Вопыт, памножаны на чацвярых

Местная власть

Калектыў крымінальна-выканаўчай інспекцыі РАУС невялікі — усяго чатыры чалавекі. Гэта начальнік Дзмітрый Аляксандравіч Салагуб (на здымку ў цэнтры) і інспектары Вольга Аляксандраўна Далінкевіч, Андрэй Уладзіслававіч Сялевіч і Андрэй Васільевіч Кісялёў (злева направа). Але важнасць работы, якой яны займаюцца, цяжка пераацаніць. На іх плячах ляжыць праца з асобамі, якія адбываюць пакаранне, не звязанае з пазбаўленнем волі, а таксама з тымі, хто нядаўна выйшаў з турмы.

Усяго на ўліку ў інспекцыі на сённяшні дзень знаходзяцца амаль 350 чалавек. Больш за ўсё тых, хто ўжо адбыў пакаранне і цяпер гасіць судзімасць, — каля 200. І прыкладна 150 асуджаных да папраўчых ці грамадскіх работ, абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу, маючых адтэрміноўку выканання пакарання або яго ўмоўнае непрымяненне.

— Кожнага з падуліковых грама­дзян мы трымаем на кантролі: сочым за тым, каб выконваўся прыгавор суда, назіраем за паводзінамі, — расказваў Д. А. Салагуб. — Напрыклад, калі чалавек асуджаны да папраўчых работ, ён абавязкова павінен працаваць, каб можна было ўтрымліваць частку яго зарплаты ў даход дзяржавы, і не дапускаць прагулаў на рабоце. Калі мае абмежаванне волі — з 7 гадзін вечара да 6-ці раніцы знахо­дзіцца дома, не выязджаць без нашага ведама за межы раёна, не ўжываць спіртных напіткаў і два разы ў месяц з’яўляцца ў інспекцыю на рэгістрацыю. Такіх асоб, а таксама тых, хто вызваліўся з месцаў пазбаўлення волі, кожны тыдзень правяраем па месцы іх пражывання, прыцягваючы да гэтага прадстаўнікоў іншых службаў: участковых інспектараў, супрацоўнікаў аддзялення ДАІ і аховы, перыядычна запрашаем да сябе на прафілактычныя гутаркі.

Асаблівую ўвагу супрацоўнікі інспекцыі ўдзяляюць асобам з так званай групы рызыкі — якія за час зняволення страцілі сацыяльныя сувязі (пакуль адбывалі пакаранне, памерлі родныя, або наогул выхоўваліся ў інтэрнаце). Спрабуюць сацыялізаваць іх, каб уліліся ў грамадства. У прыватнасці, дапамагаюць сабраць неабходны пакет дакументаў для атрымання аднаразовай грашовай дапамогі ва ўпраўленні па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама, прадастаўляюць часовае жыллё — для гэтага маюцца два пакоі ў інтэрнаце па вуліцы Зялёнай. Сумесна з прадстаўнікамі названага вышэй упраўлення праводзяць назіральныя камісіі, каб працаўладкаваць асоб, якія вызваліліся з месцаў пазбаўлення волі і знаходзяцца на ўліку, паколькі адна з галоўных прычын паўторнага здзяйснення імі злачынстваў — адсутнасць грашовых сродкаў. Тых, хто не жадае станавіцца на шлях выпраўлення — п’е і не працуе, разглядаюць на саветах грамадскіх пунктаў аховы правапарадку.

Нярэдка за парушэнне парадку і ўмоў адбыцця пакарання да асуджаных прыходзіцца прымяняць меры прэвентыўнага характару — накладваць спагнанні або выносіць афіцыйныя папярэджанні, а калі і гэта не дапамагае — прыцягваць да крымінальнай адказнасці. Так, у мінулым годзе па ініцыятыве крымінальна-выканаўчай інспекцыі было ўзбуджана 15 спраў. Яшчэ адна прэвентыўная мера — накіраванне ў лячэбна-працоўны прафілакторый.

— Калі гаварыць у цэлым, то мы займаемся прафілактыкай рэцэдыўнай, або паўторнай злачыннасці. І яна дае вынікі: многія асу­джаныя вяртаюцца да нармальнага ладу жыцця, — адзначыў Дзмітрый Аляксандравіч. — У апошнія гады колькасць рэцэдыўных злачынстваў у раёне змяншаецца. Летась іх было 66, або 41 працэнт ад усіх зарэгістраваных злачынстваў. Гэты паказчык лепшы за сярэднеабласны.

Дабівацца добрых вынікаў у рабоце інспектарам дапамагае нядрэнная тэхнічная аснашчанасць службы. У ёй маюцца свой аўтамабіль, камп’ютары, прынтары, сканер. Але самае галоўнае, што ёсць, — вопыт саміх супрацоўнікаў. Двое з іх — А. В. Кісялёў і А. У. Сялевіч — адпрацавалі ў інспекцыі адпаведна 20 і 10 гадоў. Д. А. Салагуб і В. А. Далінкевіч прыйшлі нядаўна — у 2014-ым. Але іх таксама не назавеш навічкамі. Дзмітрый Аляксандравіч на працягу 7 гадоў з’яўляўся старшым оперупаўнаважаным групы па наркакантролі і процідзеянні гандлю людзьмі. Вольга Аляксандраўна раней служыла па кантракце ў пагранвойсках. Перавёўшыся ў міліцыю, яна прайшла атэстацыю і паспяхова спраўляецца з цяперашнімі службовымі абавязкамі.

Алена ШАПАВАЛАВА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.