Перанялі вопыт

Местная власть

30 сакавіка ў райцэнтры адбылася вучоба ідэалагічнага актыву раёна. Удзел у ёй прынялі намеснікі кіраўнікоў прадпрыемстваў і арганізацый па ідэалагічнай рабоце, кіраўнікі спраў сельвыканкамаў, прадстаўнікі грамадскіх арганізацый.

Пачалася вучоба ў вялікай зале раённага выканаўчага камітэта. Пра арганізацыю работы ў Год культуры і асноўныя кірункі супрацоў­ніцтва з грамадскімі арганізацыямі і аб’яднаннямі па вырашэнні актуальных праблем праінфармавала начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Галіна Мікалаеўна Чаплінская. Яна адзначыла, што прыярытэтнымі напрамкамі з’яўляюцца ідэалагічнае забеспячэнне выканання прагнозных параметраў сацыяльна-эканамічнага развіцця, задач маладзёжнай палітыкі, сацыяльнай стабільнасці ў працоўных калектывах і па месцы жыхарства, фарміраванне ў жыхароў раёна пазітыўнай ацэнкі дзейнасці дзяржаўных органаў улады. Рэгулярна ажыццяўляюцца вучоба актыву, маніторынг ідэалагічнай работы і тэматычнае анкетаванне.

Маштабныя, масавыя мерапрыемствы прайшлі да 70-годдзя Вялікай Перамогі. Абследаваны жыллёва-бытавыя ўмовы ветэранаў вайны, аказана неабходная дапамога, праведзены тэатралізаваныя святы і розныя грамадзянска-патрыятычныя акцыі. Вялася вялікая навукова-пошукавая работа па ўвекавечанні памяці загінуўшых герояў, у ходзе якой устаноўлена больш за трыста новых імёнаў. На рамонт і добраўпарадкаванне воінскіх пахаванняў выдаткавана 332 мільёны рублёў.

Яшчэ адна важная падзея мінулага года — выбары Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Ідэалагічнае і арганізацыйна-тэхнічнае забеспячэнне выбарчай кампаніі ў раёне было праве­дзена на належным узроўні, пра што сведчаць і вынікі.

У раёне зарэгістраваны 377 арганізацыйных структур грамадскіх аб’яднанняў і прафе­сійных саюзаў, 258 з іх —  грамадскія арганізацыі. Найбольш значнымі, шматлікімі і актыўна дзеючымі з’яўляюцца Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі, РГА «Белая Русь», раённая ветэранская арганізацыя, грамадская арганізацыя «Беларускі саюз жанчын». Іх пярвічныя арганізацыі створаны ў большасці буйных арганізацый, на прадпрыемствах і ў гаспадарках раёна. Члены пярвічак удзельнічаюць у інфармацыйна-прапагандысцкай рабоце, культурных і спартыўных мерапрыемствах працоўнага калектыву, а таксама ў раённых грамадска-палітычных, культурных і спартыўна-масавых мерапрыемствах.

Сваю дзейнасць на тэрыторыі раёна ажыццяўляюць дзяржаўныя грамадскія аб’яднанні «ДТСААФ Рэспублікі Беларусь», раённая арганізацыя Беларускага таварыства «Веды», клуб «ЮНЕСКА» пры Пастаўскай ЦРБ, раённая арганізацыя Беларускага саюза ветэранаў вайны ў Афганістане і іншыя. Зарэгістравана пяць раённых прафсаюзаў: Пастаўскае раённае аб’яднанне прафсаюзаў, прафсаюз работнікаў аграпрамысловага комплексу, прафсаюз работнікаў адукацыі, прафсаюз работнікаў дзяржаўных устаноў, прафсаюз работнікаў культуры. Дзейнасць пярвічных прафсаюзных арганізацый, арганізацыйных структур галіновых прафсаюзаў каардынуе раённае аб’яднанне прафсаюзаў. Усяго на ўліку ў райвыканкаме 119 пярвічных прафсаюзных арганізацый. Іх асноўнай дзейнасцю з’яўляецца абарона працоўных і сацыяльна-экана­мічных правоў і законных інтарэсаў членаў прафсаюза.

На працягу трох гадоў праводзіцца раённы агляд-конкурс на лепшую арганізацыю ідэалагічнай работы. Штогод у ім актыўна ўдзельнічаюць УП ЖКГ, ААТ «Навасёлкі-Лучай», цэнтральная раённая бальніца, установы культуры і адукацыі раёна. Пераможцамі першага этапа ў розных сферах у 2015 годзе прызнаны лясгас, ААТ «Навасёлкі-Лучай», цэнтр культуры і народнай творчасці, Ду­нілавіцкі псіханеўралагічны дом-інтэрнат для састарэлых і інвалідаў, СШ №4, гімназія. А такія арганізацыі, як ЦРБ, УП ЖКГ, РДК, цэнтр культуры і народнай творчасці, на працягу чатырох гадоў перамагаюць на абласным этапе.

Вопытам работы падзяліліся намеснік старшыні раённай арганізацыі ГА «Белая Русь» М. А. Кабайла, другі сакратар раённага камітэта ГА «БРСМ» В. Л. Казлоўская і намеснік начальніка раённага вузла паштовай сувязі М. М. Татарчук. Пастаўлены задачы на бягучы год. Сярод іншага пільная ўвага бу­дзе надавацца арганізацыі работы па ідэалагічным забеспячэнні прагнозных параметраў сацыяльна-эканамічнага развіцця на 2016 год, падрыхтоўцы і правядзенні выбараў дэпутатаў у Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, мерапрыемствам, прысвечаным Году культуры, і правядзенню адзіных дзён інфармавання.

Затым удзельнікі вучобы перамясціліся ў ДЛГУ «Пастаўскі лясгас», дзе намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце А. М. Іванькоў азнаёміў прысутных з умовамі працы і адпачынку работнікаў установы, расказаў пра арганізацыю ідэалагічнай работы, фарміраванне ўнутрыкалектыўных адносін, стварэнне спрыяльнага мікраклімату, выхаванне пачуцця адказнасці і дысцыпліны ў кожнага работніка.

                Вераніка ФІЛАНОВІЧ.

Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.