Задача — працаваць на апярэджанне


Як пачыналася станаўленне пастаўскага прадпрыемства і чаго дасягнулі паштовыя работнікі за два дзесяцігоддзі? Пра гэта і іншае — у інтэрв’ю з начальнікам раённага вузла паштовай сувязі Таццянай Мікалаеўнай Гайлюн.

—  Таццяна Мікалаеўна, калі ласка, прыгадайце 1996-ы, калі ранейшая “сувязь” раз’ядналася і ўтварыліся дзве самастойныя структурныя адзінкі — паштовая сувязь і электрасувязь.

— Вядома ж, не з нуля пачыналі, але і хваліцца не было чым. Камп’ютараў не мелі ні ў аддзяленнях, ні ў раённым вузле, і ўся справаздачнасць вялася ўручную. Паступова набывалі неабходную тэхніку. Поўная камп’ютарызацыя завяршылася ў 2005 годзе. Уво­дзіліся новыя праграмы. У выніку асобныя прафесіі станавіліся непатрэбнымі, скарачаліся цэлыя аддзелы. Хтосьці з работнікаў ішоў у дэкрэтны водпуск, пенсіянеры — на заслужаны адпачынак, многіх перавучвалі і ўладкоўвалі на іншыя пасады. Калі хто з такімі прапановамі не згаджаўся, то звальняўся па ўласным жаданні. Вось так праходзіла станаўленне.

— Што сабой уяўляе паштовая сувязь сёння?

— Цяпер у нас 22 аддзяленні сувязі: 7 перасоўных, 15 стацыянарных (9 сельскіх, 6 гарадскіх), а таксама 7 пунктаў сувязі. Стацыянарныя і перасоўныя мы аснасцілі ўсім неабходным. Больш за тое, па праграме аграгарадкоў іх капітальна адрамантавалі сваімі сіламі. І перасоўныя аддзяленні ні ў чым не саступаюць стацыянарным. Па маршрутах руху яны выязджаюць штодзень, акрамя выхадных.

— “Белпошта” — гэта паслугі насельніцтву…

— Так, і галоўнае ў нашай дзейнасці — прыём, апрацоўка і адпраўка пісьмаў, бандэроляў, пасылак, прыём падпіскі і дастаўка перыядычных выданняў, дастаўка пенсій, дапамог і іншых сацыяльных выплат, электронны гандаль і г. д. На месцы не стаім, бо жыццё патрабуе пастаяннага ўдасканалення і ставіць задачу працаваць на апярэджанне, павышаць узровень абслугоўвання кліентаў, прапаноўваць паслугі, дзе прыярытэтнае патрабаванне — аптымальныя суадносіны цаны і якасці. У ліку такіх магу назваць “1 клас” (унутраныя адпраўленні простай пісьмовай карэспандэнцыі, якія апрацоўваюцца ў прыярытэтным парадку і перасылаюцца ў паўтара раза хутчэй за звычайную пошту), паслугі лінейкі “Камфорт” (скарыстацца можна ў любым аддзяленні сувязі, падраздзяленнях “Бізнес-пошты”, дома або ў офісе), паслугі паскоранай пошты (ЕМS) — дастаўка і ўручэнне паштовых адпраўленняў па Беларусі і ўсім свеце ажыццяўляюцца ў максімальна кароткія тэрміны.

— І што ў перспектыве?

— Развівацца. З 1 красавіка пераходзім на сістэму адзінай разлікова- інфармацыйнай прасторы (ЕРИП). У планах — адкрыццё аддзялення сувязі ў мікрараёне вуліцы Юбілейнай. Новы дзень запатрабуе сучасных паслуг, і работнікі паштовай сувязі павінны быць да гэтага гатовыя, заставацца чуйнымі да перамен і патрабаванняў часу.

— А як на самай справе?

— Як і раней, у нас працуюць людзі, адданыя сваёй справе. Выпадковым работнікам не магу назваць нікога са 162-х — а менавіта столькі працуючых налічвае сёння калектыў вузла паштовай сувязі. Самая адказная і нялёгкая работа — у перасоўных аддзяленнях. Але радуе тое, што вадзіцелі з начальнікамі аддзяленняў працуюць у звязцы, адно аднаго разумеюць, падтрымліваюць.

Стабільнасць, надзейнасць характарызуюць увесь калектыў. У нас працуюць 20 чалавек, стаж якіх на прадпрыемстве — больш за 20 гадоў. Прыемна радуюць маладыя работнікі, як правіла, яны маюць дыпломы аб сярэдне-спецыяльнай або вышэйшай адукацыі ці вучацца завочна. Яны мабільныя, хутчэй асвойваюць вытворчыя працэсы, паколькі работа звязана з камп’ютарам. Дзякуй усім за працу, бо па яе выніках практычна кожны год наш вузел паштовай сувязі ў вобласці знахо­дзіцца ў ліку лепшых, за што атрымліваем ганаровыя граматы, дыпломы, іншыя ўзнагароды.

Каб патрабаваць ад падначаленых, і сама імкнуся ўсё ведаць. Гэтаму са­дзейнічаюць сустрэчы з кіраўніцтвам “Белпошты”, усемагчымыя семінары, курсы павышэння кваліфікацыі і г. д.

Гутарыла Галіна ПІШЧ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.