“Я — гаспадар і ведаю, што раблю”


Павароты лёсу

Як вам такі ўчынак, калі старшы інжынер Міністэрства сельскай гаспадаркі пакідае сталіцу і прэстыжную пасаду і едзе ў глыбінку працаваць намеснікам старшыні калгаса? Менавіта такі жыццёвы паварот зрабіў ва ўжо далёкім 1985 годзе Сяргей Дзмітрыевіч Рубашко.

— Я — практык, і сядзець у міністэрскім кабінеце мне было цесна, — успамінае ён той час. — У цэлым жа пасля заканчэння Беларускага інстытута механізацыі сельскай гаспадаркі аддаў гэтай галіне 21 год, у тым ліку 6 — калгасу імя Суворава. З Алегам Адольфавічам Валодзькам было цікава працаваць. Многаму ў яго навучыўся і за многае ўдзячны. Але па некаторых прынцыповых пазіцыях нашы погляды разыходзіліся, і я ўрэшце пакінуў гаспадарку. Лічу гэта нармальным. Калі адчуваеш, што на той ці іншай пасадзе ўжо вычарпаў сябе, трэба пачынаць нешта новае.

Новай справай для С. Д. Рубашко стала прадпрымальніцтва, якое ў 90-ыя гады толькі зараджалася ў краіне. Магазіны тады былі пустыя, а людзям, у тым ліку і самому Сяргею Дзмітрыевічу, хацелася прыгожа апранацца. Яго далёкі родзіч-мінчанін шыў абновы на даму. Але было вельмі складана дастаць тка­ніну. А Сяргей Дзмітрыевіч меў шмат дзелавых сувязей, бо падчас работы ў Міністэрстве і калгасе імя Суворава аб’ехаў у службовых камандзіроўках шырокія прасторы СССР, наладжваючы вытворчыя кантакты. Вырашылі з родзічам аб’яднаць намаганні.

— Спачатку было цяжка, — успамінае прадпрымальнік. — Але мы ставілі мэту ў далейшым стварыць вытворчасць і ішлі да яе. Пачыналі з падбору кадраў, іх вучобы, набыцця абсталявання і тэхналогій. Напачатку мелі ўсяго пяць швачак, паступова іх колькасць павялічылася да пяцідзесяці. Ніякіх крэдытаў у банку не бралі. Шылі — прадавалі — набывалі. Попыт на наш тавар быў вялікі. Прадукцыю рэалізоўвалі як у буйных сталічных магазінах — напрыклад, толькі “Няміга” штомесяц прадавала тысячу яе адзінак, — так і ў іншых гарадах Беларусі, а таксама ў Маскве, Валга­градзе, Венгрыі.

“Ініта” прыйшла ў Паставы

Калі сталічная “Ініта” зацвердзілася на айчынным і замежным рынках, С. Д. Рубашко рашаецца на чарговы крок — наладзіць аналагічную вытворчасць у Паставах. Чаму менавіта ў Паставах? Ды таму, што гэта горад, дзе ён нарадзіўся і вырас, закончыў сярэднюю школу, дзе і сёння жыве яго маці. Дарэчы, і вытворчасць разгарнуў на сваёй роднай вуліцы Гагарына, на месцы, дзе раней размяшчалася абласная псіхіятрычная бальніца. Бальніцу закрылі, будынкі пуставалі і прыходзілі ў непрыгодны стан. Адзін з іх рашэннем райвыканкама і быў перададзены ў карыстанне прадпрымальніку.

— Спатрэбілася два гады, каб аднавіць памяшканне, — успамінае Сяргей Дзмітрыевіч. — Бо ўсё ў ім было выбіта, павыдзірана, разрабавана. Мы ўсё разабралі і зрабілі па-новаму. Але не бульдозерам руйнавалі, а разбіралі па бервянцу і цаглінцы. Нічога не пайшло на звалку. Прыгодныя матэрыялы выкарысталі ў будоўлі. Здаровае бярвенне пайшло на апоры другога паверха, непрыгоднае — у  качагарку на ацяпленне.

Сіл і сродкаў у аднаўленне, а па сутнасці ва ўзвядзенне будынка па-новаму, было ўкладзена шмат, затое ўмовы для работы створаны годныя. Зараз у Паставах, у таварыстве з абмежаванай адказнасцю “Ініта”, працуе 18 чалавек, якія займаюцца пашывам мужчынскага ­адзення — касцюмаў, смокінгаў, фракаў, пінжакоў, штаноў, куртак, паліто, а таксама жаночых плашчоў і куртак. Прадукцыя рэалізуецца ў такіх буйных сталічных магазінах, як ЦУМ, “Няміга”, “Беларусь”, на працягу многіх гадоў экспартуецца ў Галандыю. Пяць гадоў назад у Паставах адкрыты фірменны магазін “Ініта”. Тым, хто да гэтага часу не ведае пра яго існаванне, падказваю адрас: вуліца Чырвонаармейская (непадалёк ад будынка Бел­аграпрамбанка). Упэўнена: калі патрэбна абнова і маеце на яе грошы, без пакупкі з магазіна не выйдзеце, бо ўвесь тавар якасны, прыгожы, дабротны. І не дзіўна:  сыравіна на “Ініце” пераважна замежная, вытворчае абсталяванне — таксама, а кадры — высокакваліфікаваныя.

У швейным цэху.

На ўсе рукі майстар

Арганізацыя швейнай вытворчасці, безумоўна, заслугоўвае ўвагі, але побач з гэтым мне хацелася як мага больш даведацца і пра самога дырэктара, які па выніках работы за 2015-ы прызнаны “Чалавекам года Пастаў­шчыны”.

“Я — гаспадар і ведаю, што раблю”, — запомнілася фраза Сяргея Дзмітрыевіча з нашай з ім размовы. Аса­біста мне ён бачыцца як узор прадпрымальніцтва і гаспадарлівасці. “І як толькі вы паспяваеце, жывучы ў Мінску, кіраваць вытворчасцю ў Паставах?” — спытала ў прад­прымальніка. “А хто вам сказаў, што я жыву ў Мінску? — здзівіўся Сяргей Дзмітрыевіч. — У Мінску ў мяне сям’я: жонка і трое сыноў, да якіх, безумоўна, наведваюся. Але фактычна жыву ў Паставах. Тут прадпрыемства стварыў з нуля, яно — маё жыццё. Трэба было выбіраць: альбо бізнес, альбо сямейныя чаяпіцці. Я выбраў першае. Лічу нерацыянальным, каб гаспадар знаходзіўся ў адным месцы, а яго прадпрыемства — у другім, за сотні кіламетраў. Мне лёгка кіраваць, таму што не адрываюся ад вытворчасці і дасканала ведаю ўвесь тэхналагічны працэс. Магу і швейную машынку адрамантаваць — а яны ўсе ў нас на электроніцы, — і новы фасон таго ці іншага вырабу падказаць, і нявыкарыстаныя рэзервы за­дзейнічаць. Адным словам, усё пад маім кантролем.

Майстар швейнага цэха Наталля Храпавіцкая.

У бізнес пайшлі і ўсе яго сыны. Старэйшы — правая рука бацькі на “Ініце”, займаецца закупкамі і збытам. Дзясяткі краін замежжа аб’ехаў і сам Сяргей Дзмітрыевіч, закупліваючы абсталяванне, асвойваючы тэхналогіі, шукаючы рынкі збыту. “Адпачываць за мяжой мне няма калі, — заўважае. — Выязджаў і выязджаю толькі па справах”. На месцы, у “Ініце”, ён не толькі кіраўнік, але і інжынер, і тэхнолаг, і наладчык абсталявання.

У магазіне «Ініта». Прадавец Наталля Дарафеева.

Сяргею Дзмітрыевічу — 63, а яго маладому запалу, крэатыўнасці і працавітасці могуць пазайздросціць многія 25-30-гадовыя. Дзе бярэ сілы? «Як  раслінам, мне іх дае зямля, — прызнаецца. — Пад Мінскам у нас дача. Ёсць сад і агарод. У выхадныя дні люблю там папрацаваць. Вырошчваем усё сваё, збіраем добры ўраджай. Частку яго прывожу ў Паставы. Люблю пашчапаць дровы, павудзіць рыбу, пакатацца на лыжах і на каньках, пагуляць у тэніс, купаюся ў рацэ нават зімой. А яшчэ сур’­ёзна ўзяўся за вывучэнне англійскай мовы. Займаюся з рэпетытарам, пішу і чытаю на англійскай, мару авалодаць ёю дасканала. Мне гэта патрэбна не проста як хобі, а для паўнацэннага кантактавання з замежнымі дзелавымі партнёрамі».

У гэтыя дні Сяргей Дзмітрыевіч зноў падбірае кадры, каб адкрыць яшчэ адну лінію па пашыве верхняга адзення. Вытворчасць расшыраецца. Кіраўнік “Ініты” ўпэўнены, што менавіта ў такіх невялікіх прыватных гнуткіх прадпрыемствах, дзе магчыма вельмі хутка пераарыентавацца на вытворчасць новага віду або новага фасона вырабу, ёсць перспектыва.

Фаіна КАСАТКІНА.

Фота Тамары ПАШКЕВІЧ і Пятра КУРЫЛОВІЧА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.