Ніхто не хацеў саступаць

Спорт

Формула правядзення юбілейнага нацыянальнага першынства аказалася ўдалай і прымусіла каманды-ўдзельніцы на фінальным этапе дэманстраваць максімум сваіх магчымасцей. Пастаўчане завяршылі чарговы сезон двума матчамі на туры ў Гродне, прычым у першы дзень яны былі свабодныя ад гульняў. Адкрылі барацьбу за выніковыя 9-14 месцы гаспадары, уладальнікі бронзавых медалёў, якія з лікам 3:0 пераканаўча перамаглі базавую каманду маладзёжнай зборнай Беларусі — выхаванцаў рэспубліканскага вучылішча алімпійскага рэзерву.

2 дзень. “АСДЮШАР — Камунальнік” (Гродна) — “Атлант” (Паставы) — 3:0

(26:24; 25:22; 25:22).

У горад над Нёманам наша каманда нарэшце сабрала практычна самы аптымальны свой склад. Пасля перапынку вярнуліся яе лідары — шматвопытныя кандыдаты ў майстры спорту Сяргей Шатэрнік і Алег Шылей. Не змог паехаць на заключны тур толькі іх калега Сяргей Цімашэнка. Гульня з гродзенцамі была другой па ліку, а спачатку днём сталічны РДВАР змог пераадолець супраціўленне валейбалістаў “Ваеннай акадэміі”, асабліва моцна згуляў у чацвёртай партыі і перамог мінскіх армейцаў з лікам 3:1. Пастаўчане вечарам далі бой гродзенцам, якія таксама выставілі свой самы моцны склад. Абедзве каманды аказаліся вартыя адна адной, і на пляцоўцы завязалася вельмі ўпартая і напружаная барацьба. У самы рашаючы момант пры падтрымцы сваіх прыхільнікаў гродзенцы вырвалі стартавы сэт, і ў дзвюх наступных партыях у гаспадароў лепш атрымаліся канцоўкі. Яны адсвяткавалі вельмі няпростую перамогу, другую па ліку ў турніры.

3 дзень. “Атлант” (Паставы) — РДВАР (Мінск) — 1:3

(17:25; 20:25; 25:21; 22:25).

У адрозненне ад свайго маладога саперніка ў пастаўчан было крыху меней часу, каб аднавіцца пасля папярэдняга складанага паядынку. У гэтым чэмпіянаце краіны пастаўскі “Атлант” чамусьці крыху слабей праводзіў сустрэчы на наступны дзень раніцай. На жаль, трывожная тэндэнцыя паўтарылася і ў гэтым супрацьстаянні з мінчанамі. На ранні час быў прызначаны паядынак з маладымі талентамі з усіх куткоў краіны, з якімі плённа працуе заслужаны трэнер Беларусі С. П. Конанаў. Пасля дзвюх аддадзеных без асаблівай барацьбы партый пастаўчане толькі ў наступнай сталі ўпэўнена завяршаць камбінацыі і скарацілі розніцу ў ліку. У чацвёртай партыі пастаўскі “Атлант” таксама адчайна змагаўся, аднак канцоўка лепш удалася сталічным валейбалістам.

У заключнай сустрэчы тура гродзенцы не сустрэлі асаблівай барацьбы ў матчы з мінскімі армейцамі і лёгка іх перамаглі з лікам 3:0. У выніку каманда “Ваенная акадэмія” (Мінск) завяршыла барацьбу ў першынстве Беларусі на 14-м выніковым месцы без набраных ачкоў. Пастаўчане сёлета занялі 13-е месца сярод каманд вышэйшай лігі і таксама закончылі гэты сезон, у якім яны выступілі ў сваю сілу. А вось гродзенцы з 9 набранымі ачкамі разам з аршанцамі, мінскім РДВАР і магілёўскім МВК (у гэтых каманд па 6 ачкоў) пазмагаюцца ў заключным туры 15-17 красавіка ў Магілёве.

Уладзімір ШЫК.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.