Даехалі і зноў перамаглі

Общество

19 красавіка на базе фізкультурна-аздараўленчага комплексу ў Паставах прайшоў традыцыйны злёт-конкурс атрадаў юных інспектараў дарожнага руху, які сабраў 12 каманд з усіх сярэдніх школ горада і раёна.

Злёт, як заўсёды, пачаўся з  пастраення каманд. Іх вітаў начальнік аддзялення ДАІ РАУС Д. М. Андрон. Ён расказаў, як будуць праходзіць спаборніцтвы, прадставіў суддзяў і пажадаў усім удзельнікам поспехаў. Затым адбылася жараб’ёўка каманд, і ў адпаведнасці з атрыманымі нумарамі яны адправіліся здаваць тэарэтычныя і практычныя экзамены. Фігурнае ваджэнне веласіпеда праходзіла на спецыяльна абсталяванай пляцоўцы на стадыёне ФАКа. Там школьнікі дэманстравалі свае навыкі кіравання двухколавым транспартным сродкам, выконваючы 7 элементаў: “паралелі”, “змейку”, перанос прадмета з адной тумбы на другую, “пятакі”, скачок і фініш, на якім трэба было спыніць веласіпед, не збіўшы планку. Кожная памылка каралася штрафным балам. За дакладнасцю выканання заданняў уважліва сачылі дзяржаўтаінспектары А. І. Цымбалюк і А. М. Залатускі.

Тым часам іншыя каманды ў будынку ФАКа здавалі экзамены на веданне Правілаў дарожнага руху і аказанне першай медыцынскай дапамогі пацярпелым, якія прымалі выкладчык РАС ДТСААФ А. С. Пашкевіч і фельчар ЦРБ Ж. А. Дунец. Кожны школьнік атрымліваў білет з пытаннямі і варыянтамі адказаў на іх, сярод якіх трэба было выбраць правільныя. У суседнім пакоі педагогі раённага цэнтра дзяцей і моладзі Т. І. Шумуліанене і К. А. Рубель ацэньвалі прадстаўленыя камандамі тэматычныя насценныя газеты з прыкладзенымі да іх сцэнарыямі выступлення агітбрыгад.

Пры падвядзенні вынікаў у кожным відзе спаборніцтваў былі вызначаны свае пераможцы як у камандным, так і ў індыві­дуальным заліку. Так, у фігурным ваджэнні веласіпеда першае месца заняла каманда СШ №1, другое — Дунілавіцкай ЯССШ, трэцяе — Камайскай СШ. У індывідуальным заліку найбольшую колькасць балаў набралі Ульяна Ландышка з Навасёлкаўскай і Аляксандр Зуеў з Гуцкай сярэдніх школ. Лепшае веданне Правілаў дарожнага руху прадэманстравалі юныя інспектары Дунілавіцкай школы Сняжана Пашкевіч і Аляксандр Капшуль. Разам з сябрамі яны занялі і першае агульнакаманднае месца. На другім месцы школьнікі з Гуты, на трэцім — з Варапаева. У веданні аказання першай медыцынскай дапамогі пацярпелым не было роўных Анастасіі Куталёвай з гімназіі і Вячаславу Бабічу з СШ №1. Сярод каманд перамаглі прадстаўнікі гімназіі, следам за імі размясціліся навучэнцы СШ №4 і Навасёлкаўскай СШ. І, нарэшце, лепшыя насценныя газеты і сцэнарыі падрыхтавалі школьнікі Камайскай СШ, у якіх першае месца, Дунілавіцкай ЯССШ (другое месца) і СШ №5 (трэцяе месца).

Па суме ўсіх конкурсаў першае месца занялі юныя інспектары дарожнага руху Дунілавіцкай яслі-сада — сярэдняй школы. На другім — навучэнцы першай гарадской школы, на трэцім — навасёлкаўскія школьнікі. Акрамя грамат, яны атрымалі тарты і ліманад (іх уручылі і астатнім камандам-удзельніцам), а таксама падарункі: турыстычныя палаткі, тэнісныя ракеткі і валейбольную сетку, прадастаўленыя спонсарамі — індывідуальнымі прадпрымальнікамі Яўгеніем Коўрыкавым і Юрыем Галаўко.

Па словах начальніка Дзяржаўтаінспекцыі Д. М. Андрона, усе ўдзельнікі злёту прадэманстравалі добрыя веды і практычныя навыкі ваджэння веласіпеда. Што датычыць прызёраў, то розніца паміж першым і трэцім месцамі склала ўсяго два балы, і пры падвядзенні вынікаў да апошняга захоўвалася інтрыга: хто ж стане пераможцам? У выніку пальму першынства ў чарговы раз заваявалі дунілаўцы. Дарэчы, яны маглі наогул не трапіць на злёт: па дарозе ў Паставы ў аўтобус са школьні­камі ўрэзаўся грузавік, вадзіцель якога парушыў правілы дарожнага руху. На шчасце, ніхто не пацярпеў, але прыйшлося тэрмінова шукаць новы аўтобус, каб дабрацца ў райцэнтр.

Цяпер пераможцаў чакаюць занальныя спаборніцтвы атрадаў юных інспектараў дарожнага руху. Яны пройдуць 28 красаві­ка ў Міёрах.

Алена ШАПАВАЛАВА.

Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.