Адчуйце сябе гераіняй вестэрна


Яўгенія Зінчанка працуе поварам у дзіцячым садку аграгарадка Кураполле, а пляменніца яе мужа Дзіяна Вілюліс — васьмі­класніца Глыбоцкай раённай гімназіі. Практычна ўвесь вольны час дзяўчаты праводзяць на конным двары «Сіўка-бурка», які з верасня мінулага года размясціўся на ўскраіне вёскі Рамелькі Юнькаўскага сельсавета, і мараць знайсці аднадумцаў, каб стварыць жаночы «Вестэрн-клуб».

— У пяць гадоў я засталася без бацькоў і мяне ўзялі жыць да сябе ў вёску сваякі. Тады ўпершыню і ўбачыла каня. Да гэтага часу памятаю захапленне, якое адчула, гледзячы на грацыёзную жывёлу, — успамінае Жэня. — З гадамі цікавасць і любоў да коней толькі мацнелі. Падлеткамі я і дзве мае сяброўкі без дазволу бралі з калгаснай стайні коней, усю ноч каталіся на іх і плавалі ў возеры.

Потым была работа інструктарам на стайні пад Мінскам і памочнікам дрэсіроўшчыка ў Белдзяржцырку. Зараз Яўгенія пераехала да бацькоў мужа, які праходзіць тэрміновую службу ў райцэнтры. Дзяўчына гатова падзяліцца ўсімі сваімі ведамі пра коней і сакрэтамі іх догляду з тымі, каму гэта цікава. Галоўнае — не баяцца і любіць іх. Пасябраваць з коньмі можна пры дапамозе ласкі і цярпення.

— Перш за ўсё трэба  навучыцца правільным зносінам з жывёлай, яе догляду, а затым — элементам верхавой язды, — дзеліцца планамі Я. Зін­чанка. — Займацца будзем як з групамі, так і індывідуальна.

Цалкам падзяляе захапленне Жэні і Дзіяна, якая кожныя выхадныя прыяз­джае ў Кураполле да бабулі і дзядулі. Яна не сумняваецца, што дзяўчына на кані выглядае прыгожа і элегантна. Самой жа даспадобы выконваць розныя трукі і адчуваць адрэналін.

Каўбойства прадугледжвае не толькі валоданне канём, але і халоднай і агнястрэльнай зброяй. Гэтаму таксама вас навучаць на конным двары «Сіўка-бурка». А праверыць свае поспехі і пасапернічаць з іншымі можна будзе на штомесячных спаборніцтвах. Пераняць вопыт іх правядзення заўсёднікі коннага двара паехалі на рэспубліканскі чэмпіянат «Залатая шпора», які праходзіць сёння ў Валожынскім раёне. Дарэчы, гэта свята каўбойскай культуры праводзіцца двойчы ў год і ўключае розныя віды спаборніцтваў на хуткасць: прахо­джанне ўчасткаў з перашкодамі, скачкі вакол бочак, пераадоленне бар’ераў, перавозка грузаў і іншыя. Наступны чэмпіянат адбу­дзецца восенню, і пастаўчане плануюць паўдзельнічаць у ім. Калі вы таксама хочаце адчуць сябе гераіняй вестэрна, больш падрабязную інфармацыю можаце атрымаць па тэлефоне 8 (029) 813-66-08.

«Сіўка-бурка» — праект малады і зараз актыўна развіваецца. Сярод ужо існуючых папулярных прапаноў — недарагія паходы выхаднога дня, разлічаныя на непадрыхтаваных лю­дзей. Маршруты пралягаюць па перасечанай маляўнічай мясцовасці, уключаюць прывал і прыём ежы на свежым паветры, пераадольваюцца дзе пешшу, дзе — верхам на конях. Распрацоўваць іх дапамагаў дырэктар ААТ «Сцяг Перамогі-агра» Юрый Ягоравіч Борыс, які нарадзіўся ў гэтай мясцовасці і добра ведае наваколле.

— Нам пашанцавала, што кіраўнік гаспадаркі зацікаўлены ў развіцці праекта. Ён нас усяляк падтрымлівае, уносіць прапановы, дапамагае развівацца, — расказваў загадчык коннага двара Віктар Іванавіч Далецкі. — Задумак шмат — хочам заняцца іпатэрапіяй (метад рэабілітацыі пры дапамозе верхавой язды), набыць у турыстычнай кампаніі «Джуманджи» мабільную лазню, наладзіць выязны гандаль. Што-небудзь ды зацікавіць патэнцыяльных кліентаў.

Іпатэрапія карысная ў першую чаргу дзецям з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі. Па сваёй сутнасці — гэта разнавіднасць лячэбнай фізкультуры, якая ў якасці бонуса мае яшчэ і магчымасць зносін з высакароднай і прыгожай жывёлай. Сумесна са шпіталем (ён выступае кампаньёнам у развіцці іпатэрапіі) конны двор «Сіўка-бурка» чакае ў сярэдзіне мая прадстаўніка беларускага грамадскага аб’яднання верхавой язды і іпатэрапіі, уладальніцу прыватнай стайні ў Калодзі­шчах «Конік па імені Місія надзеі» Ганну Антончык. Яна правядзе для пастаўчан двухдзённы навучальны семінар. На яго аплату пойдуць сродкі, якія за апошні час будуць выручаны ад арганізацыі паходаў выхаднога дня, навучання верхавой яздзе, ахвяраванняў. Мы таксама можам дапамагчы дзецям, а дапамога, як нас вучыць адзін з рэкламных дабрачынных ролікаў, маленькай не бывае.

Вераніка ФІЛАНОВІЧ.

Фота Віктара ДАЛЕЦКАГА.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.