У розных тэхніках


У выставачных залах Дома рамёстваў «Стары млын» адкрыліся дзве выставы. Аўтар адной — удзельніца мясцовага народнага клуба майстроў і самадзейных мастакоў «Майстры» Леанарда Уладзіміраўна Іванова, другой — метадыст па разьбе па дрэве Глыбоцкага Дома рамёстваў Віктар Баляслававіч Дудкевіч.

«Вясна. Жанчыны. Кветкі». Пад такой назвай выстаўляе свае работы ўдзельніца клуба «Майстры» Леанарда Іванова. Яна зараз на пенсіі, жыве ў вёсцы Гута, але гэта не замінае ёй быць адной з самых актыўных членаў творчага аб’яднання. На суд гледачоў майстрыха прадставіла работы, над якімі працавала на працягу года. Гэта плеценыя з бісеру разнастайныя дрэвы і вышыўка бісерам. На аформленых у рамкі карцінах пырхаюць матылькі, лятаюць птушкі і пчолы, буяюць кветкі, хінуцца адно да аднаго закаханыя пары і каты. Ёсць нават іконы. Іх Леанарда Уладзіміраўна вышыла для сваіх дачок, якіх у жанчыны тры. Унукі таксама папрасілі бабулю вышыць іконы бісерам і для іх.

— Вышыўкай захапляюся з дзяцінства, але вышываць бісерам пачала толькі тры гады таму, — расказвала падчас адкрыцця выставы Л. У. Іванова. — Узоры з кніг і часопісаў мне дапамагае выбіраць унучка. Яна ж з’яўляецца першым суддзёй маіх работ.

Дапоўнілі персанальную выставу Леанарды Івановай яркія, прыгожыя, хвалюючыя работы іншых удзельнікаў клуба «Майстры» — Алены Аляксандраўны Касенка, Таццяны Анатольеўны Сабецкай і Ганны Уладзіміраўны Шылько.

У суседняй зале размясцілася выстава «Знаёмства» Віктара Дудкевіча. Мастацкі талент праявіўся ў яго яшчэ ў дзяцінстве, але пасля заканчэння школы вырашыў паступаць у «мараходку» г. Кранштат, працаваў у Мурманску. Аднак цяга да мастацтва ўсё роўна ўзяла верх. Скончыў Маскоўскі завочны народны ўніверсітэт мастацтваў, апошнія дзесяць гадоў працуе ў Доме рамёстваў горада Глыбокае. Мастак шукае сябе ў розных тэхніках. На выставе прадстаўлены разьба па дрэве, графіка, жывапіс, маляванкі, лубок, акрыл і іншыя. Выразаныя з дрэва цацкі сваёй прыгажосцю ў разы пераўзыходзяць фабрычныя. Чаго толькі варты мужык з мядзведзем, якія пілуюць дровы, або трактар: спераду — усмешка, замест даху кепка, на задніх колах квітнеюць васількі, на пярэдніх — рамонкі, а труба — цыгарэта. Вельмі ўразіла беларуская хата, у якой каля печы завіхаецца гаспадыня, астатнія члены сям’і сабраліся каля стала. Тут прадумана кожная дэталь — нават фіранкі вісяць на акне. А яшчэ Віктар Баляслававіч займаецца рэканструкцыяй старажытных беларускіх строяў, у адзін з якіх быў прыбраны і сам. Пры знаёмстве з гледачамі творца расказваў не толькі пра сябе, але і пра гісторыю стварэння некаторых экспанатаў.

— Неаднойчы пераконваўся, што найлепшы мастак — гэта прырода, таму вельмі часта пры рабоце з драўнінай карыстаюся яе падказкамі. Напрыклад, ідэю стварэння «Пяра жар-птушкі», «Скарпіёна», «Стварэння свету» і іншых падказаў прыродны матэрыял. Галоўнае — здолець разгледзець і празмернай стараннасцю не сапсаваць фактуру, — дзяліўся В. Б. Дудкевіч. — А вось работы «Скрыжаванне» і «Родная мова» падказала само жыццё.

Напрыканцы сустрэчы Віктар Баляслававіч прадэманстраваў прысутным прынцып дзеяння мініяцюрнага друкаванага станка, які таксама вырабіў самастойна. Усе жадаючыя маглі надрукаваць, як жартаваў мастак, на прататыпе сучасных прынтара і ксеракса крышку скарочаны варыянт першай старонкі Бібліі Скарыны.

Абедзве выставы будуць працаваць да сярэдзіны мая. Не пашкадуйце часу, і вы адкрыеце для сябе свет прыгожага ў розных яго праявах.

Тэкст і фота Веранікі ФІЛАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.