УЗАЕМАДЗЕЯННЕ І СУПРАЦОЎНІЦТВА ПРЫНОСЯЦЬ СТАНОЎЧЫ ВЫНІК

Местная власть

З вытворчасцю Пастаўскага мэблевага цэнтра гасцей знаёміць намеснік дырэктара прадпрыемства па вытворчасці Сяргей Арсеньевіч Бузёнак (злева).

Пазаўчора наш раён наведала міністр працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь Марыяна Акіндзінаўна Шчоткіна. Разам з ёй у паездцы ўдзельнічаў старшыня камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Мікалаевіч Хрыстафораў. Суправаджалі гасцей старшыня райвыканкама Віктар Сяргеевіч Гутараў і начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Пётр Леанідавіч Курто.

Першым месцам наведвання стала         будаўнічая          пляцоўка філіяла Пастаўскага мэблевага цэнтра па вытворчасці паркетнай дошкі. Работы тут пачаты ў мінулым годзе і вядуцца хуткімі тэмпамі. Праект фінансуецца за кошт уласных сродкаў і доўгатэрміновых крэдытаў. Запланаваная вытворчая магутнасць — 25 тысяч квадратных метраў паркетнай дошкі ў месяц. Будынак цэха ўзведзены і ўражвае памерамі. Летам пачнецца пастаўка абсталявання, а да канца года плануецца запуск у дзеянне. Гэта дасць магчымасць забяспечыць рост вытворчасці прамысловай прадукцыі па індэксе фізічнага аб’ёму, павялічыць экспарт прадукцыі.

Чарговы аб’ект візіту — адно з буйнейшых прадпрыемстваў раёна — Пастаўскі мэблевы цэнтр. Яго вытворчыя плошчы складаюць больш за 10 гектараў. На працягу амаль 15 гадоў ПМЦ займаецца вытворчасцю дзвярэй.  Асноўная спецыялізацыя — міжпакаёвыя з каштоўных парод драўніны — сасны, вольхі, дубу. У месяц іх выпускаюць каля 15 тысяч штук. Пастаянна павышаецца якасць, распрацоўваюцца новыя мадэлі, расшыраюцца асартымент і рынкі збыту, у асноўным — на экспарт. Намеснік дырэктара прадпрыемства па вытворчасці Сяргей Арсеньевіч Бузёнак азнаёміў гасцей з работай цэхаў падрыхтоўкі, склейвання, фарбавання, упакоўкі. Міністр цікавілася рэнтабельнасцю вытворчасці, якасцю сыравіны і прадукцыі, прымяненнем новых тэхналогій, ходам мадэрнізацыі, геаграфіяй рынкаў збыту, умовамі працы. І засталася задаволеная ўбачаным і пачутым. Працэс мадэрнізацыі на ПМЦ ідзе ў правільным кірунку, што спрыяе павелічэнню вытворчасці канкурэнтаздольнай прадукцыі, змяншэнню яе сабекошту. Ад гэтых фактараў залежаць прыбытак прадпрыемства і адпаведна заработная плата работнікаў, якіх тут налічваецца амаль 700 чалавек.

М. А. Шчоткіна падчас наведвання аддзялення дзённага знаходжання.

Вельмі цёплым і душэў        ным было знаёмства гасцей з аддзяленнем дзённага знаходжання для грама­дзян пажылога ўзросту тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Перад уваходам у будынак міністра сустракалі начальнік упраўлення сацыяльнай падтрымкі насельніцтва і стацыянарных устаноў камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне аблвыканкама Вера Мікалаеўна Астапенка, дырэктар тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дзіяна Іванаўна Пякарская, работнікі сацыяльнай сферы раёна, наведвальнікі. Ад імя прысутных М. А. Шчоткінай уручылі каравай, гасцей песнямі вітаў народны хор ветэранаў  пад кіраўніцтвам Паўла Пятровіча Рагіні. Зацікавіў расказ Дзіяны Іванаўны Пякарскай пра работу аддзялення і паслугі, якія тут  аказваюцца.

Аддзяленне адкрылася восенню мінулага года. На яго абуладкаванне зрасходавана каля 3 мільярдаў рублёў. У памяшканні былога кабельнага ўчастка, якое доўгі час пуставала, пры падтрымцы абласнога камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне, з дапамогай раённай улады, мясцовых прадпрыемстваў і арганізацый, прыватных прадпрымальнікаў устаноўлена найноўшае абсталяванне ў трэнажорнай зале, кабінетах масажу і ароматэрапіі, па-сучаснаму аснашчаны камп’ютарны клас, пакоі для адпачынку і заняткаў у розных гуртках, добра­ўпарадкавана прылеглая тэрыторыя. У аддзяленні працуюць вопытныя спецыялісты, якія прадэманстравалі міністру цікавую работу, наватарскія падыходы да яе, творчасць пры стварэнні розных вырабаў. Людзям тут цікава, яны займаюцца не толькі любімымі справамі, але і асвойваюць новае  хобі, адчуваюць сябе запатрабаванымі, што вельмі важна ў так званым “трэцім узросце”, знаходзяць аднадумцаў. Энергічныя, жыццярадасныя, з пачуццём гумару і аптымізму яны былі і ў гэты дзень. Дзякавалі за ўвагу, створаныя ў аддзяленні ўмовы, за тое, што маюць магчымасць рэалізаваць сябе. Асаблівае захапленне ў міністра выклікалі карціны з каляровых стужак кіраўніка гуртка дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва Таццяны Сабецкай.  Адну з іх майстрыха падарыла Марыяне Акін­дзінаўне.

— Я рэгулярна выязджаю ў раённыя цэнтры, наведваю прадпрыемствы краіны, — гаварыла, падводзячы вынікі візіту М. А. Шчоткіна. — Паўсюдна ёсць праблемы з працаўладкаваннем. Не выключэнне і Паставы. І тое, што будзе запушчаны новы цэх па выпуску паркетнай дошкі на 80 новых рабочых месцаў, радуе. У вас паспяхова развіваюцца прадпрымальніцтва, сярэдні і малы бізнес. На высокім узроўні сацыяльная сфера. Пастаўскі тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва з’яўляецца адным з буйнейшых у Віцебскай вобласці. Тут удала апрабоўваюцца новыя формы і метады работы з пажылымі людзьмі, рэалізуецца мноства крэатыўных праектаў. І робіцца гэта з нейкай асаблівай іскрынкай. Адчуваецца зладжаная, скаардынаваная работа мясцовай улады і грамадскасці. Пахвальна, што новыя праекты падтрымлівае старшыня райвыканкама, дапамагае іх укараняць. Узаемаразуменне і цесная зацікаўленасць прыносяць станоўчы вынік.

Тэкст і фота

Анны АНІШКЕВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.