Увекавечылі памяць герояў

Местная власть

У рамках міжнародных гістарычных чытанняў «Гісторыя ў імя міру» 19 сакавіка ў райцэнтры ўвекавечылі памяць герояў Першай сусветнай вайны. У іх гонар на будынку Дома рамёстваў ва ўрачыстай абстаноўцы адкрылі мемарыяльную дошку.

Памятны знак прысвечаны падзеі, якая на гэтым месцы адбылася ў ноч з 17 на 18 верасня 1915 года. Пад камандаваннем пад­прапаршчыка Івана Фёдаравіча Дружыніна два ўзводы разведчыкаў 85-га Выбаргскага пяхотнага палка выконвалі разведку непрыяцельскага размяшчэння на паўднёвай ускраіне Пастаў. Раптоўным штыкавым ударам яны збілі правы фланг праціўніка, што прымусіла яго адступіць. Аднак, перайшоўшы раку Мядзелку, германцы падпалілі мост.

Падпрапаршчык Дружынін першы кінуўся наперад па падпаленым мосце на супрацьлеглы бераг і пад жорсткім кулямётным і зброевым агнём праціўніка, паказваючы прыклад высокай воінскай доблесці, павёў за сабой таварышаў па службе. Рускія салдаты паспелі замацавацца на процілеглым беразе і, дзейнічаючы ў фланзе саперніка, забяспечылі далейшае наступленне. У выніку германскія войскі былі выбіты з горада і ад­ціснуты да захаду на лінію азёр. За баявы подзвіг пры ўзяцці Пастаў Іван Фёдаравіч Дружынін удастоены Георгіеўскага крыжа I ступені.

Звяртаючыся да прысутных, намеснік старшыні райвыканкама Юрый Мікалаевіч Кісялёў падзякаваў тым, хто мае дачыненне да адкрыцця гэтай гераічнай старонкі гісторыі, а таксама пастаўскім прадпрымальнікам Сяргею Мікалаевічу і Юрыю Мікалаевічу Попраўкам, якія ў самы кароткі тэрмін за ўласныя сродкі вырабілі памятны знак.

— Адкрыццё мемарыяльнай дошкі — напамін пра незаслужана забытых герояў, на долю якіх выпалі найцяжэйшыя ваенныя выпрабаванні, — працягваў ён. — На Пастаўшчыне некалькі дзясяткаў пахаванняў часоў Першай сусветнай вайны. А колькі на самай справе ў нашай зямлі спачывае воінаў, магілы якіх не пазначаны ні памятным знакам, ні крыжам, дакладна невядома.

Для адкрыцця мемарыяльнай дошкі Ю. М. Кісялёў запрасіў вядомага гісторыка з Расійскай Федэрацыі Канстанціна Аляксандравіча Залескага:

— Калі гавораць пра Першую сусветную вайну, узгадваюць абавязак перад саюзнікамі, высокую палітыку, — канстатаваў К. А. Залескі. — Можа быць, гэта і правільна. Але тым людзям, якім прысвечана гэта дошка, не было да іх ніякай справы. Яны змагаліся за родную зямлю, якую тапталі боты ворага. Гэтыя людзі здзейснілі самы вялікі подзвіг, на які здольны чалавек, патрыёт, хрысціянін, — аддалі сваё жыццё за Айчыну, за свой народ. Зямны ім паклон за гэта і вечная памяць.

Затым настаяцель царквы Свяціцеля Мікалая Цуда­творца айцец Валерый асвяціў мемарыяльную дошку, да яе ўсклалі кветкі.

Вераніка ФІЛАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.