“Назад нам не было дарогі”


Хваля чарнобыльскай бяды ў верасні 1986 года “прыбіла” ў вёску Навасёлкі-1 ураджэнцаў Нараўлянскага раёна Гомельскай вобласці Антаніну і Мікалая Рагавец. Мінула амаль 30 гадоў, толькі тыя падзеі, жыццё да аварыі не забыліся. Успамінаць балюча і цяпер, але і выкрасліць з памяці немагчыма. 

Да аварыі

Вёска Вуглы ў Нараўлянскім раёне ў 80-ыя гады налічвала больш за 500 двароў. Працавалі дзіцячы садок, школа, амбулаторыя, магазін, іншыя аб’екты сацыяльнай сферы. Было шмат моладзі. У клубе кожныя выхадныя ладзіліся танцы, розныя мерапрыемствы. Коля Рагавец іграў на гітары, кіраваў вакальна-інструментальным ансамблем. Ён быў марай кожнай дзяўчыны. А выбраў весялушку Тоню. І вырашылі маладыя паспрабаваць гарадскога жыцця — пераехалі ў Мазыр. Мікалай уладкаваўся ў рачны порт, Тоня закончыла бухгалтарскую школу, нарадзіла сыночка. Жылі на здымнай кватэры.

Сястра Тоні абуладкавалася ў Кіеўскай вобласці, у гарадку Палескае, які хуткімі тэмпамі разрастаўся. Стала клікаць да сябе і іх. Заманіла перспектыва атрымаць жыллё. Мікалай пайшоў працаваць на ПМК меліярацыйных сістэм, Антаніна — на швейную фабрыку, на склад гатовай прадукцыі, сына вадзілі ў дзіцячы садок. Потым нарадзілася дачушка. Сям’і прадаставілі інтэрнат, а праз пэўны час павін­на была падысці чарга і на кватэру.

— Мы былі вельмі шчаслівыя, — расказвала Антаніна Пятроўна. — Падабаліся і работа, і сам гарадок. Ладзілі з сусе­дзямі па інтэрнаце, завялі новых сяброў. Жыццё віравала, мы будавалі планы. Мне ў той час было 26, мужу 30 — самы росквіт. Купілі матацыкл, на якім за 25 кіламетраў у выхадныя ездзілі да мамы.

У час бяды

— Паехалі і ў пятніцу, 25 красавіка 1986 года, — працягвала А. П. Рагавец. — Якраз быў час садзіць бульбу. У суботу шчыра папрацавалі. Надвор’е цудоўнае: сонечнае, цёплае, навокал у квецені вішні, слівы. Так хораша правялі выхадныя! Прыбегла ўсхваляваная суседка: “На Чарнобыльскай станцыі пажар!” Я супакоіла: “Патушаць”. А вярнуліся ў Палескае — і агарнуў жах. На вуліцах разгорнуты палявыя кухні, шмат ваенных у распіратарах. Людзі перагаворваюцца: у Прыпяці (за 25 кіламетраў ад Палескага) вуліцы і дамы да першага паверха мыюць нейкай пенай — радыяцыя. А дзе тая радыяцыя і якая яна? Нідзе ж не бачна і не чутна. Дзеці гуляюць у пясочніцы, мамы з каляскамі, падлеткі купляюць марожанае і пірожныя, якімі гандлявалі на вуліцы з адкрытых латкоў. Толькі верталёты, якія бесперапынна ляталі ў бок Прыпяці, трывожылі. Пазней улады парэкамендавалі не выводзіць дзяцей на вуліцу, герметычна закрываць вокны, у пакоях часцей рабіць вільготную ўборку.

На наступныя выхадныя гараджане выйшлі на першамайскую дэманстрацыю. А пасля яе Рагаўцы зноў накіраваліся ў Вуглы. Туды прыехала Тоніна сястра з Масквы. Яе муж працаваў у аддзеле міліцыі. Яна рашуча настаяла на тым, каб забраць пляменнікаў да сябе. Праз некалькі дзён дзеці на новым месцы захварэлі, і Тоня была вымушана ўзяць водпуск і памчала ў Маскву. А калі вярнулася праз пару тыдняў у Палескае, не магла прывыкнуць да цішыні, якая тут панавала. Вулі­цы апусцелі, не чувалася дзіцячых галасоў, не бачна было маладых мам — усіх  адправілі на Чорнае мора. Для Антаніны і яе дзяцей таксама былі гатовы дакументы.

— 4 мая было прынята рашэнне Урада аб адсяленні насельніцтва з 30-кіламетровай зоны вакол ЧАЭС, — працягвала ўспамінаць жанчына. —  У Беларусі ў першую чаргу з Брагінскага, Хойніцкага і Нараўлянскага раёнаў. Пачалося адсяленне і з нашых родных Вуглоў. Найперш вывозілі дзяцей. Мая малодшая сястра заканчвала сярэднюю школу. Выпускных экзаменаў не здавалі — выдалі атэстаты і адправілі ў лагер у Рагачоўскім раёне. Ніколі не забыць той вялікай і сумнай калоны аўтобусаў, якая расцягнулася на ўсю вясковую вуліцу. Збіраліся ў спешным парадку. Людзям тлумачылі, што адсяленне — мера часовая. З сабой можна было ўзяць толькі дакументы і асабістыя рэчы першай неабходнасці. Развітваліся і плакалі. Затым вяскоўцаў прымусілі збываць жывёлу. Не перадаць, які шок перажылі людзі, адпраўляючы на забой кароў, свіней. А потым і самім сказалі выяз­джаць у Жлобінскі раён. Агароды пасадзілі, але ні палоць, ні ўбіраць не давялося. Высялялі па 50 двароў. На новым месцы для перасяленцаў былі пастаўлены шчытавыя домікі. Як жа цяжка было пакідаць абжытае месца і ўсё нажытае, да чаго прыраслі душой. Галасілі на ўсё наваколле. Хіба толькі на вайну так праводзілі. Кампенсацыі за новы дом, у якім бацькі паспелі пажыць гадоў шэсць, атрымалі 11 тысяч рублёў. Паклалі на ашчадную кніжку, але праз некалькі гадоў грошы абясцэніліся да капеек.

Антаніна з дзецьмі паехала на Чорнае мора, далучылася да тых, з кім жыла ў Палескім. У санаторыі было камфортна, кармілі чатыры разы ў дзень. Але ні мора, ні сонца, ні навакольная прыгажосць не радавалі дарослых. Што будзе далей? — не пакідала думка ні днём, ні ноччу. Мікалай Міхайлавіч тым часам пачаў шукаць бяспечнае ад радыяцыі месца, куды б можна было перабрацца. Падаўся ў Падмаскоўе, бліжэй да жончынай сястры. А там у адной з гаспадарак яму сказалі: “Не распаўсюджвайце ў нас радыяцыю. Едзьце туды, адкуль прыехалі!” Стрыечная сястра з Нараўлянскага раёна выехала да свекрыві ў вёску Ляхаўшчына на Пастаўшчыне. Параіла папрасіцца ў калгас імя Суворава.

З чыстага ліста

У канцы лета падчас адпачынку на Чорным моры Антаніна атрымала ад мужа тэлеграму: “Нас прымаюць у Віцебскай вобласці”. Так Рагаўцы трапілі ў Навасёлкі-1. Пачаць жыццё з чыстага ліста дапамог тагачасны старшыня Алег Адольфавіч Валодзька. Спачатку засяліліся ў аднапакаёўку, потым выдзелілі 3-пакаёвую кватэру. Сын пайшоў у першы клас, дачушка — у дзіцячы садок. Мікалаю Міхайлавічу даверылі трактар, Антаніна Пятроўна асвоіла швейную справу  і працавала ў швейным цэху па пашыве куртак і дублёнак.

— Два месяцы я горка плакала, — расказвала. — Усё было чужое, навокал незнаёмыя людзі. Мяне цягнула ў Палескае. А муж сказаў: “Колькі б ты, Тоня, ні гала­сіла, а назад дарогі няма. Падумай пра дзяцей!” Праз некаторы час і Палескае сталі рассяляць. Пераводзілі ў іншыя месцы арганізацыі з працоўнымі калектывамі. Сястра трапіла ў Харкаўскую вобласць, кума — у Хмяльніцкую. Напісалі нам, каб ехалі ў Палескае па дакументы аб статусе перасяленцаў. Але зноў пераадольваць 800 кіламетраў дарогі і чарговы душэўны боль не захацелі. Рабілі ўсё для таго, каб хутчэй прыжыцца на новым месцы. Стараліся дзеля дзяцей.

Палягчэла, калі ў Навасёлкі прыехаў аднавясковец Віктар Скуратоўскі (хаты іх бацькоў у Вуглах стаялі праз дарогу). І тут сталі жыць у адной шматпавярхоўцы. Пазней Скуратоўскія перасяліліся ў асобны дом. 17 гадоў таму Рагаўцы таксама памянялі кватэру на дом побач са сваімі землякамі. Часта ўспамінаюць маленькую радзіму, аднавяскоўцаў. І гэтыя ўспаміны вярэдзяць душу.

Вуглы пасля адсялення пазарасталі пустазеллем, хмызняком, дрэвамі. Апошні раз, калі Рагаўцы ездзілі туды  на Радаўніцу, сваёй хаты не адшукалі. А так хацелася прытуліцца да дзвярэй, за якімі прайшлі шчаслівыя дзяцінства і маладосць. Усё разламана, разбіта, раскрышана. Няма ні дома, ні сада, ні вёскі. Захаваліся толькі паўразбураны будынак двухпавярховай школы ды могілкі, дзе на Радаўніцу сустракаюцца землякі. А яшчэ засталася памяць.

— Заплюшчу вочы — і бачу падзеі 30-гадовай даўнасці, — гаварыла А. П. Рагавец. — А як часта сняцца родныя Вуглы! Бацькоў сваіх са Жлобінскага раёна я забрала да сябе. У таты былі ампутаваны абедзве нагі, у мамы — адна. Напэўна, перажыванні не прайшлі бясследна. Яны памерлі адно за другім праз 40 дзён і апошні спачын знайшлі на навасёлкаўскіх могілках. Выраслі сын і дачка, маем пецярых унукаў. Да канца сваіх дзён будзем ­удзячны Алегу Адольфавічу Валодзьку за яго спагаду, чуласць. Дзякуй за падтрымку Юрыю Францішкавічу Шымчыку. У Навасёлках добрыя людзі. Многія дапамагалі нам адаптавацца.

Рагаўцы завялі гаспадарку і руплівай працай адганялі сум па мінулым. Трымалі карову, свіней. Антаніна Пятроўна па стане здароўя вымушана была памяняць работу — са швейнага цэха перайшла ў бухгалтэрыю, дзе працуе па сённяшні дзень. Мікалай Міхайлавіч у 55 гадоў атрымаў права на льготную пенсію, але яшчэ тры гады не пакідаў трактар. Цяпер адпачывае, даглядае дом, трусоў, качак. Летам бавіцца з унукамі.

— 30 гадоў мінула як адзін дзень, — казала Антаніна Пятроўна. — Нябачная вайна ў адно імгненне пакалечыла і перайначыла лёсы тысяч людзей, разбурыла іх уклад жыцця. Тады ніхто не мог сабе ўявіць, наколькі далёка разнясецца рэха аварыі. Чытала кнігу Святланы Алексіевіч пра Чарнобыль — і плакала. Многае я бачыла на свае вочы, падобныя трагедыі здарыліся з нашымі знаёмымі. Сёння я шчаслівая, што хаджу па зямлі, цешуся дзецьмі і ўнукамі. Але тыя выпрабаванні, якія выпалі нам, не забываюцца. А колькі людзей заўчасна адышлі ў свет іншы! Аварыя раздзяліла жыццё на “да” і “пасля”. Нам не вярнуць дачарнобыльскі час. Ратуюць аптымізм і на­дзея. Без іх было б яшчэ цяжэй.

Анна АНІШКЕВІЧ.

 

Фота  Уладзіміра Сыза.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.