І новыя радкі рыфмуюцца


“Нешта ўначы не спалася: розныя думкі вярэдзілі душу. Узгадваліся карцінкі з мінулага жыцця, калі ўся сям’я была пры мне. І словы самі клаліся на рыфму”, — напісала ў сваім лісце ў рэдакцыю жыхарка вёскі Гута Галіна Іванаўна Язёнак. Пазней у тэлефоннай размове расказала пра сябе больш падрабязна.

Нарадзілася ў Бельках. Тут закончыла васьмігодку. Адсюль і замуж ішла ў Рымкі. Праз некаторы час сям’я пераехала ў Белькі. Яны і цяпер сэрцу мілыя, але абставіны вымусілі перабрацца ў Гуту. На гэта паўплывала не столькі тое, што вёска прыкметна пацішэла і пастарэла, колькі самота па тым, што незваротна страчана.

З мужам Паўлам пражылі добра. Працавалі абое: ён — механізатарам, яна — і на будоўлі, і паштальёнам, і даяркай на ферме. Выхавалі дзвюх дачок, пайшлі на пенсію. А ў 2009 годзе мужа не стала, пра што Галіна Іванаўна забыць не можа і пра што піша: “Ты теперь плутаешь в небесах высоко, а я в своём доме живу одиноко. Боже, как жестоко нас судьба  скосила, а бороться с нею не хватает силы. Но есть у меня дети, есть у меня внуки — они не дают мне умереть от скуки…”

Галіна Іванаўна купіла сабе хату ў Гуце і жыве цяпер побач з дачкой Аленай. Штодзень, устаўшы, спарадкуецца дома: выцепліць печку, наварыць есці, паглядзіць па тэлевізары любімыя перадачы або пачытае раёнку і адпраўляецца дапамагчы па гаспадарцы Алене. Клопатаў у яе шмат (А. П. Болт працуе настаўніцай у Варапаеўскай СШ — аўт.). Выдасца вольная часіна — сустрэнецца з вясковымі жанчынамі, суседкамі. Але найчасцей — са сваццяй, а яна таксама па суседстве жыве, толькі з другога боку, усялякія навіны любіць абмяркоўваць. А яшчэ тэлефануе другой дачцэ, Таццяне, якая жыве ў Паставах.

У думках Г. І. Язёнак нярэдка вяртаецца ў Белькі. Якой прыгожай была раней вёска яе дзяцінства! А сёння, як і многія іншыя, яна пусцее, вымірае. Зноў і зноў жанчына прызнаецца ў сваёй адданасці, любові да роднага кута: “Где бы я ни была, люблю тебя всею душою, деревенька моя, уголочек родной, я всем сердцем навеки с тобою».

Узгадвае Галіна Іванаўна і тыя гады, калі вучылася ў Варапаеўскай сярэдняй школе. Было гэта больш за паўвека таму, а сёлета споўніцца роўна 50, як для яе і ўсіх выпускнікоў таго года празвінеў апошні званок. Перад традыцыйным вечарам сустрэчы ў пачатку лютага запланавала апавясціць былых аднакласнікаў праз раённую газету, але неспадзявана захварэла і не зрабіла гэтага. Тым не менш на мерапрыемства паехала — дачка ўгаварыла. Са свайго класа не сустрэла нікога, але ўсё роўна рада была пабыць у святочнай атмасферы, пра што, магчыма, і верш напішацца.

За вокнамі —  вясна. Іванаўна не паддаецца ўзросту, радуецца цяплу і птушынаму спеву — і новыя радкі рыфмуюцца.

Галіна ПІШЧ. 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.