На большых плошчах

Сельское хозяйство

Механізатары-сейбіты Уладзімір Жойдзь і Георгій Зелянкевіч.

У мінулым годзе філіял “Нафтазаводмантаж-агра” ўпершыню заняў другое месца ў раённым спаборніцтве па вытворчасці зерня, якая на 1 бала-гектар убранай плошчы склала 179,2, а ворыва — 128 кілаграмаў. На круг выйшла ў сярэднім па 42,1 цэнтнера збожжа, а валавы намалот у бункернай вазе ўзрос на 2000 тон і перавысіў 5100 тон. Што зроблена і робіцца ў гаспадарцы для таго, каб замацаваць мінулагодні поспех?

— Выйсці паўторна на такія паказчыкі — задача не з простых, — адзначыла галоўны аграном філіяла Марына Мечыславаўна Галубёнак. — Летась гэтаму садзейнічалі ўсе фактары, у тым ліку надвор’е. Што датычыць сёлетняга года, то работа таксама праведзена  вялікая. Восенню на ўсёй планавай плошчы правялі зяблевае ворыва, на 760 гектарах пасеялі  азімыя на зерне і зялёны корм, на 100  — рапс. Маем дастатковую колькасць насення яравых, нядрэнную забяспечанасць мінеральнымі ўдабрэннямі. Своечасова былі падрыхтаваны трактары, глебаапрацоўчыя, пасяўныя і іншыя агрэгаты. А самае галоўнае тое, што ў полі, як і ў папярэднія гады, працуе касцяк механізатараў, якія своечасова і якасна выконваюць увесь комплекс работ.

Па меры ўсталявання надвор’я і паспявання глебы яны дружна вывелі тэхніку. Праведзена першая падкормка азімых зерневых, якія выйшлі з зімы ў добрым стане. Азотныя ўдабрэнні ўнесены таксама пад рапс. Днямі меха­нізатар Мікалай Пруднячонак прыступіў да паўторнай падкормкі гэтых культур. На ўнясенні мінеральных удабрэнняў, доглядзе пашы і сенакосаў стараецца Ян Губскі. Амаль на 200 гектарах падсеяў шматгадовыя травы Сяргей Счасны. Для паляпшэння іх відавага саставу, нарыхтоўкі больш якасных кармоў сёлета купілі тры тоны насення канюшыны.

У сельгаспрадпрыемстве першымі ў раёне прыступілі да сяўбы. Зерневыя запраўлены ў глебу на 232 гектарах, што складае 36% планавай плошчы. Магло б быць і больш, але перашкаджаюць дажджы. Вось і ў дзень наведвання гаспадаркі большасць механізатараў зранку завіхаліся ў майстэрні, аглядалі тэхніку. А ў механізатара Георгія Зелянкевіча асаблівы клопат — напярэдадні надвячоркам сапсаваўся шасціметровы пасяўны агрэгат. І толькі дзякуючы інжынернай службе няспраўнасць ліквідавалі хутка.

У пагодлівыя дні на трактары “МТЗ-3022” з АПП-6 Георгій Зелянкевіч засявае да 30 і больш гектараў, а ўсяго ўжо заправіў насенне зерневых і рапсу больш чым на 200-гектарнай плошчы. Шкада, што з-за малаконтурнасці палёў высокапрадукцыйныя трактар і пасяўны агрэгат можна выкарыстоўваць далёка не ўсюды. Таму ў работу ўключаецца Ула­дзімір Жойдзь на “Лемкене” , а пры патрэбе ў поле  з СЗ-3,6 выязджае Сяргей Счасны.

Камбайнер-тысячнік Генадзій Казакевіч, прызёр раённага спаборніцтва на ўздыме зябліва Андрэй Емяльянчык, руплівец Аляксей Татун і іншыя механізатары ўваходзяць у склад звяна па падрыхтоўцы глебы. Гэтай вясной ім трэба будзе выканаць вялікі аб’ём работы, бо ў параўнанні з леташняй плошча пад яравымі ўзрасла больш чым на 200 гектараў. Акрамя зерневых і зернебабовых, трэба пасеяць 250 гектараў рапсу, 300 — кукурузы. Тэхнікі для апрацоўкі глебы хапае, ёсць і насенны матэрыял. Але, як адзначылі ў філіяле “Нафтазаводмантаж-агра”, выканаць план сяўбы па кожнай культуры немагчыма, бо не хапае ворыўных зямель.

Тэкст і фота  Пятра КУРЫЛОВІЧА.

 

 

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.