А нам — са смакам


Лёгкі стук, дзверы расчыняюцца — заходзіць прадавец і прапануе цёпленькія і духмяныя піражкі і чабурэкі. Хвіліна-другая — і кабінет напаўняецца пахам, ад якога, здаецца, нідзе не схаваешся. Не застаецца нічога, акрамя як забыць пра дыягназы, наяўныя і ўмоўныя. “Нам са смакам”, — жартуюць патэнцыяльныя пакупнікі, і кожны бярэ на свой густ.

Такую форму абслугоўвання ў раённым спажывецкім  таварыстве ўзялі на ўзбраенне з мэтай набліжэння паслуг да спажыўца і павелічэння іх аб’ёмаў. Хоць абсалютна новаўвядзеннем гэта назваць нельга, бо гандаль па арганізацыях практыкаваўся і некалькі гадоў таму. І вось ужо каля месяца прадавец 4-га разраду кулінарнага камбіната Ларыса Іванаўна Адамовіч ходзіць па арганізацыях і ўстановах і прапануе піражкі з капустай, павідлам, тварагом, бульбай са скваркамі і цыбуляй і г. д. Машына пад’язджае звычайна ў 10 гадзін, і яна ўпакоўвае тавар у кулёчкі, складвае ў карзіну і адпраўляецца ў цэнтр. Заходзіць у арганізацыі, якія тут размешчаны. Акрамя піражкоў і чабурэкаў, пад заказ, хто што пажадае, дастаўляе блінчыкі, рулеты з разнастайнай начынкай, галубцы. Вяртаецца назад  пешшу. Зойдзе ў цырульню, магазіны, якія трапляюцца па дарозе. А там — людзі, іх сустрэне і на вуліцы, і многім захочацца штосьці купіць.

— Як зазывалы некалі на кірмашах хадзілі з латкамі, так і я,— гаворыць Ларыса Іванаўна. — Штодзень, акрамя выхадных, рэалізую да 200 адзінак тавару, прыгатаванага поварамі камбіната. А ў выхадныя і святочныя дні яшчэ падзарабляю на кірмашах, выязным гандлі, дзе займаюся шашлыкамі. Зрэшты, згаджаюся на любую работу і імкнуся яе выконваць якасна. А асабліва мне падабаецца гатаваць.

Галіна ПІШЧ.

Фота Алены Шапавалавай.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.