Узнагароды — лепшым, віншаванні — усім (+фота)


Д. В. Куталёў уручае Ганаровую грамату ўпраўлення ўнутраных спраў Віцебскага аблвыканкама А. У. Кірэю.

Напярэдадні Дня беларускай міліцыі раённы Дом культуры па вуліцы Станкевіча запоўнілі людзі ў форме, са строгай армейскай выпраўкай. Тут сабраліся супрацоўнікі РАУС, іх родныя і блізкія, ветэраны райаддзела, а таксама яго добраахвотныя памочнікі — дружыннікі, каб разам адзначыць прафесійнае свята.

Урачыстасць пачалася з дэманстрацыі фільма пра будні пастаўскіх міліцыянераў, знятага журналістамі мясцовага тэлебачання. Галоўным яго героем стаў начальнік аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі міліцыі грамадскай бяспекі А. Г. Мядзелка, які сёлета ўдастоены звання “Чалавек года Пастаўшчыны”.

Затым прысутных вітаў часова выконваючы абавязкі па паса­дзе начальніка РАУС падпалкоўнік міліцыі Д. В. Куталёў. Ён адзначыў, што служба ў органах унутраных спраў заўсёды патрабавала пільнасці, вялікіх фізічных і маральных сіл, мужнасці і волі. Таму планка патрабаванняў да міліцыянераў вельмі высокая. Падзякаваўшы асабоваму складу РАУС за самаадданую працу, вернасць абавязку і прысязе і пажадаўшы прафесійных поспехаў, вытрымкі і аптымізму, Дзмітрый Віктаравіч заўважыў: асаблівае значэнне для тых, хто сёння служыць у райаддзеле унутраных спраў, мае вопыт ветэранаў.

Абараняць закон і парадак — складаная, але высакародная і ганаровая місія. Вернасць абранай прафесіі пастаўскія міліцыянеры даказваюць штодзённай самаадданай працай, забяспечваючы надзейны парадак у раёне. Гэта падкрэсліў і старшыня раённага выканаўчага камітэта В. С. Гутараў.

— Рады, што ў пастаўчан ёсць надзейны шчыт у асобе супрацоўнікаў РАУС, а ў кіраўніцтва раёна — поўнае ўзаемаразуменне з кіраўніцтвам аддзела, і мы сумесна вырашаем пытанні, якія стаяць перад грамадствам, — сказаў Віктар Сяргеевіч.

Праваахоўнікам і іх памочнікам — дружыннікам — ён пажадаў моцнага здароўя, дабрабыту, чарговых спецыяльных званняў і ўзнагарод, каб над галавой заўсёды было мірнае неба. А затым уручыў лепшым супрацоўнікам райаддзела граматы раённага выканаўчага камітэта, раённага Савета дэпутатаў і Падзяку старшыні райвыканкама. Трое супрацоўнікаў РАУС з нагоды прафесійнага свята ўзнагаро­джаны граматамі і Падзякай упраўлення ўнутраных спраў Віцебскага аблвыканкама, двое — нагруднымі знакамі, а аднаму з іх — старшаму інспектару групы тылавога забеспячэння А. С. Маляўку — прысвоена чарговае спецыяльнае званне “маёр міліцыі”.

Таксама на ўрачыстасці адбылося ўзнагароджванне пераможцаў раённага агляду-конкурсу сярод грамадскіх пунктаў аховы правапарадку (ГПАП), добраахвотных дружын і дружыннікаў. Па выніках мінулага года ў намінацыі “Лепшы грамадскі пункт аховы правапарадку” дыплома І ступені ўдастоены ГПАП Валкоўскага сельскага выканаўчага камітэта (старшыня — Т. Б. Баторы), дыплом ІІ ступені ў ГПАП Казлоўшчынскага сельвыканкама (старшыня — В. М. Зубараў), ІІІ ступені — у ГПАП Дунілавіцкага сельвыканкама (старшыня — Г. А. Мацюшонак). Лепшымі добраахвотнымі дружынамі прызнаны: дружына з ліку жыхароў г. Паставы, якія з’яўляюцца членамі Рэспубліканскага грамадскага аб’яднання “Беларускае казацтва” (1-е месца, камандзір — І. Б. Буркевіч), УП ЖКГ (2-е месца, камандзір — А. Л. Балошка) і УП “Завод Беліт” (3-е месца, камандзір — С. В. Пажарыцкі). Лепшымі дружыннікамі названы А. М. Стоцік з УП ЖКГ (1-е месца), І. Б. Буркевіч (2-е месца) і Ю. В. Шылёнак з Пастаўскага дзяржаўнага каледжа (3-е месца). Разам з дыпломамі яны атрымалі памятныя падарункі ад раённай арганізацыі РГА “Белая Русь”.

Калектыў Пастаўскага РАУС па праву ганарыцца не толькі працоўнымі дасягненнямі, але і спартыўнымі поспехамі. У мінулагоднім чэмпіянаце ўпраўлення ўнутраных спраў Віцебскага аблвыканкама па службова-прыкладных відах спорту каманда нашага аддзела міліцыі заняла першае месца. На свяце яе прадстаўнікоў запрасілі на сцэну і ўручылі ім Кубак і дыплом. Акрамя таго, дыпломам адзначаны старшы оперупаўнаважаны групы па наркакантролі і процідзеянні гандлю людзьмі крымінальнай міліцыі П. М. Свірбутовіч і інспектар дарожна-патрульнай службы аддзялення ДАІ А. В. Статута, заняўшыя трэцяе месца па рукапашным боі ў названым вышэй чэмпіянаце.

Штогод рады пастаўскіх міліцыянераў папаўняюцца маладымі супрацоўнікамі, якія з першых месяцаў службы ўзорна выконваюць свае абавязкі. У ліку такіх оперупаўнаважаныя аддзялення крымінальнага вышуку лейтэнанты Віталій Цыбульскі і Дзмітрый Юргялевіч. Па традыцыі іх бацькам Валерыю Ана­тольевічу і Алене Станіславаўне Цыбульскім і Андрэю Мечыслававічу і Алене Мікалаеўне Юргялевіч былі ўручаны Падзячныя пісьмы начальніка РАУС.

Не застаўся забытым і найстарэйшы ветэран райаддзела, ­удзельнік Вялікай Айчыннай вайны В. І. Ашчэпкаў. Ён атрымаў букет кветак ад начальніка Пастаўскага аддзялення Дэпартамента аховы Д. А. Місюка і, як і іншыя члены ветэранскай арганізацыі, грашовую прэмію. Віншуючы калег з прафесійным святам, Дзмітрый Аляксандравіч узгадаў таксама ветэранаў Дэпартамента С. І. Сіповіча і М. А. Маціеўскага, якія выконвалі свой інтэрнацыянальны абавязак у Афганістане, П. Ф. Кішко, С. Н. Волка і В. Э. Куталёва, з першых дзён катастрофы на ЧАЭС прыняўшых удзел у ліквідацыі яе наступстваў і ахове правапарадку ў зоне бедства.

З Днём беларускай міліцыі віноўнікаў урачыстасці павіншавалі  вайсковы старшына — атаман Пастаўскага казацкага ад­дзела А. М. Зазулін і былы начальнік РАУС падпалкоўнік у адстаўцы М. К. Доўмант. Музычныя віншаванні прысутным адрасавалі ўдзельнікі мастацкай сама­дзейнасці раённых Дома культуры і цэнтра дзяцей і моладзі, выхаванцы дзіцячага сада “Крынічка”, дыпламанты абласнога конкурсу мастацкай самадзейнасці ўпраўлення ўнутраных спраў Вераніка Савельева і Іван Дзядзюля.

no images were found

Алена ШАПАВАЛАВА. Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.