба, і ноччу да іх устане. Заўсёды імкнецца дапамагчы, дадаткова падзарабіць. На 8 Сакавіка дорыць мне цюльпаны (гэта мае любімыя кветкі). Іх умудраецца дастаць нават у лістападзе — на мой дзень нараджэння.

Сям’я Міснік творчая. Іна займаецца вырабам кошычкаў з падручных матэрыялаў, Іван захапляецца фатаграфаваннем. І гэта пры тым, што абое працуюць: яна ва ўніверсаме “Цэнтральны”, ён — ва УП ЖКГ. І калі ўсё паспяваюць?!

Іна СНЯЖКОВА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.