Іншай работы не ўяўляе

Сельское хозяйство

У гэту сераду, як і ў папярэднія дні, механізатар СП “Дунілавічы-агра” Валерый Вайткевіч вярнуўся дамоў  раней, чым звычайна. З-за холаду і дажджу зноў не ўдалося як след папрацаваць  у полі. Тым не менш у сяргеевіцкім аддзяленні, дзе пераважае пясчаная глеба, паспеў пасеяць ужо 250 гектараў аўса.

— Калі  б не перашкаджала надвор’е, то на сённяшні дзень мог бы мець намнога вышэйшую выпрацоўку, — адзначыў Валерый. — Але ў такой сітуацыі, як зараз,  нічога не зробіш. Застаецца чакаць і настройвацца на працу ад цямна да цямна. Такі рэжым дня мяне ніколькі не палохае, бо за два дзясяткі гадоў даводзілася весці сяўбу ў розных умовах. Як складана ні было б, з работай заўсёды спраўляліся.

Валерый Вайткевіч увесь час працаваў на сяўбе. А атрымаўшы тры гады назад МТЗ-3022 з пасяўным агрэгатам “АПП-6”, стаў вядучым сейбітам сельгаспрадпрыемства. Летась, напрыклад, пасеяў яравыя зерневыя, рапс і кукурузу на 937 гектарах  і заняў першае месца ў раёне. Восенню механізатар таксама вызначыўся на сяўбе азімых. На пытанне, ці ўдасца замацаваць мінулагодні поспех сёлета, не задумваючыся, адказаў:

— Буду старацца.  План сяўбы вялікі, так што работы хопіць і мне, і Аляксандру Парневічу, у якога сеялка “Лемкен”, і іншым механізатарам. Дачакацца б  цяпла.

Для Валерыя стала нормай у добрае надвор’е засяваць за дзень па 35, 40 і больш гектараў зерневых ці іншых культур. Спа­дзяецца, што і гэтай вясной зможа разгарнуцца як след, бо на самых складаных, гарыстых участках, дзе затрачваецца больш часу, ужо зелянее азіміна. Механізатар не горш за спецыяліста ведае, дзе і што сеяць, заўсёды ў спраўным стане яго тэхніка.  У Старым Двары з-за складанага фінансавага становішча сельгаспрадпрыемства, невысокай заработнай платы  засталося няшмат механізатараў. Валерый Вайткевіч не збіраецца мяняць месца работы. Лічыць, што чалавек павінен жыць і працаваць там, дзе нара­дзіўся. Прызнаўся, што і сёння, як і ў першыя гады працы, ён з радасцю і хваляваннем назірае за ўсходамі, за тым, як спее колас, падчас жніва напаўняецца збажыной бункер камбайна, ганарыцца тым, што яго работа прыносіць плён.

Тэкст і фота

Пятра КУРЫЛОВІЧА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.