Дзеці вайны


У рамках месячніка патрыятычнай работы піянеры-актывісты нашай школы сустрэліся з ветэранам працы Людмілай Данатаўнай Кожух, якая жыве ў вёсцы Ляхаўшчына.

Вясной, улетку і ўвосень кожны чалавек, які праходзіць каля яе невялікай дагледжанай хаты, абкладзенай белай цэглай, міжволі запавольвае крок: хочацца глядзець на рознакаляровыя, рэдкіх сартоў кветкі, якіх у агародчыку незлічоная колькасць, і цвітуць яны з самай ранняй вясны да позняй восені. Улетку на градках паспяваюць розныя сарты памідораў, перцу, іншая агародніна. Ёсць у гэтай гаспадарлівай жанчыны козачкі, куры. У хаце — чысціня і ўтульнасць, прыгожыя вышыўкі, саматканыя дываны і сучасныя рэчы. Усё здавалася б звычайным, калі б не адзін факт — паважаны ўзрост гаспадыні, нядаўна яна адсвяткавала свой 82-гі дзень нараджэння. Невысокая, стройная, рухавая, заўсёды акуратна апранутая, і ў свае немаладыя гады захавала імкненне да працы, цікавасць да жыцця, выдатна вяжа.

Жыццё Людмілы Данатаўны не было лёгкім. Нарадзілася яна ў вёсцы Ласькія, недалёка ад Казлоўшчыны. У сям’і было 6 дзяцей, зямлі не хапала, таму прыйшлося купіць хутар Казіная Гара, каб можна было больш сеяць і атрымліваць яшчэ большы ўраджай. Трымалі і некалькі кароў. Працаваць даводзілася шмат. Бацька Данат Уладзіміравіч Кірэй вучыўся ў Ленінградзе, затым працаваў дырэктарам школы ў вёсцы Рымкі. Здарылася так, што яго несправядліва асудзілі, а жонку з дзецьмі выслалі. Абвінавачванне з бацькі хутка было знята, а вось дзеці з мамай змаглі вярнуцца дамоў не адразу.

У школу дзяўчынцы ісці не выпала — пачалася вайна. Увіхаліся па гаспадарцы, каб пракарміцца. Малыя дзеці ўзімку ся­дзелі на печы — не было на ўсіх абутку. Людміла Данатаўна ўспамінае, як прыходзілі да іх па начах на хутар людзі, а бацькі закладвалі вокны вялікімі падушкамі, каб не было нічога бачна і чутна з вуліцы. Гэта былі байцы дыверсійнай групы “Северные” і партызаны, з якімі быў звязаны бацька. Кніга “Северные”, напісаная камандзірам партызанскага атрада спецыяльнага прызначэння П. Н. Максіменкам, расказвае пра дзейнасць атрада і партызан у Глыбокім, Варапаеве, Вілейцы, Докшыцах, на чыгунцы Маладзечна—Круляўшчызна і ў іншых мястэчках і гарадках тагачаснай Вілейскай вобласці.

Толькі пасля вызвалення Беларусі дзеці змаглі вучыцца. У школу хадзілі спачатку ў Асінагарадок, за тры кіламетры. Месцілася яна ў палове жылой хаты. Сталы, лаўкі для вучняў шукалі па ўсёй вёсцы. Настаўніца з дзвюма дачушкамі прыехала з усходніх раёнаў. Вучыліся разам у адным памяшканні і першы клас, і старэйшыя дзеці. Пазней хадзілі пешшу ў школу ў Рудае да самых халадоў басанож, а зімой у валёнках, на якіх былі прымацаваны кавалкі гумы ад аўтамабільных шын, каб не намоклі. Дарогі тады ніхто не расчышчаў, ішлі дзеці па глыбокім снезе. На 15 чалавек была адна кніжка, але ж дзеці стараліся, бо за гады вайны проста засумавалі па школе. У першым класе пісаць не было на чым, дзеці неслі з дома ў анучках халодныя вугольчыкі з печы і на фанерках або на кавалачках кардону запісвалі прыклады і задачы.

З 14 гадоў пачаўся яе працоўны стаж. Вучыцца далей не давялося. Працавала паштальёнкай, выйшла замуж за добрага чалавека, нарадзіліся двое дзяцей. Купілі маленькую хату, зрабілі да яе прыбудову. Шчыравалі ў саўгасе: муж Станіслаў Нікадзімавіч быў добрым механізатарам, а Людміла Данатаўна працавала ў паляводстве і на цялятніку. Яе фатаграфія заносілася на Дошку гонару саўгаса. Мае медаль “Ветэран працы”. На жаль, муж памёр рана. Людміла Данатаўна працягвала працаваць, трымала гаспадарку, дапамагала дзецям, якія зараз клапоцяцца пра яе. Сын Міхаіл — настаўнік вышэйшай катэгорыі, вучаніца якога атрымала 100 балаў на тэсціраванні па беларускай мове. Працуе ў гімназіі №1 г. Жо­дзіна, піша вершы, з’яўляецца аўтарам гімна гімназіі. Дачка Рыма — жонка афіцэра, жыве і працуе ў Калінінградзе. Радуюць бабулю і ўнучкі, дарослыя, адукаваныя. Алеся жыве ў Мексіцы, Іра — у Ка­лінінградзе, Юля — юрыст на заводзе “БелАЗ” у Жодзіне. Наведвае цётку і пляменнік, доктар фізіка-матэматычных навук у Маскве. Гасцей у гэтым доме заўсёды чакалі, і іх заўсёды было многа: сваты, швагры, унукі, сябры ўнукаў, а цяпер і праўнукі. Кожнае лета клапатлівая гаспадыня запасаецца нарыхтоўкамі, дапамагаюць ёй нявестка Наташа, выдатная настаўніца, і ўнучка Юля.

Не абмінулі Людмілу Данатаўну хваробы, але яна не здаецца. Шчыруе па гаспадарцы, вырошчвае кветкі, вяжа, а ў апошні час, на працягу чатырох гадоў, даглядала цяжкахворую сястру, якую забрала да сябе з бальніцы. З вялікай радасцю, хоць і нячаста, таму што баляць ногі, наведвае царкву ў Асінагарадку.

Шмат цікавага і хвалюючага расказала нам Людміла Данатаўна, а на развітанне нагадала дзецям, якое добрае і спакойнае цяпер жыццё, колькі ў іх ёсць магчымасцей для таго, каб атрымаць добрую адукацыю, а пасля і добрую работу, падкрэсліла, што дзеці павінны любіць і шанаваць сваю Радзіму, бацькоў, настаўнікаў. Такія сустрэчы пакідаюць добры адбітак у сэрцах, бо няма нічога больш важнага для будучыні народа, чым повязь пакаленняў, калі гісторыя краіны паўстае такой жывой і кранальнай.

С. АЛІХВЕР,

настаўніца Ляхаўшчынскай

яслі-сад-базавай школы.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.