Шляхам мэтавай падрыхтоўкі

Общество Сельское хозяйство

Нядаўна на базе Пастаўскага дзяржаўнага каледжа адбыўся раённы прафарыентацыйны злёт, на якім выступілі прадстаўнікі каля 10 вышэйшых і сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў, іншых зацікаўленых ведамстваў. Пасля гэтага ва ўпраўленне сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама звярнулася некалькі выпускнікоў школ з просьбай больш падрабязна расказаць пра падрыхтоўку спецыялістаў для сельскагаспадарчай вытворчасці. Спадзяюся, што гэта інфармацыя зацікавіць не толькі навучэнцаў дзявятых і адзінаццатых класаў, але і  іх бацькоў, бо вучоба ва ўстановах адукацыі сельскагаспадарчага профілю мае шэраг пераваг, што з’яўляецца немалаважным фактарам у цяперашняй няпростай эканамічнай сітуацыі.

Мэтавая падрыхтоўка спецыялі­стаў для прадпрыемстваў і арганізацый аграпрамысловага комплексу сёлета, як і ў папярэднія гады, будзе арганізоўвацца з улікам іх перспектыўнай патрэбнасці. Дагаворы заключаюцца як непасрэдна з сельгаспрадпрыемствамі, так і з  упраўленнем сельскай гаспадаркі і харчавання. Будучых заатэхнікаў, ветэрынарных урачоў, аграномаў, бухгалтараў, правазнаўцаў, спецыялістаў тэхнічнай, энергетычнай, меліярацыйнай вытворчасцей і іншых для раёна рыхтуюць аграрны каледж дзяржаўнай акадэміі ветэрынарнай медыцыны, Полацкі дзяржаўны аграрна-эканамічны каледж, Смальянскі дзяржаўны аграрны каледж, Гарадоцкі і Лепельскі аграрна-тэхнічныя каледжы. Залічэнне на вучобу ў названых сярэдніх спецыяльных навучальных установах на ўсе спецыяльнасці дзённага і завочнага аддзяленняў праводзіцца па конкурсе сярэдняга бала дакумента аб адукацыі (без уступных экзаменаў і прад’яўлення сертыфікатаў цэнтралізаванага тэсціравання).

У выпускнікоў агульнаадукацыйных школ і сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў, якія будуць мець дагаворы мэтавай падрыхтоўкі,  намнога ўзрастае верагоднасць стаць студэнтамі Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі, Віцебскай дзяржаўнай акадэміі ветэрынарнай медыцыны і Беларускага дзяржаўнага аграрнага тэхнічнага ўніверсітэта. Пералік спецыяльнасцей, якія тут можна атрымаць, даволі ўнушальны. Што датычыць непасрэдна паступлення, то прахадны бал на мэтавым конкурсе, як правіла, некалькі ніжэйшы за агульны. Трэба мець на ўвазе, што заказчыкі кадраў — а імі ў большасці з’яўляюцца сельгас­арганізацыі — могуць даплачваць кожны месяц сваім студэнтам да асноўнай стыпендыі да пяці базавых велічынь. Пасля заканчэння навучальнай установы яны ў абавязковым парадку размяркоўваюцца ў тую арганізацыю, з якой быў заключаны дагавор мэтавай падрыхтоўкі. Такім чынам выпускнікам гарантуецца працаўладкаванне, а таксама забеспячэнне жыллём.

Акрамя таго, у адпаведнасці з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь №353 ад 12 жніўня 2013 года “Аб некаторых мерах па забеспячэнні арганізацый аграпрамысловага комплексу кадрамі”, маладому спецыялісту з вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыяй, які прыбыў на работу ў сельгаспрадпрыемства, на працягу двух гадоў з дня заключэння кантракта штомесяц выплачваецца даплата ў памеры дзвюх тарыфных ставак першага разраду. Прадугледжаны таксама і даплаты ў памеры трох тарыфных ставак першага разраду. Яны налічваюцца на працягу трох наступных гадоў са сродкаў рэспубліканскага бюджэту тым кіраўнікам і спецыялістам, якія адпрацавалі пасля размеркавання два гады і прадаўжаюць працаваць у калектывах на кантрактных умовах. Пры жаданні маладыя спецыялісты маюць права на льготныя крэдыты ААТ “Беларусбанк” для набыцця мэблі і іншых тавараў айчыннай вытворчасці.

У наш раён штогод прыбывае ў сярэднім да 50 і больш выпускнікоў сярэдніх і вышэйшых навучальных устаноў сельскагаспадарчага профілю, у тым ліку тых, хто вучыўся па дагаворах мэтавай падрыхтоўкі. Спецыялі­сты ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама сумесна з райкамам прафсаюза работнікаў АПК садзейнічаюць стварэнню для іх нармальных бытавых умоў, атмасферы, у якой маладыя кадры адчувалі б сваю значнасць і адказнасць за даручаны ўчастак работы. У сельгасарганізацыях раёна за маладымі спецыялістамі замацоўваюцца настаўнікі. Іх асабісты прыклад, маральная і практычная падтрымка дапамагаюць хутчэй асвоіцца на новым месцы, застацца тут працаваць.

Больш падрабязна аб умовах заключэння мэтавых дагавораў можна даведацца ва ўпраўленні сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама асабіста або пазваніўшы па тэлефоне 4-21-53.

Д. ШЫПКО,

галоўны спецыяліст

 (юрысконсульт) упраўлення сельскай гаспадаркі

і харчавання райвыканкама.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.