Чароўная пара маладосці


З кожным пражытым годам бег часу чамусьці становіцца ўсё больш хуткім. Вось і маё пакаленне моладзі канца 60-х гадоў мінулага стагоддзя неяк непрыкметна стала ветэранамі працы, а вельмі многія — яшчэ і любімымі бабулямі і дзядулямі для сваіх унукаў. На гэтым здымку, зробленым у 1972 годзе, — 26 дзесяцікласнікаў Дунілавіцкай сярэдняй школы, якім заставалася вучыцца яшчэ паўгода. У той дзень адсутнічала на занятках толькі Тамара Паршанкова з вёскі Свідна. Разам з намі сфатаграфаваліся першы настаўнік, а потым выкладчык гісторыі і грамадазнаўства Мікалай Макаравіч Маркевіч, настаўніца алгебры Людміла Міхайлаўна Харко і выкладчык пачатковай ваеннай падрыхтоўкі Іван Уладзіміравіч Закрэўскі. На жаль, нікога з іх ужо няма ў жывых, як і большасці астатніх нашых шаноўных педагогаў, мудрых і адданых сваёй справе прафесіяналаў. Настаўнікі вельмі многае нам далі — невыпадкова ж 18 выпускнікоў з нашага класа скончылі прэстыжныя ўніверсітэты, інстытуты і тэхнікумы.

Дзякуючы добрым ведам, атрыманым у вясковай школе, усе без выключэння мае сябры сталі сапраўднымі спецыялістамі ў розных сферах (адных толькі медработнікаў і педагогаў з нашага класа выйшла 10 чалавек), а самае галоўнае — годнымі людьмі. Зараз мае былыя аднакласнікі жывуць у Іркуцку, Саратаўскай і Ула­дзімірскай абласцях, а таксама ў розных кутках Латвіі і Літвы і, канешне ж, у роднай Беларусі. Найбольш, шасцёра, жыло ў Паставах, але ў канцы мая 2003 года заўчасна, ва ўзросце 47 гадоў, памёр наш былы завадатар, музыкант, выдатны спартсмен Валодзя Маркевіч. Калі наш клас сустракаўся праз 20 гадоў пасля заканчэння школы, Валодзя быў са сваёй гітарай і падарыў нам шмат задушэўных песень…

Сёлета, 28 мая, мы, былыя аднакласнікі, сустрэнемся зноў. Успомнім не толькі Валодзю Маркевіча, але і Тамару Дрозд, Вольгу Лянкевіч, Тоню Зубовіч, Славіка Будзіча, Антона Савіцкага, якія таксама адышлі ў вечнасць.

Пераглядваючы раз-пораз вось такія старыя фота, у думках вяртаешся ў шчаслівую пару маладосці, смелых планаў і радасці першага кахання. Цяпер многае памянялася, з дапамогай інтэрнэту, скайпа, мабільных тэлефонаў можна імг­ненна звязацца, з кім пажадаеш. Але галоўнае, чаму вучыць жыццё, — людзям трэба часцей сустракацца, не забываць свае карані і родныя мясціны. І ў душы заставацца вось такімі маладымі, як на гэтым здымку. Нягледзячы на колькасць пражытых гадоў.

Уладзімір ШЫК.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.