Шахматны калейдаскоп

Спорт

Пяты турнір адборачных спаборніцтваў чэмпіянату раёна па хуткіх шахматах прайшоў у цікавай і напружанай барацьбе. Гэта і невыпадкова, бо кожнае ачко магло стаць вырашальным. Пераможца вызначыўся толькі ў апошніх партыях. Ім стаў Аляксандр Сямёнаў, які набраў 5,5 ачка. На паўачка меншы другі вынік — у аўтара гэтых радкоў. Адразу тры ўдзельнікі запісалі ў свой актыў па 4,5 ачка — Аляксандр Мурзо, Дзмітрый Стахоўскі, Аляксандр Таразевіч. Прыйшлося падлічваць дадатковыя паказчыкі. Найлепшымі яны аказаліся ў Аляксандра Таразевіча, які замкнуў тройку прызёраў.

А вось шосты турнір такіх жа спаборніцтваў прайшоў пры поўнай перавазе А. Сямёнава. Ва ўсіх сямі партыях ён дабіўся пераканаўчых перамог. 5 ачкоў у другога прызёра — А. Таразевіча, які прайграў толькі пераможцу і дзве партыі завяршыў унічыю. Трэцім з 4,5 ачка фінішаваў аўтар гэтых радкоў.

У выніку ў фінальную частку першынства раёна па хуткіх шахматах выйшлі Андрэй Паўлаў, Аляксандр Сямёнаў, Дзмітрый Стахоўскі, Юрый Катовіч, Аляксандр Таразевіч, Уладзімір Пляшак, Аляксандр Мурзо і Віктар Шастакоў. Яны па кругавой сістэме (кожны з кожным) і вызначаць пераможцу.

* * *

Другі год запар у турніры ветэранаў, чый узрост 60 і больш гадоў, перамог В. Шастакоў. Летась ён выйграў упэўнена, а сёлета барацьба была напружанай. Перад апошнім турам лідзіраваў Авенір Чырванец, які меў 100-працэнтны вынік. У завяршальнай партыі яму дастаткова было згуляць унічыю з В. Шастаковым, каб святкаваць выніковы поспех. Але цуд не здарыўся. На трэцім месцы Вайцех Сямашка з Ляхаўшчыны, які на 10 гадоў старэйшы за сваіх апанентаў. Ён у бліскучай партыі перамог чэмпіёна.

* * *

Па стане на 28 сакавіка абноўлены шахматны каэфіцыент сярод школьнікаў раёна. У дзяўчынак лідзіруюць Жэня Ліпская (СШ №1), Яна Галатылец (СШ №1), Ева Іванова (СШ №2), Аляксандра Крыванос (СШ №5). У першую дзясятку сярод хлопчыкаў увайшлі Матфей Іваноў (СШ №2), Андрэй Павініч (СШ №2), Захар Іваноў (СШ №4), Сямён Іваноў (СШ №4), Яўген Літвіновіч (СШ №2), Арсеній Леўшын (СШ №1), Цімафей Іваноў (СШ №2), Захар Вялікі (СШ №2), Арцём Лысёнак (СШ №5), Уладзімір Жаваранак (СШ №3).

Ю. КАТОВІЧ.   



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.