Пара рашаючых сустрэч

Спорт

У гэтым сезоне федэрацыя валейбола Беларусі прыдумала цікавую формулу правядзення нацыянальнага першынства. Пасля заканчэння папярэдняга этапа пачаліся захапляльныя гульні раўнда pley-off, куды пастаўчане не трапілі, але атрымалі магчымасць спакойна рыхтавацца да фактычна кубкавых матчаў фінальнага этапа без уліку раней набраных ачкоў. У сваю чаргу лепшая каманда нашага дывізіёна са Жлобіна змагла ў паўфінальным этапе перамагчы магілёўскі МВК і трапіла ў васьмёрку мацнейшых у краіне. Бронзавы прызёр — гро­дзенскі “АСДЮШАР-Камунальнік” — таксама быў блізкі да гэтага, на сваёй пляцоўцы адолеў сталічны “МАПІД”, дзе адным з лідараў з’яўляецца экс-пастаўчанін Антон Вярбіцкі. Аднак дома мінчане ўзялі рэванш і выйгралі таксама “залаты сэт” з лікам 15:12. Наша каманда з гродзенцамі яшчэ згуляе, але спачатку ёй прыйшлося выехаць на тур у Оршу.

1 дзень. “Атлант” (Паставы) — “Ваенная акадэмія” (Мінск) — 3:0

(27:25; 25:21; 25:19).

Важнейшую сустрэчу з армейцамі пастаўчане правялі ўжо праз некалькі гадзін пасля прыезду ў горад над Дняпром. На гэты паядынак “Атлант” не змог выставіць свой мацнейшы склад, бо адсутнічалі кандыдаты ў майстры спорту Сяргей Шатэрнік і лібера Аляксандр Зарэцкі. На пазіцыі дыяганальнага, на шчасце, удала згуляў выхаванец пастаўскага валейбола са сталіцы Аляксандр Сідарэнка. Сапернікі ў хо­дзе чэмпіянату правялі паміж сабой чатыры напружаныя матчы, і ў чарговым таксама барацьба вялася за кожнае ачко. У гэтай сустрэчы больш смела і вынікова пастаўчане згулялі ў канцоўцы выйгранай стартавай партыі. Пасля гэтага нашай каман­дзе гулялася ўжо прасцей, яна завалодала гульнявой ініцыятывай, а каштоўнасць атрыманай перамогі ўзрастае ўдвайне ў барацьбе за выніковыя 9-14 месцы.

2 дзень. “Атлант” (Паставы) — “МВК” (Магілёў) — 1:3

(25:23; 22:25; 11:25; 19:25).

На наступны дзень армейскія валейбалісты прайгралі з лікам 0:3 аршанскаму “Узлёту”. Сапернікам пастаўчан сталі няўдачнікі элітнага дывізіёна, у складзе якіх былі загуляны двое вопытных майстроў спорту. Дарэчы, летась наша каманда змагла ў Паставах аднойчы адолець гэтага грознага саперніка. Спачатку матч складваўся для “атлантаўцаў” удала. Пастаўчане гулялі вынікова, як заўсёды, плённа атакавалі Віталь Варанец, Аляксандр Сідарэнка, Дзмітрый Аксёненка і іх партнёры. На жаль, развіць свой поспех наша каманда не здолела, паколькі шматвопытныя сапернікі пераламалі ход паядынку на сваю карысць. Барацьба з новай сілай пачалася ў чацвёртай партыі, але яе канцоўку правялі мацней магіляўчане і дабіліся перамогі.

3 дзень. “Атлант” (Паставы) — “Узлёт” (Орша) — 1:3

(25:19; 18:25; 17:25; 13:25).

У заключны дзень першага з трох фінальнага тура магілёўскі “МВК” не без праблем разабраўся з камандай “Ваенная акадэмія”, якую таксама перамог з лікам 3:1. Гульню з аршанцамі пастаўчане правялі нядрэнна, асабліва ім удалася, як і ў папярэднім матчы, першая партыя. Пры падтрымцы сваіх шматлікіх гледачоў гаспадары, аднак, змаглі ўнесці ў камбінацыйную гульню неабходныя карэктывы і зраўнялі лік па партыях. У аршанцаў аказаўся большым і запас фізічных сіл, паколькі яны праводзілі толькі другі матч, а выступаць дома заўсёды прасцей. Нягледзячы на паражэнне ў гэтай сустрэчы, у цэлым пастаўчане тур у Оршы правялі годна, даказалі, што з імі трэба сур’ёзна лічыцца ўсім сапернікам. Два заключныя матчы чэмпіянату Беларусі наш “Атлант” згуляе 9-10 красавіка ў Гродне супраць гаспадароў і каманды рэспубліканскага вучылішча алімпійскага рэзерву.

Уладзімір ШЫК.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.