“Музыка — магутная выхаваўчая сіла”


У сярэдзіне сакавіка ў Паставах прайшоў першы адкрыты раённы конкурс юных баяністаў-акардэаністаў. У малодшай узроставай групе званне лаўрэата І ступені атрымаў навучэнец Пастаўскай школы мастацтваў імя А. Тызенгаўза, які вучыцца ў чацвёртым класе СШ №1 Саша Іжмайловіч.  Некалькі тыдняў назад ён стаў уладальнікам яшчэ адной узнагароды, цяпер ужо міжнароднай: заняў другое месца на конкурсе “Науене-2016”, які адбыўся ў латвійскім Даўгаўпілсе.

Баян стаў лепшым сябрам

Музычнае спаборніцтва ў горадзе на Даўгаве праводзілася ўжо ў чатырнаццаты раз, аднак пастаўчане ў ім удзельні­чалі ўпершыню. Сюды з’ехаліся юныя баяністы і акардэаністы з Літвы, Латвіі, Расіі, Беларусі, Эстоніі і Польшчы. Агульная колькасць удзельнікаў склала амаль дзве сотні. Сярод іх былі навучэнцы музычных школ, прадстаўнікі сярэднеспецыяльных і вышэйшых навучальных устаноў. У залежнасці ад узросту пераможцаў выбралі ў некалькіх катэгорыях. У склад прадстаўнічага журы ўвайшлі спецыялісты з Сербіі, Славакіі, краін Прыбалтыкі.

У падгрупе  Сашы Іжмайловіча (3-ці клас музычных школ) спаборнічалі тры дзясяткі выступоўцаў. Заняць прызавое месца пры такой сур’ёзнай канкурэнцыі было асабліва прэстыжна.

— Саша бездакорна выканаў два творы — меладычны раманс і рускую народную мелодыю, — расказвала яго педагог, настаўніца Пастаўскай школы мастацтваў імя А. Тызенгаўза па класе баяна Святлана Аляксандраўна Пусько. — Тэхнічна яны вельмі няпростыя. Пры падрыхтоўцы ўлічвалі, што сёння, каб быць сярод прызёраў рэспубліканскіх, міжнародных конкурсаў, трэба граць як мінімум на клас вышэй. Галоўнае — майму вучню ўдалося справіцца з хваляваннем і паказаць тое, на што сапраўды здольны. Падчас выступлення і мінчане, і замежныя ўдзельнікі здымалі наш нумар на відэа, выказвалі шмат слоў захаплення. Наогул, у зале панавала сяброўская атмасфера, удалося пазнаёміцца з калегамі, набыць цікавую літаратуру. Варта адзначыць і гасціннасць жыхароў латгальскай зямлі. Туды хочацца вяртацца зноў і зноў.

Свой выбар у бок музычнай адукацыі Саша Іжмайловіч зрабіў тры гады назад, калі С. А. Пусько прыйшла да другакласнікаў СШ №1 і аб’явіла пра набор новай групы баяністаў.

— Мяне такі ўчынак сына зусім не здзівіў, — гаварыў бацька Сашы Павел Іжмайловіч. — Імкненне да музыкі ў нашай сям’і перадаецца па спадчыне. І я, і мая жонка Галіна ў свой час хадзілі ў Навасёлкаўскую музычную школу, таксама вучыліся па класе баяна. Мой дзед іграў на скрыпцы, нават сам майстраваў інструмент. Бацька, які жыў у вёсцы Рудзеві­чы Пастаўскага раёна, быў баяністам-народнікам. Адвучыўшыся ў райцэнтры ў музычнай школе, атрымаў спецыяльнае пасведчанне, выступаў у калгасе на шматлікіх вечарынах, іграў на вяселлях. Яго самабытны баян і сёння захоўваем як сямейную рэліквію. Цяпер, праўда, аддалі на рэканструкцыю — думаю, сыну яшчэ спатрэбіцца.

Саша Іжмайловіч да музычнай навукі прыкіпеў хутка. Акрамя заняткаў з педагогам у школе (двойчы на тыдзень), кожны дзень займаецца не менш за 2-3 га­дзіны самастойна. Упэўнены: толькі дзякуючы настойлівасці, цярплівасці можна дасягнуць сапраўднага поспеху. І гэта ўдаецца. Летась на міжнародным фестывалі “Звіняць цымбалы і гармонік” у конкурсе “Хто каго?” ён стаў лаўрэатам трэцяй ступені і за гэта на два гады вызвалены ад платы за навучанне ў музычнай школе. У 2015-ым таксама паспаборнічаў у Наваполацку. Сёлета паспрабаваў свае сілы на І Міжнародным конкурсе “Мой сябра — баян” у Гомелі, які даў бясцэнны вопыт выступлення пры наймацнейшай канкурэнцыі і звышпатрабавальным журы.

Удзельнічае і ў разнастайных школьных, раённых мерапрыемствах, якіх год ад году становіцца ўсё больш. У складзе ансамбляў заняў першае месца ў конкурсе “Зорны дождж” у СШ №1, заваяваў Гран-пры “Хвіліны славы” ў СШ №3, у складзе трыа юных баяністаў выступаў на свяце вуліцы Чырвонаармейскай і іншых.

Поспех вучня пачынаецца з настаўніка

Поспех кожнага вучня ў многім залежыць ад прафесіяналізму, адказных адносін да сваёй справы, цярплівасці педагогаў. С. А. Пусько з ліку тых, хто не шкадуе для сваіх падапечных ні сіл, ні часу (у тым ліку і асабістага).

— Музыка даўно стала неад’емнай часткай майго жыцця, — адзначала Святлана Аляксандраўна. — Любоў да яе пайшла з сям’і. Маці — а яна вельмі прыгожа спявае, па-майстэрску грае на акардэоне — з дзяцінства прывівала любоў да класікі, да мастацтва ў цэлым. Памкненні займацца музыкай заўсёды падтрымліваў і тата. Выдатнымі вакальнымі здольнасцямі валодала бабуля, якая спявала ў касцёле. Дзядуля граў на балалайцы. Таму, будучы школьніцай, без ваганняў вырашыла паступаць у музычную школу. Адбор быў сур’ёзны. Усе марылі вучыцца па класе фартэпіяна, мне ж хацелася пайсці па маміных слядах і “пакарыць” акардэон.

Першым настаўнікам стаў цяперашні кіраўнік пастаўскай школы мастацтваў А. А. Собаль.

— На яго заняткі не ішла, а бегла, — працягвала яна. — Для мяне Анатоль Ана­тольевіч стаў прыкладам таго, як настаўнік павінен выкладаць прадмет, паводзіць сябе са сваім вучнем. Умець зацікавіць, быць патрабавальным педагогам і разам з тым старэйшым сябрам — вялікі талент.

Пасля заканчэння школы Святлана Пусько паступіла ў музычнае вучылішча ў Наваполацку. Разам з дыпломам атрымала прапанову вучыцца далей. Аднак вырашыла вярнуцца працаваць у Паставы, якія любіць усім сэрцам. Ва ўжо роднай музычнай школе маладога спецыяліста падтрымаў увесь калектыў, асабліва загадчыца народнага аддзялення «Баян-акардэон» І. Э. Рагі­ня і яго педагогі.

Больш за дзесяць гадоў С. А. Пусько выступае ў складзе народнага ансамбля народнай песні “Вітанне”, удзельнічае ў шмат­лікіх фестывалях, у тым ліку і міжнародных. Дык ці папулярная сёння народная музыка?

— Мяркуючы па апошніх конкурсах, на якіх давялося пабываць, магу сказаць: будучыня ў яе ёсць, і досыць перспектыўная, — лічыць педагог. — А як жа іначай? Гэта наша гісторыя, традыцыі, культура. Да таго ж музыка — вельмі магутная выхаваўчая сіла. Так, далёка не кожны вучань музычнай школы становіцца лаўрэатам, аднак абсалютна кожны мае магчымасць далучыцца да высокага мастацтва, развіць у сабе пачуццё прыгожага, удасканаліцца як асоба. Ды і асвойваць інструмент цікава: цяпер іншыя, больш сучасныя методыкі, падыходы да навучання. Таму бацькі дарэмна перажываюць, што дзецям займацца ў нас вельмі складана. Падкрэслю: дзверы нашай школы для новых вучняў заўсёды адчынены.

Творчасць акружае настаўніцу не толькі на рабоце, але і дома. Дачка Вераніка таксама стала музыкантам — у Паставах вучылася па класах фартэпіяна і балалайкі, пазней атрымала дыплом Наваполацкага музычнага вучылішча, цяпер разам з мужам-баяністам працуюць у Докшыцах і працягваюць навучанне завочна.

Святлана Пусько мае і іншыя захапленні. Яшчэ са школы лю­біла гуманітарныя прадметы, асабліва мовы, таму, вярнуўшыся ў Паставы, адразу паступіла на завочнае аддзяленне Віцебскага педагагічнага інстытута на факультэт беларускай філалогіі і культуры, які скончыла ў 1999 годзе. І цяпер у вольны ад работы час любіць чытаць літаратуру на роднай мове, у тым ліку і творы пастаўскіх паэтаў і празаікаў.

…У невялікім класе Святланы Аляксандраўны ў школе мастацтваў як ніколі гаманліва. Тут разам сабраліся ўсе дзесяць яе сённяшніх вучняў. З кожным педагог займаецца індывідуальна, аднак умела аб’ядноўвае юныя таленты ў дуэты, трыа, квартэты — іх выступленні заварожваюць гледача. Дзеці розныя і па ўзросце, і па характары, але ўсе аднолькава захоплены музыкай і аднолькава любяць, паважаюць сваю настаўніцу — яны доўга, шчыра расказвалі мне пра яе.

На сцяне ў класе — шматлікія дыпломы, фотаздымкі. Шмат іх і ва ўласным архіве С. А. Пусько. Прычым на здымках — не толькі моманты выступленняў, узнагароджванняў, але і сумеснага адпачынку. Вандроўкі, гульні, салодкія сталы — тут цэлы летапіс! І ён працягвае папаўняцца.

— Да кожнага вучня прыкіпаю душой, — гаварыла Святлана Аляксандраўна. — Люблю цяперашніх, памятаю і ганаруся выпускнікамі, сярод якіх ёсць сапраўдныя зорачкі. Самая яркая з іх — Яўген Вайцяхоўскі, шматразовы лаўрэат конкурсу “Хто каго?”, прызёр абласнога конкурсу баяністаў-акардэаністаў і іншых. Праўда, нягледзячы на шматлікія дасягненні, сваю прафесію з музыкай так і не звязаў. Гэта права кожнага. Мне даспадобы выраз, які час ад часу паўтараю вучням: музыкантамі вы можаце не стаць, але харошымі людзьмі быць абавязаны.

Іна СНЯЖКОВА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.