Карыстаюцца вялікім попытам


Дваццаць гадоў назад, 2 красавіка, быў падпісаны важны гістарычны дакумент — Дагавор “Аб утварэнні садружнасці Расіі і Беларусі”. Гэты дзень афіцыйна стаў Днём яднання народаў дзвюх краін. Утварыўшы саюз, дзяржавы арганізуюць маштабныя сумесныя праекты, цесна і дастаткова плённа супрацоўнічаюць у знешнепалітычнай дзейнасці,  розных галінах народнай гаспадаркі, навукі і адукацыі. Яшчэ больш трывалыя культурныя і жыццёвыя сувязі жыхароў нашых краін. Прыкладам такіх адносін з расійскімі рэгіёнамі з’яўляецца і наша Пастаўшчына.

Карыстаюцца вялікім попытам

У першай палове кастрычніка мінулага года ў Новасібірску, на галоўнай плошчы горада, праходзіў другі кірмаш беларускіх тавараў. На ім шырока былі прадстаўлены харчовыя вырабы, ­адзенне, абутак, касметыка. Сярод 30 прадпрыемстваў-вытворцаў, якім выпаў гонар прэзентаваць сваю прадукцыю ў далёкім ад Беларусі расійскім рэгіёне, быў і Пастаўскі малочны завод. Пераадолеўшы больш за 4 тысячы кіламетраў, аўтамашына даставіла сібіракам 20 тон сыроў і масла.

—  Новасібірск стаў яшчэ адным буйным горадам, дзе пакупнікі высока ацанілі якасць і натуральнасць нашых вырабаў, — адзначыў першы намеснік дырэктара прадпрыемства В. У. Катовіч. — А ўвогуле,  Расійская Федэрацыя была і застаецца для нашага прадпрыемства  галоўным экспарцёрам прадукцыі. Мяркуйце самі: летась мы атрымалі 5,3 тысячы тон сыроў, што амаль на 780 тон больш, чым было ў папярэднім го­дзе. Рэалізаваць такую колькасць у Беларусі нерэальна. Таму і пашыраем геаграфію паставак.

Вельмі важным з’яўляецца тое, што кіраўніцтву малаказавода ўдалося выйсці на пастаянных аптовых пакупнікоў. Такімі, у прыватнасці, з’яўляюцца  акцыянернае таварыства “Тандэр” (Краснадар) з сеткай магазінаў “Магніт” і таварыства з абмежаванай адказнасцю “Элемент-Трэйд”  (Екацярынбург”) і яго гандлёвая сетка “Манетка”. Па колькасці  аб’ектаў і тэрыторыі прысутнасці яны з’яўляюцца лідарамі ў Расіі. Толькі праз магазіны “Магніт” летась было прададзена 3102 тоны пастаўскіх сыроў на суму 106 мільярдаў рублёў. А ўвогуле, у розныя рэгіёны суседняй  краіны кожны месяц адгружаецца ў сярэднім да 450 тон гэтай прадукцыі. Актыўна асвойваюцца рынкі Крыма.

З увядзеннем новага сырнага цэха вытворчасць стала безадходнай. Напрыклад, калі раней атрымліваемую сыроватку ў лепшым выпадку скармлівалі жывёле, то цяпер канцэнтруюць  і таксама рэалізуюць на экспарт.

Прадукцыя пад гандлёвай маркай “Паставы-гарадок” адрозніваецца ад іншай сваімі пажыўнымі якасцямі, натуральнасцю. Гэта адзначаюць не толькі пакупнікі, але і прафесіяналы. Па выніках розных конкурсаў і выставак тыя ж сыры ўдастоены шматлікіх прэстыжных узнагарод, з’яўляюцца “Лепшымі таварамі Рэспублікі Беларусь”, “Лепшымі тавараміі Рэспублікі Беларусь на рынку Расійскай Федэрацыі”, “Лепшай прадукцыяй года”, “Чэмпіёнам смаку-2015”. Гэта яшчэ больш умацоўвае імідж прадпрыемства, павышае канкурэнтаздольнасць вырабаў.

Яднаюць мастацтва, народная творчасць

Падчас мінулагодняга Міжнароднага фестывалю народнай музыкі “Звіняць цымбалы і гармонік” у гарадскім парку адбылося ўрачыстае адкрыццё памятнага знака, прысвечанага гарадам-пабрацімам. Разам з іншымі годнае месца на ім занялі мармуровыя таблічкі з выявамі гербаў і назвамі, прысвечанымі гораду Невелю, Пушкінскаму і Курскаму раёнам Маскоўскай і Курскай абласцей.  Менавіта з гэтымі рэгіёнамі Расійскай Федэрацыі некалькі гадоў назад былі заключаны дагаворы аб супрацоўніцтве. Найбольш плённа і паслядоўна яны рэалізуюцца ў культурнай сферы, абмене афіцыйнымі дэлегацыямі.

Толькі ў апошнія 2-3 гады гледачы і журы міжнароднага фестывалю высока ацанілі творчасць квартэта балалаечнікаў і народнага ан­самбля народнага танца “Расіяначка” г. Пушкіна, народнага калектыву “Куране”, самадзейных музыкаў, танцораў і спевакоў Смаленскага дзяржаўнага інстытута мастацтваў, гарманіста Міхаіла Саванцеева, які прыехаў у Паставы ажно з Петрапаўлаўска-Камчацкага, іншых выканаўцаў.

Заўсёды перапоўненая зала раённага Дома культуры па вуліцы Станкевіча, калі там выступаюць прафе­сійныя артысты з суседняй краіны. Паланілі пастаўчан народны артыст Расіі Уладзімір Вінакур і яго тэатр пародый, заслужаная артыстка Расіі, парадыстка Алена Варабей, эстрадны дуэт “Новыя рускія бабкі”, артыст тэатра і эстрады Сяргей Драбаценка.

Беларускае мастацтва ў гарадах-пабрацімах прадстаўлялі народная эстрадная група “25 плюс-мінус” раённага Дома культуры і іншыя вядомыя на Пастаўшчыне калектывы.

* * *

Узаемавыгадныя сувязі з рознымі спажыўцамі і партнёрамі маюць у Расійскай Федэрацыі  ПУВП “Пастаўскі мэблевы цэнтр”, раённае спажывецкае таварыства, ААТ “Паставымэбля”, дзяржаўны каледж і іншыя суб’екты гаспадарання Пастаўшчыны.

Пётр КУРЫЛОВІЧ.