“Шлях да поспеху” адкрыты!

Общество

Конкурс прафесійнага майстэрства сярод маладых спецыялістаў і работнікаў “Шлях да поспеху” ў нашым раёне праводзіўся ў 2011-ым і ў 2014-ым. Сёлета ён узяў старт у трэці раз і ўжо можа смела называцца традыцыйным.

Удзельнікі конкурсу новыя, а яго мэты ранейшыя — раскрыць інтэлектуальны і творчы патэнцыял, адкрыць дадатковыя перспектывы, падарыць карысныя знаёмствы.

Першы этап — самапрэзентацыя “Мае дасягненні” — адбыўся 31 сакавіка на сцэне раённага Дома культуры. Галоўным арганізатарам спаборніцтва па-ранейшаму выступіў аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама. Яго начальнік Г. М. Чаплінская ўзначаліла журы конкурсу, у склад якога таксама ўвайшлі на той час начальнік аддзела арганізацыйна-кадравай работы райвыканкама У. З. Гутар, старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў І. А. Далецкая, першы і другі сакратары райкама БРСМ І. Каралёва і В. Казлоўская.

Мерапрыемства пачалося з прагляду фільма “Паставы-ТБ” пра два мінулыя конкурсы, пераможцамі якіх сталі Юрый Рагуцёнак (на той час працаваў ва УП ЖКГ) і Ірына Банькоўская з УП “Завод Беліт”. Усяго ж дзякуючы праекту магчымасць сябе праявіць атрымалі амаль тры дзясяткі спецыялістаў.

Сёлета на “Шлях да поспеху” ступілі дзесяць маладых работнікаў з розных прадпрыемстваў і арганізацый Пастаўшчыны. Ад імя арганізатараў конкурсу іх прывітала Г. М. Чаплінская:

— Штогод на Пастаўшчыну прыязджае больш за сотню маладых спецыялістаў, — гаварыла яна. — Кіраўніцтва раёна робіць многае, каб не толькі нашы землякі, але і жыхары іншых рэгіёнаў замацоўваліся на першых працоўных месцах, стваралі тут сем’і, мелі магчымасць актыўна адпачываць. Перад кожным адкрыта шмат дарог. Не шкадуйце сіл і часу, пастарайцеся па-максімуму заявіць пра свае найлепшыя якасці. Журы будзе няпроста выбраць самага лепшага. Сферы дзейнасці ў вас розныя, таленты — таксама. Аднак упэўнена, што пераможных тут не будзе. Усе знойдуць новых сяброў, атрымаюць шмат станоўчых эмоцый ад сустрэч, якія будуць праходзіць у самай добразычлівай атмасферы. Натхнення вам, яркіх ідэй, поспехаў!

Затым маладыя людзі паказалі вітныя карткі — расказалі пра сваю адукацыю, працоўную дзейнасць, дасягненні, шматлікія захапленні. Пры гэтым выкарыстоўвалі вершы, песні, слайд-шоу з фотаздымкамі, відэа… Журы, згодна з палажэннем аб конкурсе, ацэньвала камунікатыўныя здольнасці выступоўцаў, аргументаванасць у выказванні сваіх пазіцый, арыгінальнасць формы і зместу самапрэзентацыі, яе інфаматыўнасць. У выніку пераможцам этапа стала Ірына Гутар (яна набрала 79 балаў). Другое месца заняў Аляксандр Сварцэвіч (74 балы), трэцяе — Таццяна Карпава (71 бал).

На сцэне ў той дзень таксама выступілі Крысціна Клянтак, ­Дар’я Румянцава, танцавальны калектыў раённага цэнтра дзяцей і моладзі “Непаседы”, вакальныя гурты “Канфеці” і “Фантазія”, якія парадавалі гледачоў сваімі музычнымі нумарамі.

У наступны раз канкурсанты збяруцца ў жніўні. На гэты час запланаваны чарговы этап — прафесійнае тэсціраванне. Яно будзе ўключаць пытанні па раздзелах: “Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь”, “Асновы ідэалогіі беларускай дзяржавы”, “Асновы эканамічнай дзейнасці”, “Гісторыя і культура Беларусі і роднага краю” і іншых. На заключным этапе ўдзельнікі выступяць у якасці кіраўнікоў і будуць абараняць свае праграмы развіцця прадпрыемства (установы, арганізацыі) па месцы работы.

Удзельнікі конкурсу “Шлях да поспеху”:

Ірына Гутар, намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце ДУА “Пастаўская гімназія”;

Уладзімір Чумакоў, эканаміст-праграміст ААТ “Навасёлкі-Лучай”;

Алена Зубовіч, бухгалтар ААТ “Камайскі-агра”;

Аляксандр Сварцэвіч, урач-інфекцыяніст, загадчык інфекцыйнага аддзялення УАЗ “Пастаўская цэнтральная раённая бальніца”;

Дзмітрый Жук, інспектар дарожна-патрульнай службы дзяржаўнай аўтаінспекцыі аддзела ўнутраных спраў Пастаўскага райвыканкама;

Ірына Маланчук, інспектар аддзела кадраў УП “Завод Беліт”;

Таццяна Карпава, арганізатар масавых мерапрыемстваў цэнтра культуры і народнай творчасці;

Сяргей Піліпёнак, механік транспартнага ўчастка, па сумяшчальніцтве спецыяліст па арганізацыі дзяржаўных закупак УП ЖКГ;

Алена Мінчанкова, інжынер па лесааднаўленні і меліярацыі ДЛГУ “Пастаўскі лясгас”;

Анастасія Ліхаманава, інжынер па лесакарыстанні ДЛГУ “Пастаўскі лясгас”.

Іна СНЯЖКОВА.

Фота аўтара.