УРАДЖАЙ ГАДОЎ ПРАЖЫТЫХ

Личности

Фелікса Іосіфавіча Чарняўскага з вёскі Вярэнькі не заўсёды можна застаць дома. Не ў яго характары ся­дзець гадзінамі каля тэлевізара або проста глядзець у акно. Занятак знаходзіць у любую пару года, а тым больш — з прыходам вясны.

Нам пашанцавала: гаспадар чакаў унука. Васьмікласнік Максім заходзіць, каб расказаць пра свае вучнёўскія справы, паслухаць дзядулевы расказы. 84-гадовы Фелікс Іосіфавіч любіць разважаць на розныя тэмы.

— Тры гады мне было, калі ў 30-гадовым узросце памёр бацька, — расказваў падчас нашай сустрэчы. — Засталіся я і маленькая сястра. З часам мама ў другі раз выйшла замуж, нара­дзіла дваіх дзетак. Айчым быў добрым чалавекам, вучыў жыццю.

Хлопец рос дасціпным, дапытлівым, цікаўным, здольным да любой справы, не цураўся ніякай работы. Калі арганізаваліся калгасы, яго, 19-гадовага, назначылі брыгадзірам. Няпроста было кіраваць равеснікамі бацькоў. Стараўся быць справядлівым, шукаў падыход да людзей. Пазбавіў ад клопатнай брыгадзірскай пасады прызыў у армію.

— Месцам службы стала Камчатка, — успамінаў. — Цяжка было адаптавацца ў тых кліматычных умовах. Не хапала кіслароду, зімой снегу намятала да пяці метраў! А вятрышчы якія! Чатыры гады здаліся такімі доўгімі. Сумаваў па доме і родных. А калі вярнуўся, ажаніўся з дзяўчынай з суседняй вёскі і абаснаваўся ў Вярэньках.

Абжываліся маладыя, як кажуць, са свайго мазаля. Фелікс Іосіфавіч працаваў у Свірскім дарожна-эксплуатацыйным упраўленні, якое тады абслугоўвала дарогу каля Вярэнек. У вольны ад работы час будаваў дом. Усё сваімі рукамі. Рупіўся, і праз год маладая сям’я ў яго засялілася. Нарадзілася дачушка, праз чатырнаццаць гадоў — другая. Фелікса Іосіфавіча нечакана падкасіла хвароба, перанёс аперацыю на лёгкіх. Калі паправіўся, на сямейным савеце вырашылі, што варта памяняць работу. І ён папрасіўся ў калгас. Ф. І. Чарняўскаму даверылі склад запасных частак.

— Іх налічвалася тысячы, — успамінае пачатак васьмі­дзясятых. — Калхідамі прывозілі. Памятаю, адных лемяшоў выгрузілі 1800 штук, 200 барон. А колькі тэхнікі было! 12 “Беларусаў” торф развозілі па палях. Адзін год перад жнівом пяць “Енісееў” атрымалі. Заўсёды мелі запас паліва (тон 120 у бочках захоўвалася). Кіраваў гаспадаркай, светлая яму памяць, Пётр Мікалаевіч Касцень. Перспектыўны быў кіраўнік, колькі новабудоўляў з’явілася ў гаспадарцы ў той час!

Фелікс Іосіфавіч пакінуў работу ў 80 гадоў. Ён і цяпер нераўнадушны да ўсяго, што адбываецца ў гаспадарцы. Час ад часу выбіраецца ў дыспетчарскую, майстэрню, назірае за рамонтам тэхнікі. Некаторы час майстэрняй загадваў яго старэйшы ўнук, цяпер ён прадаўжае вучобу, а дзядуля мае надзею, што вернецца на родную зямлю. Не апошні памочнік Фелікс Іосіфавіч і для малодшай дачкі Святланы, якая жыве непадалёк, трымае вялікую гаспадарку.

— Ніхто так удала не ўкладзе сена на возе, як спрактыкаваны тата, — гаварыла старэйшая дачка Чарняўскіх Тамара, якая жыве ў Нарачы і якраз прыехала праведаць бацьку. — Просім, каб больш адпачываў, а ён рвецца да любой работы.

— Калі працуеш, весялей жывецца, — парыруе дачцэ. — Для мяне хоць невялікі занятак па гаспадарцы — аддушына. Застаўся ўдаўцом, старасць падкралася непрыкметна, а руплівасць засталася. Чакаю лета: люблю збіраць ягады, грыбы. Працавітасць — гэта спадчына. Мне яна перадалася ад дзядоў і бацькоў. Рады, што дочкі, унукі не беларучкі. Значыць, правільна выхоў­валі. Яны — ураджай маіх пражытых гадоў.

Тэкст і фота Анны АНІШКЕВІЧ.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.