Упрыгожаць новыя дрэвы


З надыходам вясны пачалося паўсюднае добраўпарадкаванне: уборка населеных пунктаў, пасадка кветак і дрэў. Сёлета новыя насаджэнні з’явіліся і ў аграгарадку Кураполле. Елачкі і хваінкі мясцовыя школьнікі і выхаванцы дзіцячага садка разам са сваімі настаўнікамі і выхавальнікамі «прызямлілі» ў зоне адпачынку, якая знаходзіцца каля адміністрацыйнага будынка сельскага Савета і садка, па перыметры школьнага стадыёна. Як вартавыя, елачкі сталі ўздоўж дарожкі, што вядзе да помніка воінам-землякам. Саджанцы дрэў упрыгожылі і іншыя тэрыторыі аграгарадка.

— Перш чым прыступіць да азелянення, мы прадумалі ўсе нюансы: ад дызайну да мэтазгоднасці. У далейшым пасадкі плануем дапоўніць рознымі кустарнікамі, — расказваў старшыня сельскага Савета Мікалай Мікалаевіч Яльчык. — На тэрыторыі зоны адпачынку ўжо растуць бярозы, стаяць лаўкі. Тут любяць бавіць час маладыя мамы разам з дзецьмі. А іх у нас прыбаўляецца — сёлета ў аграгарадку з’явілася шэсць немаўлят. Свежае паветра ім пойдзе толькі на карысць.

Пройдуць гады — і сённяшнія саджанцы ператворацца ў велічныя прыгожыя дрэвы, і ўсе, хто меў дачыненне да іх пасадкі, будуць радавацца і любавацца імі. Забыць пасадку дрэў немагчыма. Так лічыць і настаўнік біялогіі Курапольскай школы Людвіг Людвігавіч Лапін. У свой час ён скончыў Барысаўскае СПТВ-42, дзе рыхтавалі лесаводаў, і да прызыву ў армію працаваў лесніком. Разам з іншымі цэлы сезон саджаў лес каля вёскі Вілейты. Было гэта 42 гады таму, і той лес ужо вырас.

Усяго ў Кураполлі сёлетняй вясной пасаджана каля 150 дрэў. Новыя наса­джэнні з’явіліся таксама ў аграгарадку Андроны і вёсцы Целякі. Пасадачны матэрыял прадаставіла Пастаўскае лясніцтва.

Тэкст і фота Веранікі ФІЛАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.