Запрашаем па ўсмешку


Урачы Р. З. Танана, І. Д. Ішчук, А. Ф. Гелжэц, медсястра Л. В. Мацкевіч, урач А. С. Герасімава (стаяць), урачы М. Ф. Машкова, Т. В. Галаўко, медсястра Э. М. Скрыцкая.

У ліку пераможцаў спаборніцтва па выніках работы за мінулы год сярод структурных падраздзяленняў УАЗ “Пастаўская ЦРБ” значыцца і стаматалагічнае аддзяленне. Пры адным вымаўленні гэтай назвы асабіста мяне працінаюць дрыжыкі. Але сёння нагода цудоўная — жаночае свята, і я звяртаюся да загадчыцы Таццяны Віктараўны Галаўко, каб пагаварыць пра калектыў.

Урачы Р. З. Танана, І. Д. Ішчук, А. Ф. Гелжэц, медсястра Л. В. Мацкевіч, урач А. С. Герасімава (стаяць), урачы М. Ф. Машкова, Т. В. Галаўко, медсястра Э. М. Скрыцкая.

— У аддзяленні працуюць 6 урачоў-стаматолагаў, 7 зубных урачоў, 6 медсясцёр, 5 зубных тэхнікаў, 3 санітарачкі, — гаворыць Таццяна Віктараўна. — Мы ратуем людзей ад болю і лечым, дорым ім радасць і амаль адразу бачым вынік сваёй працы. Прыемна, калі пацыент, а найчасцей гэта пацыентка, пасля пэўных нашых маніпуляцый устае з крэсла, падыходзіць да люстэрка — і яе твар асвятляе ўсмешка.

Т. В. Галаўко характарызуе ўсіх стаматолагаў як кампетэнтных, чулых. Зубны боль робіць чалавека бездапаможным, слабым, і няцяжка ўявіць, як пацыент хвалюецца перад дзвярыма кабінета, скажам, Алены Феліксаўны Гелжэц, урача хірурга-стаматолага. Але яе прафесіяналізм і залатыя рукі робяць цуд — чалавек застаецца бязмежна ўдзячным. Наталля Аляксееўна Цішаловіч працуе зубным урачом  у амбулаторыі ўрача агульнай практыкі № 1. Колькі шчырых слоў гучыць у адрас гэтай цудоўнай жанчыны! Тое ж самае можна сказаць і пра Аксану Станіславаўну Герасімаву — маладога, а ўжо квалі­фікаванага спецыяліста. Складаны ўчастак работы ў Марыны Францаўны Машковай, бо яна лечыць дзяцей. Акрамя таго, што малых не заўсёды ўдаецца ўгаварыць сесці ў крэсла, дык яшчэ і з бацькамі кантакт трэба ўмець наладзіць, і гэта ў Марыны Францаўны атрымліваецца. Вялікі вопыт у Рэгіны Зігмундаўны Танана, што дапамагае ёй на высокім узроўні выконваць прафесійныя абавязкі. Удзячны пацыенты і ўрачу стаматолагу-пратэзісту Інэсе Дзмітрыеўне Ішчук за прафесіяналізм і майстэрства.

Калектыў паступова абнаўляўся, і ў асноўным выпускнікамі Аршанскага медыцынскага каледжа. У іх ліку — Ганна Уладзіміраўна Бародка, Іаланта Славаміраўна Шчудло, Жанна Сцяпанаўна Латочка, Тамара Іосі­фаўна Гусакова, Наталля Вітольдаўна Курдо. Аповед пра аддзяленне будзе няпоўным, калі не назваць урача артапеда-стаматолага Уладзі­слава Віктаравіча Дзеўгуця і не ўзгадаць пра зубных тэхнікаў. А іх удзел у рабоце аддзялення бясцэнны. Значны аб’ём работы выконваюць медсёстры, шчыруюць санітарачкі.

— Кожны даражыць рабочым месцам і ганарыцца прафесіяй, за што я ўсім удзячна і жадаю здароўя і поспехаў, — працягвала Таццяна Віктараўна. — За 36 гадоў, колькі тут працую, не памятаю, каб хто з работнікаў пайшоў з прафесіі. Стаматалогія шпаркімі тэмпамі абнаўляецца: у лячэнні і пратэзаванні з’яўляюцца новыя матэрыялы і тэхналогіі, і ад гэтага адставаць нельга. Сваю кваліфікацыю павышаем на курсах, семі­нарах, канферэнцыях, майстар-класах і нават сімпозіумах. Напрыканцы мінулага года набыта абсталяванне для зубатэхнічнай лабараторыі, і ўжо вырабляюцца металакерамічныя пратэзы па новых тэхнало­гіях. Эстэтычна, трывала, цэны даступныя, чаргі пакуль няма, так што запрашаю пастаўчан, асабліва жанчын, прыходзіць да нас па прыгожую ўсмешку.

Галіна ПІШЧ. Фота Іны СНЯЖКОВАЙ.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.