Адна каманда


Надзя нарадзілася і вырасла ў Віцебску, але Варапаева палюбіла даўно. У пасёлку жыве яе цётка Таццяна Іванаўна Януковіч. У яе гасцявала летам, прыяз­джала на святы. На Каляды ў 2006 годзе ў мясцовым Доме культуры пазнаёмілася з Андрэем Клімашэўскім.

— Мы адразу спадабаліся адно аднаму, — успамінала. — Я адзінаццацікласні­ца, Андрэй — навучэнец Лужаснянскага каледжа. Завязалася сяброўства. Перазвоньваліся, пісалі SMS. А Новы, 2007-ы, год Андрэй прыехаў сустракаць да мяне. Пачуцці выпрабоўвалі пяць гадоў.

Дзяўчына закончыла сярэднюю школу, атрымала прафесію повара, адпрацавала належны тэрмін у адным з кафэ роднага горада, потым прадаўцом. Андрэй з дыпломам ветурача ўладкаваўся ў ААТ “Камайскі-агра”. У 2011 годзе яны злучылі свае лёсы ў адзін.

Вяселле згулялі ў Варапаеве, і маладая жонка пакінула абласны цэнтр і прыехала да мужа, які к таму часу абуладкаваўся ў родным пасёлку. Адразу вырашылі, што будуць жыць самастойна. Знялі невялікі домік і пражылі ў ім да таго часу, пакуль не нарадзілася Ульянка. Каб было лягчэй упраўляцца з маленькай дачушкай, перайшлі ў кватэру з выгодамі. Пастаянна марылі пра сваё жыллё. Невялікі домік купілі два з паловай гады таму.

— Домік быў непрыглядны, — расказвала кіраўнік спраў Варапаеўскага сельвыканкама Ганна Сцяпанаўна Рубель. — Але калі гаспадарамі сталі Клімашэўскія, ён пачаў прыгажэць на вачах: перакрылі дах, уставілі новыя вокны, памалявалі звонку. Побач з’явіўся мосцік, зацвілі кветкі.

— Задум і работы яшчэ шмат, — гаварыла Надзя. — Андрэй усё робіць сам, а часу не хапае. Ён працуе пуцейцам. З верасня па студзень быў на вучобе ў Магілёве, атрымаў права працаваць памочнікам машыніста. Тыя паўгода мы з Ульянкай вельмі сумавалі па ім.

— Не шкадуеш, што змяніла абласную прапіску на варапаеўскую? — цікаўлюся.

— Ніколькі! — адказвае. — Я шчаслівая ў сваёй сям’і. Андрэй — мой чалавек, мы — адна каманда, дапаўняем адно аднаго. Ён добры, надзейны, клапатлівы, стараецца і на працы, і дома. Турботы і клопаты ёсць ва ўсіх, але каханне, узаемаразуменне дапамагаюць спраўляцца з часовымі праблемамі, і бытавыя цяжкасці не здаюцца невырашальнымі. Мне падабаецца работа (Надзя — прадавец прыватнага магазіна “Буцік” — аўт.), у нас дружная радня.

— За гэтай парай міжволі назіраю, калі яны вядуць дачушку ў дзіцячы садок, — расказвала Г. С. Рубель. — Заўсёды разам, з добрым настроем. Пражылі шэсць гадоў, а ўражанне такое, быццам толькі збіраюцца пажаніцца. Навука сямейнага жыцця ім перадаецца ад бацькоў, старэйшай сястры Андрэя.

Святло моцнай і дружнай сям’і заўсёды сагравае чалавека. Агеньчык кахання дапамагае ў сучасным вірлівым жыцці і Андрэю з Надзяй, якія не стамляюцца прыемна здзіўляць і падтрымліваць адно аднаго.

Анна АНІШКЕВІЧ.

Фота з сямейнага альбома

Клімашэўскіх.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.