Справа знайшлася кожнаму

Общество

23 красавіка адбыўся рэспубліканскі суботнік. У Беларусі яго вынікі ўжо падве­дзены. На рабочых месцах і добраўпарадкаванні працавала больш за 3 мільёны 200 тысяч чалавек, у тым ліку на  Пастаўшчыне — больш за 12 тысяч гараджан і вяскоўцаў. Прадпрыемствамі раёна выпушчана прамысловай прадукцыі на суму, якая перавышае 750 мільёнаў рублёў. Для пералічэння ў фонд суботніка налічана  220 мільёнаў рублёў грашовых сродкаў.

Заробленыя на суботніку грошы пойдуць на будаўніцтва маладзёжнага патрыятычнага цэнтра на Брэстчыне, рэканструкцыю гісторыка-культурных каштоўнасцей, месцаў баявой і воінскай славы, умацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы цэнтраў і дзіцячых лагераў.

Дружна выйшлі на суботнік ваенныя медыкі і цывільны персанал 1-га ваеннага шпіталя органаў пагранічнай службы Рэспублікі Беларусь — усяго больш за 150 чалавек. Арганізатары загадзя паклапаціліся пра тое, каб кожнаму знайшлася канкрэтная справа. Супрацоўнікі ўстановы добра­ўпарадкоўвалі тэрыторыю: фарбавалі агароджу, альтанкі, бялілі яблыні ва ўласным садзе, рыхлілі глебу на кветніках і ўздоўж пешаходных дарожак, абнаўлялі фасад цэнтральнага ўвахода, стэлу Героя Савецкага Саюза Васіля Сідарэнкі, выконвалі іншыя работы.

— Падтрыманне ўзорнай чысціні і парадку як у памяшканнях, так і на прылеглай тэрыторыі, плошча якой чатыры гектары, з’яўляецца неад’емнай часткай паўсядзённай работы, — адзначыў намеснік начальніка шпіталя па ідэалагічнай рабоце падпалкоўнік Юрый Часлававіч Дунец. — Па суботах у нас праводзяцца гаспадарчыя дні. За чысцінёй і парадкам сочыць абслуговы персанал. А вясной практычна кожны ўносіць свой уклад у тое, каб прываблівала тэрыторыя, можна было прыемна адпачыць, парадавацца хараству.

На суботніку ў ваенным шпіталі ўсе працавалі з добрым настроем. Бадзёрасці і весялосці лю­дзям надавалі музыка і песні, якія гучалі з дынамікаў на ўсё наваколле.

Восенню мінулага года непадалёк медыцынскай установы, дзе па вуліцы Касманаўтаў выраслі новыя дамы, былі закла­­­дзе­ны парк і алея ў гонар 70-годдзя Вялікай Перамогі. За тым, як прыжыліся саджанцы, ці ўсе захаваліся, сочаць работнікі камунальнай службы, лясной і газавай гаспадарак, якія разам з іншымі садзілі  дрэўцы. Частку іх давялося аднаўляць. Гэта работа праводзілася і па вуліцы Савецкай, а таксама ў будучым парку, размешчаным за аўтазаправачнай станцыяй. Прыбавілася зялёных насаджэнняў у мікрараёне вуліцы Юбілейнай. У рамках тыдня лесу і рэспубліканскага суботніка вучні сярэдняй школы №2 пасадзілі тут 300 бярозак.

— Кожны год у розных месцах горада, дзякуючы дарослым і школьнікам, з’яўляюцца сотні маладзенькіх дрэўцаў, — расказваў намеснік дырэктара УП ЖКГ Сяргей Часлававіч Пляшкун. — Не стала выключэннем і сёлетняя вясна. Карыстаючыся выпадкам, хочацца падзякаваць усім, хто прымнажае зялёнае багацце горада. Але ёсць нямала і адмоўных фактаў, калі дрэўцы ламаюць, а то і вырываюць з каранямі. Амаль кожныя восень і вясну даводзіцца дапаўняць пасадкі. Увогуле, усе, хто ўдзельнічае ў суботніках, розных акцыях, бачаць, што наводзіць і падтрымліваць парадак адной камунальнай службе складана.

На суботніку ў гэтым пераканаліся ў тым ліку работнікі ад­дзелаў і ўпраўленняў райвыканкама і іншых дзяржаўных структур, якія, аб’яднаўшыся ў некалькі груп, разам з камунгасаўцамі працавалі на добраўпарадкаванні тэрыторый гарадскога парку, аб’язной дарогі ў раёне Сасноўкі, узбярэжжа ракі Мя­дзелкі з боку вуліцы Ленінскай, прычыгуначнай зялёнай паласы і іншых месцаў. Шэраг іх моцна засмечаныя. І каб, напрыклад, пачысцела на берагах Мя­дзелкі, давя­дзецца яшчэ шмат папрацаваць.

Напярэдадні і ў дзень суботніка прадаўжалі работы па ямачным рамонце дарог і вуліц горада, добраўпарадкаванні аўтобусных павільёнаў і прыпынкаў, месцаў адпачынку, уласнай вытворчай базы і прылеглай тэрыторыі рабочыя, служачыя, вадзіцелі і механізатары філіяла “Пастаўскае ДЭУ-ЗЗ”. Нягледзячы на тое, што вясной у гэтым кірунку ўжо шмат зроблена, дарожнікі не збаўляюць тэмпаў, стараюцца паўсюдна навесці парадак.

У многіх калектывах не чакалі суботніка, навялі парадак даўно. Чыстымі, прыгожымі, утульнымі выглядаюць тэрыторыі цэнтральнай раённай бальніцы, раёна газазабеспячэння, ільнозавода , філіяла “ДРБУ-132”, раённага аддзялення Дэпартамента аховы, раённага Дома культуры, школ і дзіцячых садкоў горада і іншых.

 

На жаль, сёлетняя вясна не спрыяе правядзенню работ па добраўпарадкаванні. Але як толькі ўсталюецца надвор’е, яны будуць працягнуты.

Тэкст і фота

Пятра КУРЫЛОВІЧА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.