Галоўнае — маладыя душой


Пра сапраўдны ўзрост чалавека трэба меркаваць не па гадах, а па стане душы. Так лічаць многія пенсіянеры Лынтупшчыны. Самыя актыўныя з іх выйшлі на сцэну пасялковага Дома культуры і даказалі: рознабаковыя таленты, добрая фізічная форма, выдатныя артыстычныя здольнасці ўласцівы і людзям з важкім жыццёвым вопытам.

Свята творчасці і гумару “Помню, я молодушкой была” прайшло ў пасёлку 30 сакавіка. Яго галоўным арганізатарам выступіла мясцовае аддзяленне дзённага знахо­джання Пастаўскага ТЦСАН. Створанае зусім нядаўна, яно хутка стала цэнтрам сустрэч і адпачынку старэйшага пакалення лынтупчан. Тут дзейнічаюць шматлікія гурткі па інтарэсах, ладзяцца сумесныя вандроўкі, заняткі спор­там… Наведвальнікі адгукаюцца на любыя ініцыятывы. З інтарэсам успрынялі і прапанову паўдзельнічаць у творчым спаборніцтве.

Больш за месяц плённай падрыхтоўкі — і ўдзельнікі гатовы да выступлення. Падтрымлівала іх цэлая зала гледачоў. Ганаровымі гасцямі мерапрыемства сталі начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Г. М. Чаплінская, начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама П. Л. Курто, дырэктар Пастаўскага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Д. І. Пякарская, галоўны спецыяліст раённага Савета дэпутатаў А. У. Мінкевіч. Яны занялі месца ў журы.

— Мы арганізавалі конкурс для таго, каб даказаць, што прыгажосць — неабавязкова сінонім маладосці, — пачала мерапрыемства вядучая, галоўны арганізатар свята, загадчыца філіяла “Лынтупы” А. А. Валасевіч. — Гэта паняцце ўключае ў сябе непаўторную абаяльнасць, розум, вопыт, унутраную культуру. Маладосць — яна ў сэрцах. Атрымліваць асалоду ад жыцця можна ў любым узросце.

Гэта і даказаў кожны з 10 канкурсантаў. На сцэну ў той дзень выйшлі лынтупчанкі Вольга Пятроўна Мажута, Тэрэса Віктараўна Мальч, Валянціна Уладзі­мі­раўна Пяткевіч, Валянці­на Мікалаеўна Сасноўская, Алена Лявонаўна Салянікава, Алілія Аліеўна Акачонак, Ванда Восіпаўна Лукша, Галіна Адамаўна Кутуць, а таксама Алена Мікалаеўна і яе муж Анатоль Мікалаевіч Мудрыя з вёскі Рагонішкі. У кожнага з іх — свая жыццёвая дарога, свой лёс, багаты як на радасныя, так і на сумныя падзеі. Аднак усіх удзель­нікаў аб’ядноўваюць аптымізм, жыццялюбства, уменне сябраваць і жаданне не стаяць на месцы. Дзясяткі гадоў яны прысвяцілі працы ў самых розных арганізацыях, шмат сіл уклалі ў выхаванне дзяцей, унукаў і тым не менш імкнуцца адпачываць максімальна актыўна.

Першым этапам мерапрыемства стала “Бітва талентаў”. Канкурсанты паказалі нумары мастацкай самадзейнасці і тым самым раскрылі свой багаты творчы патэнцыял. Якімі рознымі аказаліся выступленні! Удзельнікі танцавалі даўнейшы танец падэспань, пранікнёна чыталі вершы, спявалі як сумныя, так і вясёлыя народныя песні… Хіба паверыш у тое, што на сцэне не прафесійныя артысты?

Ёсць гумарыстычны выраз: з нічога жанчына можа зрабіць тры рэчы — салату, скандал… і капялюш, — адкрывала вядучая наступны конкурс. — Спынімся на капялюшыках. Гэта сапраўды чароўны прадмет гардэробу. Мяняеш капялюшык — мяняецца вобраз. Ён быў і застаецца выдатным сродкам спадабацца процілегламу полу.

У пацвярджэнне гэтых слоў канкурсанткі выйшлі на сцэну ў арыгінальных элегантных капелюшах, аздобленых сваімі рукамі. Дадалі ў вобраз аксесуары — пальчаткі, сумачкі, накідкі — і дэфіле атрымалася сапраўды эфектным. Ролю галантнага джэнтльмена ў смокінгу па-майстэрску сыграў Анатоль Мікалаевіч Мудры.

Заключны этап меў назву “Точь-в-точь”. Выступоўцы пераўвасобіліся ў зорак савецкай і сучаснай эстрады. Перад гледачамі паўсталі Мая Крысталінская, Марыя Мардасава, Валянціна Талкунова. Актрыса Рына Зялёная разам з Бураціна праспявалі вядомы хіт чарапахі Тарцілы “Триста лет тому назад”. Авацыі выклікаў нумар А. М. Мудрага, які на некалькі хвілін стаў Рыгорам Лепсам. Уразіла і песня гурта “Комбинация” “А я люблю военных”, калі на сцэну разам з канкурсанткамі выйшлі салдаты тэрміновай службы пагранічнай заставы “Лынтупы”. У выніку атрымаўся паўнавартасны канцэрт у стылі рэтра, які выклікаў шмат станоўчых эмоцый.

У перапынках паміж конкурсамі гледачоў сваёй музычнай творчасцю парадавалі Вячаслаў Мураўёў, Юлія Валасевіч, Кацярына Пякарская, Анастасія Раманоўская, Дзіяна Літві­новіч, Андрэй Гутар.

Вынікі падвяла старшыня журы Г. М. Чаплінская.

— Дзве гадзіны мерапрыемства праляцелі, як  адно імгненне, — адзначыла яна. — Дзякуй за ваша старанне, за свята, якое падарылі ўсім нам. Вылучыць кагосьці вельмі складана. Кожны выступоўца энергічны, разумны, таленавіты, а галоўнае — малады душой.

Тытулы “Міс Бездакорны стыль”, “Міс Глядацкіх сімпатый”, “Міс Шарм і Абаяльнасць”, “Міс Натхнененне”, “Каралева прыгажосці” і іншыя атрымалі абсалютна ўсе ўдзельнікі конкурсу. Як і невялікія падарункі — кветкі і прысмакі. Іх прадаставіла спонсар — індывідуальны прадпрымальнік Фаіна Мінаеўна Савіч.

На мерапрыемстве можна было шмат чым захапляцца. Сцэнарый, песенны рэпертуар, суправаджальныя слайды і прэзентацыі на вялікім экране — усё на высокім узроўні. Асобных кампліментаў заслугоўваюць касцюмы — яны ўпрыгожвалі кожны нумар.

— Усё рабілі сваімі рукамі, — патлумачыла пазней Алена Валасевіч. — Сярод выступоўцаў, работнікаў лынтупскай сацыяльнай службы  ёсць жанчыны з сапраўды залатымі рукамі. Не адзін дзень ім давялося правесці за швейнай машынкай. Ды і наогул сіл і часу ў падрыхтоўку мерапрыемства ўкладзена шмат. Аднак мы ва ўсім прытрымліваемся прынцыпу: калі рабіць штосьці, то з усёй душой, поўнай самааддачай. Вельмі ўдзячна ўсім, хто падключыўся да падрыхтоўкі конкурсу: найперш супрацоўнікам аддзяленняў кругласутачнага знаходжання, тэрміновых сацыяльных паслуг і сацыяльных паслуг на даму. Свята атрымалася не толькі для гледачоў, але і для нас саміх.

 

Іна СНЯЖКОВА.

 Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.