Чулае сэрца Галіны Віктараўны

Общество

Каля дома 88-гадовай жыхаркі вёскі Вярэнькі Яўгеніі Яўстаф’еўны Гурскай ідэальны парадак. У агародчыку бялее пень спілаванай ліпы, на двары трапляецца свежае пілавінне. Сацыяльны работнік Галіна Віктараўна Казакевіч дамятала рэшткі леташняга лісця.

— З прыходам вясны з’яўляюцца і новыя клопаты, — гаварыла. — Яўстаф’еўна толькі што вярнулася ад нявесткі з Пастаў, дзе правяла зіму. Яна рада, што зноў у сваёй хаце, і я засумавала па ёй.

Пераступаем парог дома. Гаспадыня сядзіць за сталом: зграбная, акуратная, у прыгожай кофтачцы і чысцюткай хустачцы.

— Дачушка мая, што ты ў двары так доўга рабіла? Зачакалася я цябе, — бабуля навобмацак падымаецца з месца. — Ужо каторы год мае вочы  — Галечка, бо бачу як праз густы туман. Не ўяўляю, што рабіла б без дапамогі сацыяльнага работніка. Мела двух сыноў, але смерць забрала іх у маладым узросце, неўзабаве і муж памёр. Нявестка Тамара — вельмі добрая, чулая, кліча жыць да сябе. Аднак пакуль толькі на зіму пераязджаю. Цяжка без прывычкі ў тых гмахах і чужой кватэры. У сваёй хаце ўсё знаёма, тут добра арыентуюся: і ў печцы сама распалю, і кашу звару. У астатнім дапамагае Галя. Зрабіла мне парэнчы, каб магла бяспечна з прыступак спусціцца на зямлю. Вады, дроў прынясе, прадуктаў купіць, у хаце прыбярэ, ціск змерае, з урачом пракансультуецца, першую дапамогу акажа. Даглядае не толькі мяне, але і агарод, дварышча. Якая яна клапатлівая, сумленная,  працавітая! Прапала б я без яе.

— Не турбуйся, даражэнькая, — зусім не па службе супакойвае бабулю сацыяльны работнік. — Зноў ціск падскочыць, сэрца затрапечацца. Як ратаваць буду? Вясна прыйшла, цёпленька стала — будзем радавацца гэтаму.

Галіну Віктараўну Казакевіч у Вярэнькі 10 гадоў таму закінуў лёс. Да гэтага жыла з сям’ёй у Нарачы, працавала тэхнолагам на мясцовым спіртзаводзе. Але аднойчы ноччу і дом, і ўсё нажытае знішчыў агонь. Паспелі толькі самі выбегчы і вынесці пяцігадовага сына. Вырашылі на першым часе прытуліцца ў свекрыві. А старшыня ААТ “Вярэнькі-агра” Васілій Рыгоравіч Шырко даў ключы ад асобнага дома. Муж пайшоў працаваць механізатарам, Галіна Віктараўна — у дзіцячы садок. Шэсць гадоў таму ёй прапанавалі памяняць догляд маленькіх дзетак на клопат пра пажылых людзей.

— Згадзілася не раздумваючы, — расказвала сацыяльны работнік. — Да кожнай бабулі іду як да мамы, адношуся з любоўю. Магу параіцца па любым пытанні. Яны мне падкажуць са свайго вопыту, па-бацькоўску пашкадуюць. І мне за іх душа баліць, яны — як частка маёй сям’і. Некаторыя — адзінокія, у кагосьці ёсць дзеці і ўнукі, але жывуць далёка. А я побач, у любы час магу падбегчы. З усімі стараюся ладзіць. Цяжка развітвацца, праводзіць у апошні шлях.  Я і Імшу за іх душы заказваю, і магілкі даглядаю.

Г. В. Казакевіч абслугоўвае 11 пажылых людзей. Адны жывуць у Вярэньках, да іншых дабіраецца ў Ясева, Койры. Кожны са сваім лёсам, жыццёвымі абставінамі, характарам. І да кожнага Галіна Віктараўна знаходзіць падыход. У іх, умудроных жыццёвым вопытам, шмат чаму навучылася, многае пераасэнсавала. Яна — чалавек пазітыўны, цярплівы, набожны, часам ахвяруе дамашнімі справамі, стараецца для іншых, хвалюецца за падапечных, атуляе іх клопатам і ўвагай. І яны з нецярпеннем чакаюць яе, з радасцю сустракаюць на парозе сваіх дамоў.

За чулае сэрца, адданасць абранай справе словы падзякі Галіна Віктараўна Казакевіч чуе і ад кіраўніцтва тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва.

Тэкст і фота Анны АНІШКЕВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.