Па фінскай тэхналогіі


Яўгеній Лукашэвіч першым пасадзіў ялінку па новай тэхналогіі.

Тыдзень лесу, які праводзіцца ў Беларусі з 2 па 9 красавіка і прысвячаецца 30-годдзю з дня аварыі на Чарнобыльскай АЭС, асабліва запомніцца работнікам лясной аховы Варапаеўскага лясніцтва. Менавіта яны ў мінулую суботу першымі пачалі пасадку лесу па фінскай тэхналогіі.

Пра сутнасць фінскага вопыту па ўзнаўленні лясоў па дарозе ў Гуту расказваў галоўны ляснічы лясгаса Валерый Гарбуль. Яго асноўная асаблівасць у тым, што для пасадкі выкарыстоўваюцца саджанцы з закрытай каранёвай сістэмай (ЗКС). Таму галоўная задача заключаецца ў тым, каб вырасціць якасны пасадачны матэрыял. Два гады назад з Рэспубліканскага селекцыйна-насенняводчага цэнтра было завезена 38 тысяч касет з насеннем еўрапейскай елкі, якія змясцілі ў цяпліцу. Тут пастаянна падтрымліваліся ў зададзеным рэжыме тэмпература і вільготнаць паветра, аўтаматызавана праводзілі паліў, унясенне комплексных мінеральных удабрэнняў. У выніку атрымаліся дружныя ўсходы, хуткі рост раслін, якія пасля дарошчвалі на вуліцы ў звычайных умовах. Вялікая заслуга ў гэтым майстра гадавальніка, маладога спецыяліста Аляксея Родзя і яго памочнікаў.

Ляснічы Анатолій Сапрончык (у цэнтры) з членамі звяна па пасадцы лесу.

— Саджанцы з закрытай каранёвай сістэмай маюць шэраг пераваг у параў­нанні з тымі, што вырошчваюцца ў адкрытым грунце, — расказваў Валерый Гарбуль. — Тэрмін іх вырошчвання ў два разы карацейшы. Дзякуючы сфарміраванай каранёвай сістэме саджанцы маюць высокую прыжывальнасць і лепш растуць у першыя гады, практычна не хварэюць, патрабуюць менш часу для догляду.

Для пасадкі саджанцаў з ЗКС выкарыстоўваецца спецыяльная пасадачная труба “Паціпуткі”. Яна выраблена з трывалага матэрыялу, зручная ў рабоце, забяспечвае максімальную прадукцыйнасць. Работнікі “аснашчаны” адпаведнай экіпіроўкай з двума ўмяшчальнымі кантэйнерамі для саджанцаў.

Мы назіралі за тым, як варапаеўскія леснікі прызвычайваліся да новых прылад працы і праз кароткі прамежак часу ўпэўнена рухаліся наперад, пакідаючы пасля сябе радкі зялёных  ялінак. Іх пасадка чаргавалася з бярозкамі, бо ў Віцебскай вобласці, у тым ліку і на Пастаўшчыне, перавага аддаецца стварэнню змешаных лясоў.

— Сёння для мяне, май­стра лесу Сяргея Хуцкага, леснікоў Яўгенія Лукашэвіча, Мікалая Лабуця, Аляксандра Шыцько, Ігара Павалковіча, братоў Юрыя і Рамана Янучкоўскіх сапраўды асаблівы дзень, — адзначыў ляснічы Варапаеўскага лясніцтва Анатолій Сапрончык. — Мы адкрываем новую старонку ў лесааднаўленні. Пройдзе не адзін дзясятак гадоў, пакуль паса­джаныя намі ялінкі дасягнуць сваёй спеласці. Перакананы, што захады, якія сёння прымаюць лесаводы Пастаўшчыны па аднаўленні зялёнага багацця, — гэта будучыя эканоміка і экалогія, якую ацэняць нашы ўнукі і праўнукі.

Тэкст і фота Пятра КУРЫЛОВІЧА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.