Спартсменка, актывістка, прыгажуня

Личности Местная власть

«Смачна, як у мамы», — так кажуць салдаты тэрміновай службы першага радыётэхнічнага цэнтра в/ч 25888 пра ежу, якую для іх гатуе старшы повар гаспадарчага аддзялення яфрэйтар Ганна Аляксандраўна Кернер.

Сама Ганна прызнаецца, што прафесію повара вы­брала выпадкова: пасля заканчэння школы не паступіла ва ўніверсітэт і, каб не траціць час, падала дакументы ў Пастаўскі ліцэй. Падчас практыкі, якую праходзіла ў радыётэхнічным цэнтры, зарэкамендавала сябе з найлепшага боку, што і дало магчымасць у далейшым уладкавацца сюды на работу. Год адпрацавала на цывільнай пасадзе, затым была пераведзена на кантрактную службу. Спадабаўся калектыў, ды і сама праца. У выніку думкі пра паступленне на далейшую вучобу зніклі самі сабой.

— А яшчэ паўплываў той факт, што мне з маленства падабалася ваенная форма, заўсёды марыла яе прымераць — прызнаецца Ганна. — Мае дзядуля і бабуля Васіль Васільевіч і Ганна Сямёнаўна Гарнаевы падчас Вялікай Айчыннай вайны былі партызанамі: ён — палітруком атрада, яна — медработнікам, мелі шмат узнагарод. Тата ўсё жыццё служыў у арміі, ваяваў у Афганістане, зараз ваенны пенсіянер.

Ганна Кернер шчыруе на салдацкай кухні ўжо 15 гадоў. У яе абавязкі ўвахо­дзяць складанне меню, кантроль нормаў закладкі прадуктаў і якасці ежы, прыгатаванне абеду, яго парцыянаванне і раздача. У яфрэйтара два памочнікі — рабочы па сталовай і повар. Абодва праходзяць тэрміновую службу ў радыё­тэхнічным цэнтры. Старшы повар шчодра дзеліцца з падначаленымі прафесійнымі сакрэтамі.

— Працаваць з Ганнай Аляксандраўнай весела і цікава, — расказваў радавы Алег Варанюк. — Яна хуткая, акуратная, скрупулёзная. Заўсёды паказвае прыгатаванне новых страў, а таксама як іх лепш падаць і аформіць, вучыць розным тонкасцям. Я па адукацыі повар, таму мне гэта вельмі цікава. А яшчэ яна таварыская. Заўсёды выслухае, параіць, ёй можна даверыць асабістую тайну.

Калі адбываецца звальненне вайскоўцаў у запас, старшы повар завіхаецца каля пліты адна. Часам ёй месяцамі прыходзіцца працаваць з шасці раніцы да васьмі вечара. Але так бывае не часта, таму на звышурочныя гадзіны імкнецца не звяртаць увагі. Да таго ж актыўна ўдзельнічае ў грамадскім жыцці вайсковай часці, спартыўных мерапрыемствах.

— Дысцыплінаваная, адказная, старанная, — характарызуе яфрэйтара намеснік начальніка радыётэхнічнага цэнтра па ідэалагічнай рабоце маёр Дзмітрый Дзевятоўскі. — Сярод вайскоўцаў 2-3 разы на год праводзяцца агляды спартыўна-масавай работы. Ганна — нязменны іх удзельнік. Усе нарматывы здае толькі на «добра» і «выдатна», па фізічнай падрыхтоўцы з’яўляецца прыкладам нават для мужчын-вайскоўцаў.

За добрасумленнае выкананне службовых абавязкаў Ганна Кернер неаднойчы ўзнагароджвалася падзякамі і граматамі камандавання. А ў 2004 го­дзе стала пераможцай рэспубліканскага фотаконкурсу «Міс Узброеныя Сілы Рэспублікі Беларусь».

Тэкст і фота

 Веранікі ФІЛАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.