Пад адным акном кветкі, пад другім — бутэлькі

Общество

На вуліцу Вакзальную, 18, у Варапаеве трапіла выпадкова: з кіраўніком спраў сельвыканкама Ганнай Сцяпанаўнай Рубель шукалі Мікалая Паўлавіча Зазыбу, які працуе пры сельвыканкаме рабочым па абслугоўванні будынкаў.

Звярнулі да чатырохкватэрнага дома: панадворак невялічкі, але дагледжаны. Клумба каля падвала густа засаджана цюльпанамі, якія вось-вось запалымнеюць яркімі фарбамі. Каля ганка радуюць вока першацветы, а на рагу дома — вялікія штучныя белыя рамонкі, на верандзе прыцягвае ўвагу арыгінальная “павуцінка”.

— Муж і жонка Зазыба пастаянна дбаюць пра парадак, — гаварыла Г. С. Рубель. — У Паўлавіча залатыя рукі. Сапраўдны гаспадар дома, і мы таксама задаволены ім як работнікам.  За што ні возьмецца — зробіць акуратна. Адказны, старанны і вельмі сціплы.

Націскаем кнопку званка ў кватэру — ніхто не адчыняе. Накіроўваемся за дом. Убачаны кантраст прымушае мяне спыніцца: насупраць кватэры Зазыбавых суседзяў усё ў смецці, сухім леташнім пустазеллі. Насустрач хісткімі крокамі ідуць два мужчыны: няголеныя, нястрыжаныя, таму вызначыць іх узрост няпроста. Але не старыя і не нямоглыя. Спяшаюцца…

На двары — горка папілаваных тоненькіх дроў. Адно неда­пілаванае дрэва ляжыць на “казлах”, тут жа і ручная піла, побач, на калодзе, тапор. Усюды валяюцца пустыя бутэлькі. Частка іх складзена ў мяшок, каля дзясятка ўкінута ў ёмкасць з вадой. Пад акном — старая паўразабраная канапа. Такая карціна красамоўна сведчыць пра ўклад жыцця гаспадароў і пра іх залежнасць ад алкаголю.

— Уладальнікамі такога “багацця” з’яўляюцца два родныя браты Іван і Станіслаў Януковічы, — расказвала пазней старшыня Варапаеўскага сельскага Савета Наталля Мікалаеўна Седзюкевіч. — У аднаго другая група інваліднасці, другі нідзе не працуе. Навесці элементарны парадак у двары ў іх рукі не даходзяць. Колькі разоў рабілі заўвагі, ушчувалі — не дапамагае. Будзем прымаць іншыя меры.

Тэкст і фота

Анны АНІШКЕВІЧ. 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.