У РАЁНЕ ПАЧАЛАСЯ СЯЎБА

Сельское хозяйство

На гэтым тыдні першымі вывелі ў поле сеяльныя агрэгаты механізатары філіяла “Нафтазаводмантаж-агра”, адкрытых акцыянерных таварыстваў  “Навасёлкі-Лучай”, “Хацілы-агра”, “Сцяг Перамогі-агра”, “Камайскі-агра” і “Блакітныя азёры-агра”.

Раўненне на лепшых

Па даных упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама, раённай арганізацыі прафсаюза работ­нікаў АПК, на правя­дзенні веснавых палявых работ на 7 красавіка вызначыліся меха­нізатары:

Татарчук Юрый Іванавіч (ААТ “Навасёлкі-Лучай”), засеяў зерневымі за дзень 35 гектараў;

Нікалаеў Віктар Ула­дзіміравіч (ААТ “Хацілы-агра”), засеяў зерневымі за дзень 25 гектараў;

Гіль Сяргей Уладзіміравіч (ААТ “Навасёлкі-Лучай”), прадыскаваў за дзень 25 гектараў глебы;

Шынкевіч Мікалай Арсеньевіч (ААТ “Навасёлкі-Лучай”), унёс за дзень мінеральныя ўдабрэнні  на 127 гектарах;

Дзясятнік Уладзімір Віктаравіч (ААТ “Хацілы-агра”), унёс вадкія мінеральныя ўдабрэнні на 1182 гектарах,  за дзень — на 100;

Ворсін Мікалай Пятровіч (ААТ “Кураполле-агра”), унёс за дзень вадкія мінеральныя ўдабрэнні на 100 гектарах;

Баравік Валерый Георгіевіч (ААТ “Кураполле-агра”), падкарміў за дзень 100 гектараў пашы.

У першы дзень — 35 гектараў

У 2006 годзе ААТ “Навасёлкі-Лучай” набыло замежны трактар “Джон Дзір”, а праз год — першы ў раёне шыроказахопны сеяльны агрэгат “Амазоне”. Тэхніку замацавалі за механізатарам Юрыем Татарчуком. З таго часу вясной і восенню ён працуе на сяўбе, дабіваецца высокай выпрацоўкі. Летась, напрыклад, на ўсёй планавай плошчы — а гэта 420 гектараў — пасеяў азімы рапс,  амаль на 1000 гектарах заправіў у глебу насенне зерневых. І сёлета Юрый Іванавіч таксама адным з першых у раёне вывеў у поле “Джон Дзір” з сеяльным агрэгатам. Старт атрымаўся ўдалым. У мінулую сераду ва ўрочышчы Манчаняты ён  засеяў ячменем  сорту “гаспадар” 35 гектараў.

— Гэта толькі пачатак вялікай і адказнай работы, — расказваў Юрый Татарчук. — У зімовы час механізатары і рамонтнікі пастараліся падрыхтаваць тэхніку. Цяпер кожны дзень усё больш трактароў з’яўляецца на палях, у тым ліку і на падрыхтоўцы глебы. На першы погляд здаецца, што яна падаспела, але на самай справе не на кожным участку тэхніка яшчэ можа прайсці. Спатрэбіцца некалькі сонечных дзён, каб работу можна было весці ў комплексе.

Пад яравыя зерневыя і зернебабовыя ў гаспадарцы адводзіцца 1200 гектараў. Як толькі падаспее глеба — а яе падрыхтоўкай  займаюцца Сяргей Гіль, Віктар Дулінец, Аляксандр Лешчык, Аляксандр Федаронак, Казімір Віннік, Анатолій Счасны і іншыя механізатары, — у работу будуць уключаны яшчэ два сеяльныя агрэгаты.

— Высокае майстэрства на сяўбе дэманструе не толькі Юрый Татарчук, — адзначыла галоўны аграном сельгаспрадпрыемства Вера Мукель. — Кожны год у ліку лепшых у раёне Руслан Шымко, у якога трактар “МТЗ-3022” і  сеяльны агрэгат “АПП-6П”. На палетках з меншай контурнасцю на МТЗ-1221 з сеялкай “Лемкен” рупіцца Аляксандр Федаронак. У рэзерве ёсць таксама сеялка “СЗУ-4,2”. Гэтага дастаткова, каб у лепшыя агратэхнічныя тэрміны пасеяць не толькі зерневыя, але і зернебабовыя, кукурузу, яравы рапс.

Прафесіяналізм механізатараў і тэхнічная аснашчанасць, дастатковая колькасць насеннага матэрыялу дазваляюць вытрымліваць параметры сяўбы на адпаведным тэхналагічным узроўні. А вось з забеспячэннем мінеральнымі ўдабрэннямі ёсць цяжкасці. Яны ў першую чаргу выкарыстоўваюцца для падкормкі азімых зерневых, сенакосаў і пашы. Глеба, дзе будуць вырошчвацца кукуруза і бульба, атрымлівае багатую запраўку арганікай. Аб’ём веснавых палявых работ з кожным днём усё больш узрастае.  Механізатары, спецыялісты і кіраўніцтва сельгас­прадпрыемства перайшлі на падоўжаны графік рабочага дня.

На здымку: механізатар Юрый Татарчук.

Тэкст і фота Пятра КУРЫЛОВІЧА.

 

 

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.