Шахматны калейдаскоп

Спорт

Восем каманд прымалі ўдзел у фінальнай частцы спаборніцтваў па шахматах сярод школьнікаў па месцы жыхарства. Па традыцыі гульні праходзілі ў Оршы. Дамінавалі гаспадары і юныя шахматысты з Віцебска. У фінальным паядынку яны і вызначалі мацнейшага. На гэты раз перамогу святкавала дружына з абласнога цэнтра. Даволі напружаная барацьба разгарнулася за трэцяе месца. Тут поспех спадарожнічаў пастаўскім шахматыстам. Моцна і надзейна згуляў капітан каманды Матфей Іваноў. Значна папоўнілі ачковую скарбонку Ева Іванова і Яўген Літвіновіч. Вышэй за ўсякія пахвалы згуляў Андрэй Павініч, які стаў адкрыццём турніру. Усе яны займаюцца ў СШ №2. Дарэчы, наша каманда была самай юнай (у сярэднім на тры гады маладзейшай). А значыць, у яе вялікі патэнцыял.

Да спаборніцтваў школьнікаў рыхтавалі трэнер па шахматах Анатоль Салацінскі і індывідуальны прадпрымальнік Дзмітрый Стахоўскі.

* * *

У Глыбокім фінішавалі міжраённыя спаборніцтвы па хуткіх шахматах сярод школьнікаў. Пяты этап павінен быў вызначыць уладальнікаў Кубкаў у камандным заліку, а таксама ў асабістым першынстве сярод дзяўчынак і хлопчыкаў.

Пасля трох этапаў упэўнена лідзіравала Жэня Ліпская (СШ №1), але потым расслабілася і дазволіла саперніцам дагнаць сябе. На апошнім этапе Жэня набрала 5 ачкоў, што для перамогі аказалася  недастаткова. У выніку — другое месца. Парадавала першакласніца Ева Іванова (СШ №2), якая фінішавала ў сярэдзіне турнірнай табліцы.

Сярод хлопчыкаў у тройку прызёраў трапіў Матфей Іваноў (СШ №2). На заключным этапе паспяхова дэбютаваў на турніры Мацвей Курашэвіч (СШ №3) — набраў 5 ачкоў і адразу выканаў нарматыў трэцяга разраду. Крыху раней ён пакарыўся Яўгену Літвіновічу (СШ №2), Захару Іванову (СШ №4) і Арсенію Леўшыну (СШ №1).

У камандным заліку перамаглі гаспадары. На другім месцы каманда “Паставы-ІІ”. Тройку прызёраў замкнула яшчэ адна наша дружына — “Паставы-І”.

* * *

Згуляны фінальныя гульні першынства раёна па хуткіх шахматах. За тур да заканчэння спаборніцтваў чэмпіёнам раёна 2016 года стаў індывідуальны прадпрымальнік Дзмітрый Стахоўскі, які набраў 5,5 ачка, ніводнай партыі не прайграў, а тры завяршыў унічыю (з прызёрамі і ўладальнікам чацвёртага месца). 4,5 ачка ў актыве інжынера раёна газазабеспячэння Аляксандра Таразевіча. На паўачка менш і трэці вынік у Аляксандра Сямёнава (ЦБП №230 «ААБ «Беларусбанк»). За крок ад п’едэстала спыніўся аўтар гэтых радкоў, які набраў 2 ачкі з трох магчымых у гульнях з прызёрамі. Толькі гэтага аказалася мала.

Ю. КАТОВІЧ. 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.