Усё па сілах


Страхар Сяргей Баганаў, вадзіцель аўтагідрапад’ёмніка Максім Савосін і муляр Дзмітрый Хаткевіч.

Пабяліць, пафарбаваць, скласці печ, перакрыць шыферам дах, уцяпліць тарцы дамоў і шмат чаго іншага — усё гэта па сілах калектыву рамонтна-будаўнічага ўчастка ўнітарнага прадпрыемства жыллёва-камунальнай гаспадаркі раёна.

— У асноўным мы займаемся бягучым рамонтам і абслугоўваннем жыллёвага фонду, робім капітальны рамонт. Пры гэтым каля 70% работ выконваем без прыцягнення падрадчыкаў, — расказвала начальнік участка Святлана Чаславаўна Болт. — Акрамя гэтага, абслугоўваем аб’екты жыллёва-камунальнай гаспадаркі: адміністрацыйныя будынкі, кацельні, вытворчыя памяшканні.

У мінулым годзе калектыў рамонтна-будаўнічага ўчастка быў задзейнічаны на капітальным рамонце трох дамоў па вуліцы Гайдара ў райцэнтры. На гэтых аб’ектах адрамантаваны дахі, заменены ўваходныя дзверы і вокны ў пад’ездах, выкананы іншыя работы. Таксама адрамантаваны два плоскія дахі ў гарадскім пасёлку Варапаева, адзін — у Гуце, уцеплены тарцы дамоў у Навасёлках.

У гэтыя дні будаўнікі заняты касметычным рамонтам пад’ездаў дома №12 па вуліцы Станкевіча і рамонтам міжпанэльных стыкаў дома №18 па вуліцы Касманаўтаў. Як толькі ўсталюецца спрыяльнае надвор’е, пачнуць капітальны рамонт дома №7 па вуліцы Гайдара і рамонт даха дома №5 па вуліцы Станкевіча. Усе неабходныя матэрыялы ўжо набыты.

Рамонтна-будаўнічы ўчастак складаецца са страхароў, муляраў, цесляроў, маляроў, тынкоўшчыкаў, рамшчыкаў дрэваапрацоўчых станкоў, сталяроў, печніка, двух майстроў і начальніка. Усяго 19 чалавек. Такімі сіламі выконваецца немалы аб’ём работ.

— У апошнія гады калектыў значна скараціўся — засталіся самыя прафесійныя і адказныя спецыялісты. Таму прадукцыйнасць і якасць работ выраслі, — адзначае С. Ч. Болт.

Сярод найлепшых спецыялістаў начальнік рамонтна-будаўнічага ўчастка адзначае сталяроў Аляксея Урбановіча, Вадзіма Дубіловіча і Данііла Бурлакова, муляра Віктара Блажука, печніка Сяргея Кухальскага, тынкоўшчыкаў-аддзелачнікаў Яўгенія Кірплюка і Віталія Гукава.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.