На 26 гектарах


З 2 па 9 красавіка ў Беларусі праходзіў “Тыдзень лесу-2016”. Паводле даных Міністэрства лясной гаспадаркі, у ім удзельнічала амаль 81 тысяча чалавек. Агульнымі намаганнямі за восем дзён у краіне былі пасаджаны лясныя культуры на плошчы каля 7000 гектараў. Выкананы вялікі аб’ём работ па ачыстцы ляснога фонду, добраўпарадкаванні. Арганізавана прайшла акцыя і на Пастаўшчыне.

У нашым і іншых калектывах горада і раёна  напярэдадні была праведзена актыўная арганізацыйна-падрыхтоўчая работа, таму і тыдзень вызначыўся масавасцю, — адзначыў галоўны ляснічы лясгаса Валерый Аляксандравіч Гарбуль. — У акцыі прынялі ўдзел 230 рабочых і служачых лясной гаспадаркі,  259 вучняў 1-й, 2-й, 3-й і 4-й гарадскіх, Лынтупскай і  Камайскай сярэдніх, Старадворскай базавай школ, а таксама работнікі 1-га ваеннага шпіталя  органаў пагра­нічнай службы, раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях, прадстаўнікі іншых арганізацый і ўстаноў. Па колькасці ўдзельнікаў сёлетні “Тыдзень лесу” атрымаўся самым прадстаўнічым. У выніку лясныя культуры — а гэта ў асноўным елка, сасна і бяроза — былі пасаджаны на 26 гектарах. Акцыя запомніцца і тым, што падчас яе ў Варапаеўскім і Старадворскім лясніцтвах пакладзены пачатак закладцы лясоў з сеянцаў, вырашчаных па фінскай тэхналогіі.

Самым масавым атрымаўся дэсант 7 красавіка ў Камайскае доследнае лясніцтва. Сюды на двух аўтобусах прыбыло 50 вучняў з трэцяй і чацвёртай гарадскіх сярэдніх школ і 25 чалавек лясной аховы мясцовага і Лынтупскага лясніцтваў. Трактарыст Тадэвуш Альфонсавіч Жвярэла загадзя нарэзаў  барозны для пасадкі. Інструктаж з юнымі памочнікамі правяла малады спецыяліст лясгаса, інжынер па лесааднаўленні і меліярацыі Алена Мінчанкова. Пад кіраўніцтвам вопытных леснікоў рабяты хутка асвоілі тэхніку пасадкі і вельмі стараліся. А папрацаваць усім давялося шмат. У выніку на 5,7 гектара зямель, перададзеных з сельгаспрадпрыемства ў лясны фонд, было пасаджана каля 30 тысяч сеянцаў сасны і бярозы. На працягу тыдня, як адзначыў ляснічы Камайскага доследнага лясніцтва Сяргей Уладзіміравіч Рублевіч, сваімі работнікамі і вучнямі мясцовай школы лес быў пасаджаны яшчэ на плошчы 1,1 гектара.

Не вельмі пашанцавала ў суботу вучням першай гарадской сярэдняй школы. Зранку пайшоў дождж, таму паехаць у лес прапанавалі толькі добраахвотнікам. І такія знайшліся. Пад кіраўніцтвам лесніка Груздаўскага лясніцтва Аляксея Аляксандравіча Драгуна невялікі атрад з ліку школьнікаў і штатных работнікаў пасадзіў сасонкі на 1,1 гектара.

Нягледзячы на тое, што для большасці рабят пасадка лесу была справай новай, яны хутка асвоілі яе, адчулі, як шмат трэба намаганняў, каб прыжыліся дрэўцы.

— Карыстаючыся выпадкам, хачу падзякаваць усім, хто не застаўся ў баку ад важнай справы, унёс свой уклад у захаванне і прымнажэнне лясоў Пастаўшчыны, — сказаў В. А. Гарбуль. — З кожным годам такіх нераўнадушных людзей становіцца ўсё больш. А гэта значыць, што наша зялёнае багацце будзе радаваць новыя пакаленні.

Тэкст і фота  Пятра КУРЫЛОВІЧА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.