І новага лідара выбралі

Общество

В. П. Арэхаў уручае Ганаровую грамату раённага Савета дэпутатаў Лізе Галаўко.

8 красавіка ў вялікай зале пасяджэнняў райвыканкама адбылося сумеснае пасяджэнне прэзідыума раённага Савета дэпутатаў і Маладзёжнай палаты пры гэтым органе ўлады. Разам яны абмеркавалі, наколькі паспяхова на Пастаўшчыне ажыццяўляецца рэалізацыя маладзёжнай палітыкі.

Асноўным дакладчыкам па гэтай тэме выступіла начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Галіна Мікалаеўна Чаплінская. Яна паведаміла, што ў нашым раёне пражывае каля сямі тысяч жыхароў ва ўзросце ад 14 да 31 года, што складае 18% ад агульнай колькасці насельніцтва. З іх у горадзе — 4944 чалавекі, у сельскай мясцовасці — 1798.

У рабоце з моладдзю асаблівая ўвага надаецца грамадзянска-патрыятычнаму і маральнаму выхаванню, прапагандзе здаровага ладу жыцця і арганізацыі вольнага часу. З гэтай мэтай праводзяцца розныя тэматычныя акцыі і мерапрыемствы: аўта­прабег «Памяці загінуўшых герояў», дзіцяча-юнацкае свята выяўленчага мастацтва «Перамога вачамі дзяцей», раённы турыстычны злёт моладзі, пазнавальная праграма «Мая Радзіма — Беларусь», спартыўнае мерапрыемства «Я ў армію пайшоў бы, няхай мяне навучаць», акцыі «Бессмяротны батальён», «Зорка Перамогі», «Мы — грамадзяне Беларусі», «Праспяваем Гімн разам», «За любімую Беларусь!», «Дзень прызыўніка», «Памяць», «Разам за моцную і квітнеючую Беларусь» і іншыя. Сталі традыцыйнымі рэспубліканскія і раённыя мала­дзёжныя суботнікі па добраўпарадкаванні горада, навядзенні парадку каля помнікаў і на воінскіх пахаваннях. У цэлым у год праводзіцца звыш пяцідзесяці раённых мерапрыемстваў.

Адным з напрамкаў дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі з’яўляецца падтрымка маладых сем’яў. З гэтай мэтай у раёне чацвёрты год запар праводзіцца адкрыты сельскагаспадарчы конкурс сярод маладых сем’яў, якія пражываюць у сельскай мясцовасці «Майстры вёскі». Да ўдзелу ў ім запрашаюцца і маладыя сем’і з гарадоў-пабрацімаў Пастаў. Конкурс закліканы не толькі паказаць прыклад дружнай, творчай і актыўнай сям’і, але і спрыяць папулярызацыі сельскагаспадарчай працы.

Яшчэ адзін важны напрамак у рабоце з моладдзю — ахова грамадскага парадку. Пры сельвыканкамах, арганізацыях і прадпрыемствах раёна створана 21 добраахвотная дружына па аказанні дапамогі органам унутраных спраў Рэспублікі Беларусь і 5 добраахвотных дружын па аказанні дапамогі ў ахове Дзяржаўнай граніцы органам пагранічнай службы Рэспублікі Беларусь. Летась дружыннікі неаднаразова ўзнагароджваліся Падзякай старшыні Дзяржаўнага пагранічнага камітэта Рэспублікі Беларусь Л. С. Мальцава, старшыні Пастаўскага раённага выканаўчага камі­тэта В. С. Гутарава, камандзіра вайсковай часці 2044 А. І. Маркевіча і начальнікаў пагранзаставы. Прадугледжаны меры матэрыяльнага заахвочвання дружыннікаў: даплата за выхад на дзяжурства, прадастаўленне адгулаў і дадатковых дзён для адпачынку. Праводзяцца раённыя і абласныя спаборніцтвы сярод добраахвотных дружын. З 2012 года праходзіць штогадовы агляд-конкурс на званні «Лепшы грамадскі пункт аховы правапарадку», «Лепшы дружыннік» і «Лепшая добраахвотная дружына».

Моладзь Пастаўшчыны дасягнула значных вынікаў у творчасці, навуцы, мастацтве. 546 школьнікаў з усіх устаноў адукацыі лічацца ў спісах таленавітай моладзі раёна. У гэтым навучальным годзе тры навучэнкі раёна занялі прызавыя месцы ў заключным этапе рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах. Выхаванцы школ мастацтваў раёна займаюць прызавыя месцы ў міжнародных, рэспубліканскіх і абласных конкурсах і фестывалях. Шэсць навучэнцаў Пастаўскай школы мастацтваў імя А. Тызенгаўза з’яўляюцца стыпендыятамі фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі.

Каб дапамагчы юнакам і дзяўчатам лепш сарыентавацца ў выбары навучальных устаноў і прафесій, запатрабаваных на рынку працы, аддзелам ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі на вясенніх канікулах праводзіцца прафарыентацыйны злёт для выпускнікоў базавых і сярэдніх агульнаадукацыйных школ.

Штогод у раён прыбывае больш за 130 маладых спецыялістаў. Вядзецца мэтанакіраваная работа па іх адаптацыі на першых працоўных месцах і наступным замацаванні на Пастаўшчыне. Для гэтага арганізуюцца сустрэчы з кіраўніцтвам раёна, тэматычныя вечары, праводзіцца маладзёжны форум. Маладыя спецыялісты, якія ў поў­най ступені здолелі праявіць свае прафесійныя навыкі і арганізатарскія здольнасці, уключаюцца ў перспектыўны кадравы рэзерв. Зараз у iм знаходзяцца 38 маладых людзей ва ўзросце да 31 года. Сярод найбольш адораных маладых спецыялістаў праводзіцца конкурс прафесійнага майстэрства «Шлях да поспеху». У калектыўных дагаворах многіх прадпрыемстваў і арганізацый прадугледжаны шэраг ільгот і дадатковых выплат маладым спецыялістам, работнікам, якія вучацца на завочнай форме навучання, маладым ­сем’ям у сувязі з уступленнем у шлюб і нараджэннем дзіцяці, наймам і будаўніцтвам жылля.

Больш падрабязна пра рэалізацыю маладзёжнай палітыкі ў зоне сваёй адказнасці расказалі дырэктар Гуцкай СШ Іна Генадзь­еўна Касарэўская і першы сакратар райкама БРСМ Іна Каралёва. З вынікамі дзейнасці Мала­дзёжнай палаты пры раённым Савеце дэпутатаў азнаёміла яе старшыня Лізавета Галаўко. Маладзёжнае аб’яднанне існуе крыху больш за год. За гэты час яго актывісты прынялі ўдзел у розных праектах, мерапрыемствах, акцыях і спартыўных турнірах, удзельнічалі ў жыцці школы і раёна, займаліся дабрачыннай дзейнасцю. За асабісты ўклад ва ўдасканаленне маладзёжнай палітыкі Лізавета Галаўко ўзнагароджана Ганаровай граматай раённага Савета дэпутатаў.

Паколькі сёлета Ліза заканчвае школу і не зможа ў далейшым курыраваць дзейнасць Маладзёжнай палаты, адбыліся датэрміновыя выбары новага старшыні. Ім стала навучэнка СШ №3 Кацярына Мацюшонак. Яна — сапраўдны лідар і прыклад для аднагодкаў. Каця выдатна вучыцца, актыўна ўдзельнічае ў алімпіядах па розных прадметах, школьных і раённых мерапрыемствах, ініцыятыўная і мэтанакіраваная.

Кацярына Мацюшонак.

Разам з Лізаветай Галаўко са складу Маладзёжнай палаты па прычыне заканчэння сёлета школы выйшлі і іншыя яе члены. Іх месца занялі 16 новых актывістаў. Старшыня раённага Савета дэпутатаў Віктар Пятровіч Арэхаў уручыў ім спецыяльныя пасведчанні.

Тэкст і фота  Веранікі ФІЛАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.