З увагай і клопатам пра людзей

Экономика

Адбыўся справаздачна-выбарны сход прафсаюзнай арганізацыі дзяржаўнай установы сацыяльнага абслугоўвання “Дунілавіцкі псіханеўралагічны дом-інтэрнат для састарэлых і інвалідаў”. У калектыве працуюць 102 чалавекі. Усе яны — члены прафсаюза.

— Работа прафсаюзнай арганізацыі накіравана на абарону правоў працоўных, сацыяльна-эканамічных і законных інтарэсаў членаў  прафсаюза, стварэнне камфортных умоў для працы і адпачынку, выкананне тых задач, якія ставяць Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі, камітэт па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Віцебскага аблвыканкама, райвыканкам і іншыя вышэйстаячыя арганізацыі, — гаварыла старшыня прафкама А. В. Кавалеўская. — Лакальным нарматыўным прававым актам з’яўляецца калектыўны дагавор, які заключаны паміж дырэкцыяй дома-інтэрната і прафсаюзным камітэтам. Згодна з ім і рэгулююцца сацыяльна-працоўныя адносіны паміж наймальнікам і работнікам. Мэта дагавора — забеспячэнне прадукцыйнай занятасці работнікаў, эфектыўнай іх работы, рэгуляванне працоўных адносін на аснове сацыяльнага партнёрства. Па ўзгадненні бакоў у калектыўны дагавор уносяцца дапаўненні і змяненні.

Калектыў дома-інтэрната добра разумее пастаўленыя перад ім задачы: стварэнне максімальна камфортных умоў для пражываючых, паляпшэнне іх медыцынскага абслугоў­вання, харчавання, арганізацыі вольнага часу і адпачынку. Установа працуе амаль 60 гадоў. Яе работнікі не толькі добрасумленна выконваюць свае службовыя абавязкі, яны душой хварэюць за тых, хто вымушаны тут пражываць. Чуласць, спагада, міласэрнасць — вось тыя рысы, без якіх немагчыма працаваць у гэтай сферы.

Па ініцыятыве дырэкцыі і з дапамогай прафкамітэта ў доме-інтэрнаце створаны музей, у якім захоўваюцца фотаздымкі, цікавая інфармацыя ад адкрыцця ўстановы да нашых дзён. Вялікая ўвага надаецца ахове працы і прафілактыцы вытворчага траўматызму. З гэтай мэтай абсталяваны асобны кабінет з усёй нагляднай інфармацыяй. Рэгулярна праводзяцца інструктажы работнікаў. Прыцягваюць увагу стэнды “Прафсаюзнае жыццё”, “Дошка гонару”, “Ідэалагічная работа”, “З днём нараджэння!”.

Добрасумленная праца людзей не застаецца па-за ўвагай адміністрацыі і прафкамітэта, а таксама вышэйстаячых арганізацый. Многія адзначаны Граматамі і Па­дзякамі старшыні камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Віцебскага аблвыканкама, граматамі райвыканкама, абкама прафсаюза работнікаў дзяржаўных устаноў і раённай арганізацыі прафсаюза дзяржаўных і іншых устаноў. Вялікім гонарам для калектыву стала прысуджэнне звання “Чалавек года Віцебшчыны” дырэктару Паўлу Іванавічу Паўловічу. Ён заўсёды адкрыты для дыялогу з прафсаюзам, дапамагае ў вырашэнні розных задач і праблем, клапоціцца як пра тых, хто пражывае ў доме-інтэрнаце, так і пра работнікаў.

Прафсаюзны камітэт таксама падтрымлівае сваіх членаў: матэрыяльная дапамога аказваецца пры працяглай хваробе, у выпадку смерці родных людзей, мнагадзетным маці (іх у калектыве 7) на падрыхтоўку дзяцей да навучальнага года, пры выхадзе на пенсію, уступленні ў шлюб, нараджэнні дзі­цяці. На гэтыя мэты ў мінулым годзе зрасходавана амаль 12 мільёнаў рублёў. За кошт прафсаюзных сродкаў набываюцца навагоднія падарункі дзецям членаў прафсаюза (71 чалавек), падарункі да Дня абаронцаў Айчыны і 8 Сакавіка, праводзяцца ра­ніш­нікі і ўрачыстыя сходы. Не абдзелены ўвагай і ветэраны працы (40 чалавек). Іх запрашаюць на ўсе мерапрыемствы, якія ла­дзяцца ў доме-інтэрнаце, выконваюць просьбы, не скупяцца на добрыя словы.

Прафкам мае цесныя кантакты з пярвічнай арганізацыяй грамадскага аб’яднання “Белая Русь”, у складзе якой 24 чалавекі. Галоўнае ў іх сумеснай рабоце — увага да чалавека працы, згуртаванне калектыву. З гэтай мэтай праводзіцца актыўная культурна-масавая і фізкультурна-аздараўленчая работа. Работнікі ўстановы ўдзельнічаюць ва ўсіх мерапрыемствах, якія арганізуюцца як на месцы, так і раённай арганізацыяй прафсаюза і Віцебскім абкамам прафсаюза. Штогод калектыў дома-інтэрната прымае ўдзел у аглядзе-конкурсе сярод стацыянарных устаноў вобласці. Рэгулярнымі сталі выезды на канцэрты як у раённы Дом культуры, так і на “Славянскі базар у Віцебску”.  

На справаздачна-выбарным сходзе выступіла старшыня раённай прафсаюзнай арганізацыі работнікаў дзяржаўных і іншых устаноў Д. І. Пякарская. Яна па­дзякавала за працу Алене Віктараўне Кавалеўскай, якая 9 гадоў узначальвала прафсаюзную арганізацыю дома-інтэрната, уручыла ёй грамату і сувенір. На схо­дзе адбыліся выбары старшыні. Ім стала Леакадзія Геранімаўна Ясінская.

Анна АНІШКЕВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.