Праца радасць ім прыносіць


Дом Людмілы Францаўны і Аляксандра Веніямінавіча Кундра ў Гвоздавічах знайшлі хутка. Прыгожы, дагледжаны, ён адразу кідаецца ў вочы. Гэта вынік руплівасці сямейнай пары.

А прыехалі б вы ў пачатку мая, калі бялее чаромха, у агародчыку зац­вітаюць кветкі, — гаварыла ўвішная, па-вясковаму шчырая і абаяльная гаспадыня. — Прыгажосць — не налюбавацца, водар — не надыхацца!

— Трымаючы вялікую гаспадарку, яшчэ маеце час любавацца наваколлем? — дзіўлюся.

— Калі любіш месца, дзе жывеш, работу, якую выконваеш, то ўсё ў радасць, — адказваюць гаспадары.

Людміла ў гэтым доме нарадзілася. У школу ха­дзіла ў Камаі. Там жыў і вучыўся і Аляксандр. Атрымаўшы атэстат аб сярэдняй адукацыі, дзяўчына паступіла ў Вільнюскі тэхналагічны тэхнікум, Аляксандр — у Пастаўскае прафтэхвучылішча. Іх дарогі разышліся. Люда кожныя выхадныя прыязджала дадому. Яе цягнула на радзіму, да маці, якая рана аўдавела, а гаспадарку збываць не хацела.

— Я і сястра, як маглі, дапамагалі, — расказвала. — Гаспадарка патрабавала сіл, але і прыбытак прыносіла. Мы змаглі пабудаваць у Вільнюсе кааператыўныя кватэры і моцна стаць на ногі.

Адпрацаваўшы 20 гадоў у адным з вільнюскіх навукова-даследчых інстытутаў, не абзавёўшыся сям’ёй, Людміла вярнулася ў Гвоздавічы, каб падтрымаць маці, здароўе якой пахіснулася. І праз пэўны час выйшла замуж за  Аляксандра. Яго бацькі памерлі, а жыць аднаму і ўпраўляцца з гаспадаркай было няпроста. Абое працавітыя, таму ў іх ніколі не ўзнікае якіх-небудзь разыходжанняў у поглядах і планах. А. Кундра доўгі час быў вадзіцелем, камбайнерам у ААТ “Камайскі-агра”, апошнім часам працуе ў Швакштах.

— Графік такі, што, адпрацаваўшы суткі, трое бываю вольны, — расказваў. — Магу займацца гаспадаркай. І Людзе лягчэй, калі я дома. Ужо забываецца той час, калі вуліцу раніцай і вечарам запаўняў вясковы статак кароў. Цяпер у Гвоздавічах малаказборшчык прыязджае толькі да нашага двара. Трымаць жывёлу нікога не прымусіш, патрэбны лю­боў да яе і асабістае жаданне. Як цяжка ні было б даглядаць падсобную гаспадарку,  яна была і застаецца дадатковым даходам для сям’і. Здаўна казалі, што карова — карміцелька. На жаль, цяпер сельскагаспадарчая прадукцыя не цэ­ні­цца. За літр малака менш чым чатыры тысячы плацяць, за іх і ўпакоўкі запалак не купіш. А як праблематычна збыць маленькае цяля. Раней прадавалі ў калгас. Цяпер ніхто не хоча браць. Прадпрымальнікам за капейкі аддаём. Але рубель да рубля — і нешта збіраецца. За здадзенае малако (летась ад трох кароў прадалі больш за 17 тон) грошы атрымліваем своечасова. За іх зрабілі рамонт у доме, абшылі яго сайдынгам.

— Вядома, папрацаваць прыходзіцца, — гаварыла Людміла Францаўна. —  Асабліва цяжка спякотным летам. Кароў раніцой выводзім у поле, сонца падымецца — хаваем пад дах, у халадок, к вечару зноў вядзём на пашу. Дзякуй начальніку аддзялення Адаму Іосіфавічу Сварцэвічу, які пайшоў насустрач: выдзеліў пашу недалёка ад дома, і зараз не трэба з трыма каровамі весціся праз вёску. Сена можна купіць у рулонах.

Кундры маюць свой трактар, купілі міні-млын, ёсць конь і касілка да яго. Каб карова давала шмат малака, яе трэба і накарміць адпаведна. Таму сеюць зерневыя, садзяць кармавыя буракі і бульбу. Хапае работы гаспадыні, каб усё прапалоць. Але яна не скардзіцца. Радуецца таму, што праца прыносіць плён, што маюць свежыя малочныя прадукты, свае яйкі, розныя далікатэсы са свініны, якімі частуюць гасцей.

— Работы вакол дома яшчэ шмат, — гаварыў гаспадар. — Робім тое, што пільней. Былі праблемы з вадой — выкапалі новы калодзеж, прабівалі свідравіну. З прыходам вясны клопатаў прыбавілася. Не ўяўляю, як можна жыць у вёсцы і не трымаць гаспадаркі. Да гэтага нас прывучылі бацькі. Але моцная сялянская жылка ёсць далёка не ва ўсіх сучасных вясковых жыхароў. Раней у Гвоздавічах у статку было кароў сорак, зараз толькі мы і трымаем. З задавальненнем апрацоўваем зямлю, эксперыментуем з гатункамі, радуемся кожнаму парастку на градцы, з любоўю даглядаем жывёлу. Нам усё гэта ў радасць.

Тэкст і фота

Анны АНІШКЕВІЧ.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.