Горкі сум адзіноты


Па гравійцы едзем ад Вярэнек на Батві­навічы. Перад самай вёскай, што месціцца на ўзгорку і прываблівае погляд акуратнымі домікамі, пафарбаванымі ў яркія колеры, — паказальнік “Яськавічы”. Зварочваем на палявую дарогу. На ёй бачны сляды аўтамашыны. Мяркуем, што перад намі сюды заязджаў аўтамагазін. Пад яркімі цёплымі промнямі сонейка зямля адтаяла, таму вадзіцелю прыходзіцца быць пільным. У некаторых месцах, хутчэй за ўсё, у мінулым годзе, дарога падсыпана.

Дзесьці праз кіламетр нас сустракаюць першыя пабудовы. Адразу бачна, што яны даўно не маюць гаспадароў: у старых садах калышацца сухая леташняя трава, у ёй валяюцца абламаныя галіны яблынь. Вакол хат, якія дзічэюць, ні агароджаў, ні пратаптаных сцежак — на падворкі даўно ніхто не заходзіць, яны зарастаюць хмызняком і пустазеллем. На ўзбочыне вуліцы расце высокая прыгожая, напэўна, векавая елка, якая пад павевам ветру шырока размахвае галінамі. Зямля пад ёй густа ўсцелена шышкамі. З адной з хацін выходзіць чалавек.

— Я не мясцовы, — тлумачыць, — зайдзіце да бабы Тоні, яна — адзіная жыхарка Яськавіч, старажыл.

Бабуля сустракае на парозе. Па хаце перамяшчаецца з дапамогай спецыяльнага прыстасавання.

— Некалькі гадоў таму конь заблытаў мяне ў ланцуг, — распавядае. — Павалілася і зламала нагу. Дзякуючы дактарам стала на ногі і паціху ўпраўляюся. Праз тры месяцы мне будзе 90.

Антаніна Міхайлаўна Рослік век дажывае ў адзіноце. Уласнай сям’і не мела, родных даўно страціла. Жыве ў хаце, якую ў свой час пабудаваў яе дзед. Яго жанчына не бачыла, а вось многія рэчы захоўваюць памяць пра гаспадара. Побыт хаты нагадвае XIX стагоддзе. З “цывілізацыі” — электрычнасць, тэлефон, тэлевізар, халадзільнік.

Жыццё бабулі Тоні лёгкім не было ніколі, радасці ў ім зведала мала, а вось расчараванняў і перажыванняў хапіла. У 24 засталася без бацькі, ён памёр у 50-гадовым узросце. Усе гаспадарчыя справы ляглі на яе плечы як старэйшай з дзяцей. Касіла, жала, арала. Дапамагалі маці 22-гадовая сястра і 12-гадовы брат. Сястра неўзабаве выйшла замуж, а Тоня з братам засталіся пры маці. Вельмі шкадавалі яе, можа, таму і не стварылі сваіх ­сем’яў. Была праца ў калгасе і на ўласнай зямлі, трымалі немалую гаспадарку: карову, каня, свіней, курэй. Брат любіў займацца пчоламі, якіх мелі 30 вулляў. Пяць гадоў таму брат памёр, і домікі апусцелі. Вымушана была прадаць каня і карову.

— Некалі за параконным плугам лёгка хадзіла, барозны клаліся — люба пагля­дзець! — гаварыла Антаніна Міхайлаўна. — А цяпер без хадуноў кроку не ступлю. І ў люстэрка ніколі не гляджуся — самой страшна. Што гады зрабілі! Дзетка, схавай фотаапарат, не псуй маім здымкам газету. Лепш напішы пра тых добрых лю­дзей, якія мяне не забываюць і дапамагаюць. Я адна, але не пакінутая. Штодня заходзіць Віця Жыжаль. Ён дзетдомаўскі. Пасяліўся ў адным з вясковых дамоў. Прынясе вады, дроў, дапаможа ва ўсім, пра што ні папрашу. Клапоцяцца пра мяне і жанчыны з суседніх Батвінавіч. Фрэда Альфонсаўна Каравацкая, Яўгенія Ула­дзіміраўна Пішч, Тэрэса Баляславаўна Шусціцкая часта тэлефануюць, праз Віцю перадаюць прысмакі. Аўталаўка прыходзіць. Час ад часу наведваюцца старшыня Камайскага сельсавета Генадзій Часлававіч Урбанайць, старшыня гаспадаркі Васілій Рыгоравіч Шырко, мала­дзенькая дакторка з Вярэнькаўскага ФАПа прыязджае. Дроў брат нарыхтаваў шмат, і цяпер імі грэюся. І сельсавет прывозіў. Столькі зім мне, напэўна, ужо і не адмерана, на колькі маю дроў.

Пляменнік з Нарачы пастаянна прапаноўвае Антаніне Міхайлаўне перабрацца да яго, у Паставы кліча стрыечная сястра, але яна не хоча пакідаць дарагі сэрцу куточак. Хоць у хаце ўсё прыходзіць у заняпад, тут бабуля жыве сваім жыццём. Па тэлефоне падтрымлівае сувязь з роднымі і знаёмымі, з тэлевізара даведваецца пра падзеі ў свеце і краіне.

Памяць у яе і зараз выдатная. Не блытаецца ні ў прозвішчах, ні ў датах. З задавальненнем успамінае мінулае. У Яськавічах было каля 10 хат. Амаль у кожнай — вялікія сем’і. Людзі шмат працавалі. У полі рыкалі каровы, у хлявах рохкалі свінні, кудахталі куры ды кукарэкалі пеўні. Весяліцца ўмелі і малыя, і старыя.

Ад светлых успамінаў у жанчыны, здаецца, разгладжваюцца маршчыны, а ў вачах з’яўляюцца іскрынкі радасці.

— Упэўнена, Усявышні кіруе нашым лёсам, — гаварыла. — Мне назначыў такі. Ні пра што не шкадую. Жыла сумленна. З братам было весялей. Цяпер часам ахінае горкі сум адзіноты. Але са сваёй хаткі нікуды з’язджаць не хачу. Не прыстасаваная я да іншых умоў. Дасць Бог, адсюль адыду ў вечнасць…

Развіталася з доўгажыхаркай, і сум агарнуў душу: як няпроста дажываць бабулі ў гэтай лясной вёсачцы, век якой закончыцца разам з векам апошняй жыхаркі.

Анна АНІШКЕВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.