Пачатак пачэснай справы зроблены

Общество

У вёсцы Бараўкі Курапольскага сельсавета жыццё мясцовых жыхароў (а іх толькі сем) ідзе павольна і мерна. Тут звычайна ціха і спакойна. А ў мінулую суботу прывычны рытм парушыў гул аўтамашын, а потым і бензапіл, стук тапароў. Ваеннаслужачыя воінскай часці 25888 прыехалі сюды, каб распачаць добраўпарадкаванне месца пахавання воінаў Першай сусветнай вайны.

Ініцыятарам выступіў мясцовы жыхар Дзмітрый Аляксандравіч Бароўка. Яму семдзесят. Пра падзеі Першай сусветнай чуў ад старажылаў вёскі, ад бацькі. Каля Бараўкоў ішлі жорсткія баі, у якіх загінула каля 500 салдат і афіцэраў рускай імператарскай арміі. Свой вечны спачын яны знайшлі на гэтым месцы.

— Старажылы расказвалі, што ў гэтых мясцінах праходзілі жорсткія баі на штыках, — апавядаў нам Д. А. Бароўка. — Загі­нулых вайскоўцаў клалі ў магілы па 25 чалавек, перакладвалі яловымі лапкамі і шынялямі. Ніякіх звестак пра пахаваных няма. Вельмі даўно гэтае месца было абгароджана, і некалі вучні Курапольскай школы прыходзілі сюды з кветкамі. З часам пахаванне прыйшло ў запусценне (толькі слупы і засталіся), парасло хмызняком. Усе мясцовыя жыхары — людзі старыя і не ў сілах самі штосьці зрабіць. Таму я звярнуўся да старшыні Курапольскага сельскага Савета Мікалая Мікалаевіча Яльчыка з просьбай прыняць якія-небудзь меры. І на мой зварот адгукнуліся. Рады, што знайшліся нераўнадушныя людзі. Кранула ўвага з боку не толькі мясцовай улады, але і раённай. Сёння сюды прыяз­джаў намеснік старшыні райвыканкама Юрый Мікалаевіч Кісялёў. Прыемна было пагутарыць і адчуць яго заклапочанасць.

На месцы пахавання кіпела работа: ваеннаслужачыя на чале з намеснікам начальніка па ідэалагічнай рабоце в/ч 25888 Дзмітрыем Валянцінавічам Дзевятоўскім выразалі хмызняк, абпілоўвалі сухія сукі на дрэвах, зграбалі леташняе лісце, у мяшках выносілі і вывозілі на тачках смецце, бялілі слупкі. Разам з імі працаваў і М. М. Яльчык.

— Удзячны ўсім, хто праявіў ініцыятыву і прыехаў сюды на суботнік, — гаварыў Мікалай Мікалаевіч. — Працуюць шчыра. Работы наперадзе яшчэ шмат, бо гэта месца было вельмі запушчана. Плануем устанавіць тут памятны знак ці хаця б крыж, зрабіць дарожку. Памяць пра тых, хто аддаў сваё жыццё на нашых землях, трэба захоўваць.

— Без асаблівых матэрыяльных затрат зрабілі сёння нямала, — расказваў Д. В. Дзевятоўскі. — Думаю, што паступова ўдасца ажыццявіць задуманае. Такія месцы маюць вялікае значэнне як для людзей старэйшых, так і для нас, а таксама для наступных пакаленняў, прымушаюць задумацца пра каштоўнасць чалавечага быцця, пра мір, памяць і дабро. Утрымліваць пахаванні ў належным стане — наш абавязак. Працавалі зладжана, паспрыяла і надвор’е. Атрымалі задавальненне ад таго, што ўнеслі свой уклад у такую пачэсную справу. Дзякуй за старанне Аляксею Стальмашэнку, Аляксандру Пісарчыку, Раману Сіманьку, Аляксандру Зінчанку, Ганне Кернер, Валерыю Авіну, Віктару Магільніцкаму.

Месца пахавання расійскіх салдат і афіцэраў першапачаткова ачысцілі. Ад гэтага радасцю свяціліся вочы Дзмітрыя Аляксандравіча Бароўкі.

— Мая жонка Галіна Фёдараўна такі кранальны верш напісала пра могілкі і расійскіх салдат, — гаварыў. — Зараз пачытаю. Душа балела, што пахаванне занядбана. Цяпер паспакайнела, бо пачатак зроблены — а значыць, памяць будзе адроджана.

Тэкст і фота

Анны АНІШКЕВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.