З лялькамі жыць цікавей

Личности

Разнастайныя куфэркі і шкатулкі, падстаўка для сурвэтак, чаравічак, хлебніца і сухарніца, самабытны ветраны млын, у які можна ўставіць бутэльку спіртнога, арыгінальныя лялькі, што, здаецца, жывуць сваім жыццём… Гледзячы на работы жыхаркі вёскі Ваўкі Раісы Якубоўскай, застацца раўнадушнай проста немагчыма. Яны выклікаюць захапленне і адначасова здзіўленне, якое яшчэ больш павялічваецца, калі даведваешся, што зроблена ўся гэта прыгажосць з газет і іншай паперы.

Пляценнем з папяровай лазы Раіса захапілася амаль тры гады назад. А ўпершыню пазнаёмілася з ім яшчэ раней — калі знаходзі­лася ў дэкрэтным водпуску.

— Сядзець дома з дзіцем было сумна, хацелася чымсьці заняцца, — успамінае майстрыха. — Спачатку пачала вязаць на прутках і кручком, вышываць — вучылася гэтаму ў сваіх бабуль. Затым убачыла ў адным з часопі­саў сплеценыя з папяровых трубачак рэчы і захацела сама паспрабаваць зрабіць нешта падобнае. Не атрымалася, і я кінула гэты занятак. Але думкі пра яго не давалі спакою, і праз некалькі гадоў зноў узялася за нажніцы, клей і паперу. Праўда, на першым часе газета ў маіх руках ніяк не скручвалася ў тонкую трубачку. Гэта рабіў муж, а я вучылася плесці. Так усё закруцілася і зацягнула.

Тэхніку рамяства Р. Якубоўская асвойвала ў інтэрнэце. Па яе словах, сам працэс пляцення не вельмі складаны і дастаткова хуткі. А вось падрыхтоўка матэрыялу і далейшая яго апрацоўка патрабуюць шмат часу і сіл. Трэба з дапамогай прутка накруціць папяровых трубачак і пафарбаваць іх (тут, акрамя звычайных фарбаў, у ход ідуць марылка, колер, настоі кавы, чаю, шалупіння цыбулі і іншае). Потым гатовы выраб пакрыць адным або некалькімі слаямі клею, а зверху — лакам. У выніку атрымліваецца даволі трывалая рэч, якая не баіцца сырасці і дэфармацыі і якую можна выкарыстоўваць у быце.

Ідэі вырабаў Раіса таксама спачатку брала ў інтэрнэце. Там існуе цэлая супольнасць аматарак пляцення з папяровай лазы, куды ўваходзяць майстры з Беларусі, Расіі, Украіны. Усе захопленыя, творчыя, гатовы дзяліцца адна з адной ідэямі, падказаць, дапамагчы. І хоць ідэі “агульныя”, рэчы ў кожнай атрымліваюцца арыгінальныя, не падобныя на іншыя.

— Нават у мяне няма двух аднолькавых чаравічкаў ці куфэркаў, — кажа Раіса. — Кожны раз, калі пляту, прыўношу нешта новае. А сядаючы за работу, адключаюся ад усяго, што адбываецца навокал, і пагружаюся ў будучую рэч. У такія моманты муж з 12-гадовай дачкой стараюцца не турбаваць мяне: не падыхо­дзяць без патрэбы, могуць нават самі есці прыгатаваць. Часам дапамагаюць круціць і клеіць.

Свайму захапленню жанчына прысвячае кожную вольную хвіліну. Нягледзячы на тое, што працуе сацработнікам і абслугоў­вае 11 адзінокіх старых у Валках і Хрыстове, знаходзіць днём час паміж іх наведваннем, каб скруціць або пафарбаваць некалькі трубачак. А па вечарах часта заседжваецца за работай да дзвюх-трох гадзін ночы, бывае, што і світанак сустракае. Асабліва захапляе пляценне лялек, у якім дасягнула сапраўднай віртуознасці. Яны ў яе і на гармоніку і гітары граюць, і танцуюць у пары, сядзяць на крэслах, прагульваюцца пад парасонам. Каб зрабіць такія складаныя кампазіцыі, трэба загадзя ўсё прадумаць. Вялікую ўвагу майстрыха надае дэкаратыўнаму афармленню работ, дзякуючы чаму яны атрымліваюцца яркія і самабытныя.

Сярод інтэрнэт-сябровак Р. Якубоўская прызнаны майстар. Не так даўно заняла першае месца ў віртуальным конкурсе ў групе па пляценні лялек. Лялькі выстаўляліся і былі адзначаны дыпломам пераможцы ў намінацыі “Выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва” на раённым этапе рэспубліканскага прафсаюзнага конкурсу “Новыя імёны Беларусі”, які праходзіў у студзені. А затым у якасці брэндавай прадукцыі Пастаўскага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва экспанаваліся на выніковай калегіі камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Віцебскага аблвыканкама, дзе таксама не засталіся незаўважанымі. Раней работы таленавітай зямлячкі можна было ўбачыць на выставе ў Валкоўскай бібліятэцы, а таксама на конкурсе сельскіх падвор’яў падчас Міжнароднага фестывалю “Звіняць цымбалы і гармонік”.

Калі размаўляеш з майстрыхай, разам з апантанасцю любімай справай уражвае яе бязмежная фантазія. Так, напрыклад, Раіса прызналася, што хоча паспрабаваць сплесці коціка для дачкі і некалькі матрошак, якія змяшчаліся б адна ў адной (пакуль удалося зрабіць толькі дзве такія цацкі), ёсць таксама іншыя ідэі.

— Увогуле, я вельмі люблю рукадзелле і за сваё жыццё многае паспрабавала, — гаварыла яна. — Умею не толькі вышываць, але і шыць, рабіць упрыгажэнні для валасоў з тканіны і стужак. Але найбольш падабаецца плесці з паперы і вязаць кручком. Нават адпраўляючыся з мужам на рыбалку ці проста адпачыць на прыроду, абавязкова бяру з сабой газеты і пруткі або ніткі і кручок. Мне проста неабходна, каб рукі былі чымсьці занятыя.

Алена ШАПАВАЛАВА.

Фота аўтара і з архіва Р. Якубоўскай.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.