Заўсёды сэрцу любая зямля


З мэтай культурнага абслугоўвання вяскоўцаў па месцы жыхарства ўсе клубныя ўстановы цэнтра культуры і народнай творчасці Пастаўскага раёна арганізуюць святы вёсак. Падчас падрыхтоўкі такіх мерапрыемстваў работнікі культуры імкнуцца больш даведацца пра гісторыю населенага пункта і яго цяперашняе жыццё, пра людзей, іх захапленні, клопаты, праблемы. Такія святы спрыяюць яднанню тэрытарыяльнай супольнасці, добрым суседскім зносінам, творчаму самавыяўленню яго ўдзельнікаў, а таксама выхаванню дзяцей і моладзі ў рэчышчы інтарэсу да сваіх каранёў, любові і беражлівага стаўлення да роднага краю і яго людзей. Асабліва знакавымі святы вёсак і вуліц з’яўляюцца для пажылых, бо менавіта яны — непасрэдныя героі і ўдзельнікі такіх мерапрыемстваў. Старэйшыя з задавальненнем дзеляцца ўспамінамі, спяваюць песні сваёй маладосці, танцуюць даўнейшыя танцы, прымаюць удзел у віктарынах, латарэях, іншых забавах. Летам з горада ў вёску да бацькоў прыязджаюць дарослыя дзеці і ўнукі. З іх удзелам цікава і весела, а часам шчымліва і пранікнёна праходзяць гэтыя святы на ўлонні зеляніны і кветак ва ўтульных сельскіх дварышчах.

Важную ролю ў актывізацыі гэтага кірунку дзейнасці клубных устаноў, павышэнні ўзроўню правядзення мясцовых свят адыграў раённы фестываль-конкурс свят вёсак “Заўсёды сэрцу любая зямля”, які ладзіўся на працягу мінулага года. Конкурсныя мерапрыемствы шырока асвятляліся ў сродках масавай інфармацыі. Усяго за мінулы год праве­дзена 37 свят вёсак, 8 свят вуліц і 3 — панадворкаў. Трэба адзначыць, што кожнае мерапрыемства адрознівалася мясцовымі асаблівасцямі, складам удзельнікаў, каларытам. Усе культработнікі аднесліся да ўдзелу ў раённым конкурсе з вялікай адказнасцю і праявілі шмат творчых здольнасцей. Таксама хочацца падзякаваць прадстаўнікам сельвыканкамаў, многія з якіх падтрымлівалі святы вёсак усімі магчымымі спосабамі і прынялі ў іх непасрэдны ўдзел.

Напрыканцы года былі падведзены вынікі конкурсу-фестывалю. Установы культуры Варапаеўскага сельсавета ўзнагароджаны дыпломам за высокі ўзровень падрыхтоўкі і эстэтычнага аздаблення свята вёскі Стары Двор, якое, нягледзячы на дажджлівае надвор’е, было цікавым і мнагалюдным. Клубныя ўстановы Валкоўскага сельсавета атрымалі дыплом за вялікую арганізацыйную работу з насельніцтвам і лепшую комплексную праграму свята вёскі Валкі. За разнастайнасць выкарыстаных мастацкіх жанраў і сродкаў пры правядзенні свята вёскі Сакуны адзначаны дыпломам клубныя ўстановы Камайскага сельсавета, якія падрыхтавалі свята з выставамі дэкаратыўна-прыкладной творчасці, традыцыйнай выпечкі і шырокім задзейнічаннем ­удзельнікаў у гульнях і забавах. Лепшую праграму свята вёскі Луцк-Казлоўскі, створаную на мясцовым матэрыяле, падрыхтаваў Парыжскі сельскі Дом культуры. Свята, якое вяла мастацкі кіраўнік СДК М. Канчэўская, прайшло ў асабліва цёплай і пранікнёнай атмасферы. А Ярэўскі сельскі клуб пры падрыхтоўцы свята вёскі Ярэва вызначыўся вялікай актывізацыяй талентаў жыхароў розных узростаў. Хочацца пажадаць культработнікам і надалей прыкладваць максімум намаганняў і адказнасці ў падрыхтоўцы такіх свят, якіх вяскоўцы вельмі чакаюць.

Л. ЧАТОВІЧ,

ад імя супрацоўнікаў

цэнтра культуры і народнай

 творчасці Пастаўскага раёна.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.